16 лiстапада 2024, Субота, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін даражэў, даражэе і будзе даражэць

92
Бензін даражэў, даражэе і будзе даражэць

Беларусь пажынае вынікі інтэграцыйных схем супрацоўніцтва з Расеяй.

У ноч на 11 красавіка канцэрн «Белнафтахім» выставіў новыя кошты нафтапрадуктаў.  Бензін АІ-92 і АІ-95, а таксама дызпаліва падаражэлі ў сярэднім на 5%, бензін «Нармаль-80» - на 6%. Гэта другое павышэнне з пачатку года і, як мяркуюць спецыялісты, не апошняе - у мінулым годзе кошты паліва павялічваліся 11 разоў. У адрозненне ад леташніх пратэстаў аўтааматараў, у гэтым годзе акцый незадаволенасці не было і пакуль не прагназуецца, перадае «Радыё Свабода».

Ад 11 красавіка кошт літру бензіну «Нармаль-80» склаў 6050 рублёў, АІ-92 — 6300 рублёў, АІ-95 — 6800 рублёў. Самай дарагой застаецца салярка — 6950 рублёў, хоць у папярэднія гады менавіта дызпаліва было самым даступным, чаму беларусы і стараліся набываць перадусім дызельныя аўтамабілі. З улікам сакавіцкага падаражэння кошты ад пачатку году ў сярэднім павялічыліся на 10%. Між тым, на думку дырэктара Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціна Лопана, цяперашні крок «Белнафтахіму» не зусім лагічны:

«Пакуль не аналізаваў глыбока сытуацыю, каб з нечым параўнаць і ўбачыць нейкую стратэгію. Але на першы погляд падаражэнне падаецца дзіўным: даляр стаіць на месцы, нафта не даражэе, сыравіны для перапрацоўкі нашым нафтаперапрацоўчым заводам нібыта хапае — расейская пайшла валам. То бок усё спакойна, стабільна. З іншага боку, натуральна, што ў Адзінай эканамічнай прасторы нехта будзе ў ролі таго, хто прайграе, трэба будзе насуперак выгодам дамаўляцца наконт агульных коштаў. Таму што калі мяжы няма, то, каб не было памежнага трафіку з Расеяй пры перавозцы нафтапрадуктаў, давядзецца біць рублём. У нас такое ўжо было, калі ўрад быў вымушаны прымаць меры на мяжы з Расеяй па вывазе паліва. Таму, канечне, у гэтым сэнсе будуць нешта рабіць».

Аўтааматары адрэагавалі на чарговае падаражэнне стрымана. Актывісты праваабарончых аўтамабільных рухаў кажуць, што пік пратэстнай актыўнасьці мінуў, людзі ў апатыі, дый кошты пасля дэвальвацыі яшчэ не крытычныя. Кульмінацыяй нязгоды з палітыкай коштаўтварэння стала акцыя «Стоп-бензін» 7 чэрвеня 2011 году, калі кошты на АЗС выраслі адразу на 30%. Больш за паўтары тысячы аўтамабіляў заблакавалі цэнтр Менску, што вымусіла ўлады тэрмінова перагледзець рашэнне. Праз дзень Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў вярнуць кошты назад. Праўда, адкруцілі цэннікі ўсё ж не на траціну, а ў сярэднім на 18%. Сёння на аўтазалівачных станцыях не было адзінства ў меркаваннях што да росту коштаў паліва:

«Ды пакуль нармальна, нічога страшнага. Інфляцыя ж мае месца, пра што тут асабліва гаварыць? І што рабіць — увогуле не запраўляцца, ездзіць грамадзкім транспартам? У мяне такая праца, што ўвесь час за рулём. Пакуль можам сабе дазволіць, будзем ездзіць. А хто не можа, хай больш працуе і зарабляе», - кажа кіроўца «Мэрсэдэса».

Кіроўца «Шэўрале» не пагаджаецца: «Я надзвычай, скрайне незадаволены. І перадусім тым, што ідзем на повадзе ў Расеі. Гэта ж абсурд: краіна вялікая, здабывае нафту, а бензін даражэйшы, чым у краінах, куды яна яго экспартуе. І мы таксама чамусьці павінныя цягнуцца за гэтымі коштамі. Вельмі абураны, хоць станавіся і ўвогуле нікуды не едзь. Надакучыла кожны месяц бачыць новы цэннік».

Эксперт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак кажа, што Беларусь пажынае вынікі інтэграцыйных схем супрацы з Расеяй. Насамрэч, на думку суразмоўцы, гэтыя пражэкты прадугледжваюць нішто іншае, як уніфікацыю беларускай эканамічнай мадэлі пад расейскія стандарты. Апроч таго, Расея ўдала карыстаецца супярэчнасцямі паміж Беларуссю і Еўразвязам, усё шчыльней прыхіляючы да сябе саюзніка:

«Масква захоплівае ня сілай, а нейкімі іншымі шляхамі. Хоць насамрэч гэта ўсё роўна захоп, і Беларусь фактычна ўжо пераўтвораная ў калонію Расеі. Ідзе захоп эканамічнымі шляхамі, культурнымі шляхамі. Сёння ўжо ўсе прыкметы калоніі ёсць: гэта і забарона беларускай мовы, гэта і забарона беларускай гісторыі з культурнага гледзішча. З эканамічнага боку — гэта захоп беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, уключна з дзяржаваўтваральнымі прадпрыемствамі. Гэта захоп беларускай інфраструктуры. Ды фактычна войска беларуская ўжо пад Масквой. Каго яно абараняе? Тэндэнцыя ўсім відавочная. Таму можна казаць хіба пра тое, што яшчэ ім засталося зрабіць. Засталося толькі дэ-юрэ ўсё гэта зафіксаваць».

Кіраўніцтва «Белнафтахіму» тлумачыць, што чарговая карэкціроўка зробленая ў мэтах паэтапнага выраўноўвання коштаў тавараў і паслугаў у краінах Мытнага саюзу і дзеля павелічэння эфэктыўнасці працы НПЗ. З улікам, што кошты на некаторыя гатункі бензінаў у Беларусі ніжэйшыя за расейскія амаль на 20%, мэханізм выраўноўвання досыць прадказальны.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках