27 снежня 2024, Пятніца, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэракт у метро: мінуў год

94

Вынік: 15 чалавек загінулі, амаль 400 пацярпелі, яшчэ двое - расстраляныя.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся 11 красавіка ў 17.56. Пятнаццаць чалавек загінулі, 387 - атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. І сам тэракт, і яго расследаванне атрымалі шырокі грамадскі рэзананс.

Ужо праз суткі пасля тэракту, увечары 12 красавіка, былі затрыманыя падазраваныя, 25-гадовыя выхадцы з Віцебску Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя абвінавачвання ў здзяйсненні выбуху ў метро пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску ўвосень 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008-га.

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання абгаварыў сябе і Канавалава пад ціскам следства. 30 лістапада суд прысудзіў іх да вышэйшай меры пакарання - смяротнага пакарання. Канавалава прызналі вінаватым у тэрарызме, Кавалёва - у дапамаганні тэрарызму і неданясенні аб падрыхтоўцы злачынства, нагадвае БелаПАН.

Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Канавалаў, паводле афіцыйных дадзеных, прашэнне не падаваў.

Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства здзейсненых актаў тэрарызму».

Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжаная. Тым не менш як 17 сакавіка стала вядома, што абодва смяротныя прысуды прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб смерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.

Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны паказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне абвінавачаных у тэракце, што, на іхнюю думку, выглядае падазрона.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь - адзіную ў Еўропе краіну, дзе да гэтага часу прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды - увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Сёння ў Менску пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах тэракту. У 17.50 ля ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая» будзе адкрыты памятны знак. У гэты ж час каля храма ў гонар Усіх Святых у памяць аб бязвінна забітых пройдзе мітынг-рэквіем, а ў крыпце храма запланавана адкрыць дошку памяці і адслужыць паніхіду.

Ускласці кветкі да месца трагедыі плануюць моладзевыя актывісты з 19.00 да 20.00. «11 красавіка 2011 года застанецца ў памяці абсалютнай большасці беларусаў як дзень трагедыі, як дзень бессэнсоўнага забойства людзей, - сказана ў заяве васьмі моладзевых апазіцыйных арганізацый. - І хоць «тэрарысты» былі знойдзеныя, асуджаныя і расстраляныя менш чым праз год, пытанняў у грамадстве засталося куды больш, чым адказаў».

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках