15 лiстапада 2024, Пятніца, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атрошчанкаў: «Падумайце, ці варта выконваць злачынныя загады»

80
Атрошчанкаў: «Падумайце, ці варта выконваць злачынныя загады»

(абноўлена) Лябедзька, Атрошчанкаў і Калякін правялі прэс-канферэнцыю, на якой распавялі падрабязнасці свайго затрымання ў Оршы.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў таксама заклікаў падтрымаць праваабаронца Валера Шчукіна, які быў учора затрыманы ў будынку суду.

«Рашэнне аб правядзенні прэс-канферэнцыі далося няпроста. Бо ў Оршы праходзіць суд над Валерам Шчукіным, арыштаваным за тое, што выступаў у нашую падтрымку. Першым жаданнем было, вядома, паехаць у Оршу, але мы вырашылі, што правёўшы прэс-канферэнцыю, зможам прыцягнуць больш увагі да выпадку Шчукіна. Бо менавіта ўвага прэсы адыграла ключавую ролю ў тым, што мы сёння тут, а не за кратамі. Ды і без пашпартоў нас не пусцяць у будынак суду. Таму я прашу журналістаў падтрымаць Валера Аляксеевіча», - сказаў Атрошчанкаў.

«Тое, што адбылося, не было нейкай нечаканасцю для нас, - сказаў Аляксандр, - ехалі, цалкам усведамляючы рызыку. Але, лічу, той рэзананс, які атрымала нашае затрыманне, не быў бы дасягнуты і дзесяццю паездкамі ў Брусэль. Нашая непрысутнасць там сказала больш, чым, магчыма, прысутнасць, так што інфармацыйна ўлады прайгралі, вельмі ускладніўшы сабе жыццё ў Еўропе».

Акрамя таго, Атрошчанкаў узгадаў аб выпадку 2004 года, калі ён таксама быў зняты з цягніка ва Украіне разам са Зміцерам Бандарэнкам, Уладам Кобецам і Зміцерам Бародкай.

«У маім жыцці гэта другі падобны выпадак. Упершыню нас знімалі з цягніка на станцыі Рэпкі ва Украіне. Гісторыі былі падобныя як кроплі вады, толькі замест наркотыкаў «шукалі» выбухоўку. Але ўсё было зроблена вельмі жорстка. Зміцеру Бандарэнку тады зламалі руку, збілі Зміцера Бародку. Тады таксама брудную працу па загадзе зверху рабілі звычайныя міліцыянты. Ужо праз некалькі месяцаў сітуацыя змянілася, і была заведзеная крымінальная справа. Замоўцаў, вядома, не знайшлі, былі пакараныя сляпыя выканаўцы. Мы ездзілі на апазнанне супрацоўнікаў міліцыі. Людзі ў пагонах маёраў і падпалкоўнікаў плакалі як дзеці і прасілі не ламаць ім жыццё, тлумачылі, што яны толькі выконвалі загад... Таму я звяртаюся да ўсіх беларусаў, якія падтрымліваюць рэжым. Як аднойчы сказала Ірына Халіп, халуй - праца цяжкая, але добраахвотная. За свае злачынствы будуць несці адказнасць усе - і амапаўцы і нянечкі, якія адбіралі ў бацькоў маленькага Данілу Саннікава. Падумайце, ці вартыя тыя, хто аддае злачынныя загады, вашых паламаных жыццяў», - сказаў Атрошчанкаў.

Анатоль Лябедзька заявіў, што затрыманне апазіцыйных палітыкаў было спецыяльнай аперацыяй, арганізаванай самім Лукашэнкам.

«Гэта правакацыя, арганізаваная самім Лукашэнкам. Спецаперацыя працягваецца, нам да гэтага часу не аддалі пашпарты», - сказаў Лябедзька.

Па словах Сяргея Калякіна, зняцце з цягніка было абсалютна незаконным. Кожны з трох палітыкаў панёс страты на 7 мільёнаў рублёў, перадае «Радыё Свабода».

«У нас былі скрадзеныя пашпарты, іх выкралі ў міліцыі», - сказаў Калякін.

Палітыкі заявілі, што будуць абскарджваць бессэнсоўнае рашэнне суда, дамагацца грашовай кампенсацыі за квіткі да Брусэля і спрабаваць вярнуць пашпарты.

Лідары апазіцыі таксама падалі ва Упраўленне ўнутраных спраў на транспарце (УУСТ) Оршы заявы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з крадзяжом дакументаў.

Нагадаем, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін былі знятыя з цягніка Менск - Масква ў Оршы ў ноч з 27 на 28 сакавіка. З расейскай сталіцы яны планавалі вылецець у Брусель. Спачатку супрацоўнікі мытні заявілі, што апазіцыянеры падазраюцца ў транспартоўцы наркатычных сродкаў, пазней стала вядома, што іх вінавацяць у дробным хуліганстве, нібыта здзейсненым у цягніку. Чакалася, што затрыманых асудзяць ў судзе Оршы і Аршанскага раёна ў той жа дзень, але працэсы без тлумачэння прычын перанеслі на 29 сакавіка. Увесь гэты час Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў знаходзіліся ў ІЧУ ў Оршы.

29 сакавіка палітыкаў судзілі за «дробнае хуліганства». Суд аштрафаваў кожнага падсуднага на 350 тысяч рублёў (10 базавых велічынь). Больш за тое, пасля вызвалення ім не вярнулі пашпарты.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках