27 снежня 2024, Пятніца, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюзнага актывіста звальняюць за інтэрв'ю

11
Прафсаюзнага актывіста звальняюць за інтэрв'ю

З сябрам Свабоднага прафсаюза Беларускага, электрыкам Мікалаем Расюком упраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама не будзе працягваць працоўных адносінаў.

Фармальная прычына - заканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. Актывіст дапрацоўвае апошнія чатыры дні, перадае «Радыё Свабода».

«Вы ж добра ведаеце, якія справы ў будаўніцтве зараз. А я такі чалавек, што маўчаць не буду. Інтэрв'ю я даваў аб стане будаўніцтва. Вось гэта ўсё і паўплывала на рашэнне аб маім звальненні. Мяне ж добра ведаюць. Ім не патрэбны такі чалавек. Мяне нядаўна перавялі на іншую працу. Ранейшая арганізацыя «Інвестсістэм» рассыпалася. Яе расфарміравалі, даўгі павесілі на ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. У ім я адпрацаваў месяцаў пяць. Цяпер буду беспрацоўным. Буду лекаваць сваё здароўе. Новае начальства, мусіць, ведала аб маім здароўе, але ж маглі і іншую працу прапанаваць», - кажа Расюк.

Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва звальненне Мікалая Расюка тлумачаць вытворчай неабходнасцю.

«Па рашэнні Магілёўскага гарвыканкама арганізацыю, дзе працаваў Расюк, далучылі да нашай арганізацыі. Мы ўзялі ўсіх людзей, якія там працавалі. У нас для яго няма працы. Наогул, усе людзі, якія там былі, дапрацоўваюць да канца кантрактаў і ўсе будуць сыходзіць. Мы ж іх не можам без іхняй згоды звольніць раней, чым кантракт скончыцца. Больш ні з чым звальненне гэтае не звязанае. Нам электрык толькі адзін патрэбны. Мы выконваем функцыю замоўцы, але не будаўніка. Так атрымалася. Гэта ж не маё рашэнне», - тлумачыць сітуацыю са звальненнем Расюка прадстаўнік адміністрацыі упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Да пенсіі Мікалаю Расюку засталося тры гады. Ён ліквідатар-чарнобылец. Некалькі разоў спрабаваў ад імя апазіцыйных арганізацый выступіць на афіцыйным чарнобыльскім мітынгу. Гарвыканкам слова яму не даваў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках