25 снежня 2024, Серада, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Тое, што зрабілі з маёй сям'ёй, гэта жах

127
Андрэй Саннікаў: Тое, што зрабілі з маёй сям'ёй, гэта жах

(абноўлена) У Менску адбылася прэс-канферэнцыя палітвязняў Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі.

Напачатку прэс-канферэнцыі ў памяшканні Беларускага прафсаюза РЭП Андрэй Саннікаў паведаміў, што раніцай яго выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Судзімасць з яго не будзе знятая на працягу 8 гадоў.

«Толькі што я выйшаў з Першамайскага РУУС, куды быў выкліканы для пастаноўкі на прафілактычны ўлік. Прапанавалі падпісаць дакумент, што я азнаёмлены з працэдурамі, якія мяне чакаюць. У выпадку нейкіх адміністрацыйных правапарушэнняў будзе ўсталяваны нагляд і так далей. Судзімасць застаецца ў мяне на працягу 8 гадоў. Я раней не сутыкаўся з такімі працэдурамі, але гэта кажа пра тое, якога характару гэта было памілаванне. Там мяне запэўнілі, што ніякіх абмежаванняў на выезд па законе не ўсталёўваецца ў гэтым выпадку, але прапанавалі зайсці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, каб удакладніць гэтае пытанне», - сказаў палітык.

Палітвязень паведаміў, што напісаў хадайніцтва аб памілаванні, каб спыніць правакацыі і ціск. Але падкрэсліў, што «віны» сваёй не прызнаваў:

«Я напісаў, гэта называецца не прашэнне, а хадайніцтва аб памілаванні. Зрабіў я гэта свядома і каментаваць больш не буду. Адзінае, што магу сказаць, што віны я не прызнаваў, хоць быў велізарны ціск, каб я гэта зрабіў. Ціск быў у калоніі, падрабязней пра гэта я казаць не магу. Хадайніцтва я напісаў, каб спыніць ціск і правакацыі, якія былі. Падпісаў таму што ў пэўны момант зразумеў, што справа не ў памілаванні».

«Са мной маглі б адбыцца дастаткова сур'ёзныя рэчы, ажно да фізічнага знішчэння. Пачалася ізаляцыя, я прасіў даць мне патэлефанаваць, паведаміць адвакату пра тое, што напісаў такое прашэнне. Але гэтая ізаляцыя працягвалася, мяне трымалі ў камеры-адзіночцы. У снежні мяне перавялі ў атрад, а потым зноў вярнулі ў адзіночку. Псіхалагічна гэта дзейнічала вельмі моцна», - сказаў Саннікаў

«У «Віцьбе» ў мяне быў рэжым поўнай ізаляцыі. Нават вітацца са мной было небяспечна. Калі хтосьці вітаўся, яго выклікалі да адміністрацыі, пагражалі пазбавіць ўмоўна-датэрміновага вызвалення», - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб будучых парламенцкіх выбарах, кандыдат у прэзідэнты сказаў: «Не думаю, што можна казаць аб удзеле ў выбарах на тых умовах, якія існуюць зараз. У нас безальтэрнатыўныя выбары. І пакуль Ярмошына будзе кіраваць ЦВК, вольных выбараў у Беларусі не будзе. Думаю, што байкот, калі ёсць магчымасць данесці людзям інфармацыю аб тым, што трэба мяняць у краіне, быў бы лагічным. Арганізацыя байкоту запатрабуе нашмат больш актыўнай дзейнасці, чым удзел у выбарах».

Аб далейшай палітычнай дзейнасці Саннікаў сказаў:

«Я думаю, як жыць далей. Тое, што зрабілі з маім асабістым жыццём і жыццём маёй сям'і, гэта проста жах. Я да гэтага часу быў у эйфарыі, але сёння пасля візіту ў міліцыю яна знікла. Але мне неяк трэба паспрабаваць вярнуць жыццё. А потым будзем разам з жонкай і сынам вырашаць».

Аб іншых палітвязняў Саннікаў сказаў: «Усе палітвязні павінныя быць вызваленыя. Мы патрабуем іх вызвалення. Калі ўлады гэта зробяць, ім будзе дадзеная станоўчая адзнака і ў Беларусі, і свеце.

Я бачыў Каваленку ў турме, ён жудасна выглядае. Яго трэба тэрмінова вызваляць. Усё, што заўгодна зараз можа адбыцца з ім і іншымі палітвязнямі, трэба тэрмінова прымаць рашэнне аб іх вызваленні з меркаванняў гуманнасці.

Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, яны ў цяжкім становішчы. Усё, што заўгодна можа з імі здарыцца, улічваючы мой досвед. Калі нехта, хто можа прыняць гэтае рашэнне, насамрэч мяне чуе і сапраўды здольны прыняць рашэнне з меркаванняў гуманнасці, то гэта трэба зрабіць тэрмінова».

Аб уроках падзей 19 снежня 2010 года Саннікаў казаць не гатовы. Кажа, што пра гэта было цяжка думаць у турме. «Гэта быў момант вялікага ўздыму духу і азарэння, які камусьці захацелася ператварыць у трагедыю».

«Урокі трэба рабіць з гэтага тым, хто хоча жыць у нармальнай краіне», - сказаў кандыдат у прэзідэнты.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка распавёў пра турэмныя умовы:

«Мае ўмовы ўтрымання ў турме былі іншымі, не такімі, як у у Саннікава. У «амерыканцы» першыя 2 месяцы было досыць жорстка, я ведаў, што ў Андрэя ўмовы былі значна горшыя.

Ніякай законнасці не было, былі пагрозы згвалтавання, калецтва. Але тое, што было з Андрэем - гэта быў акт вялікай драмы, - сказаў палітвязень. - Саннікаў быў кандыдатам у прэзідэнты і паспяховым кандыдатам у прэзідэнты. Я і ў калоніі ведаў, што на ўчастках, дзе быў падлік, колькасць галасоў за Саннікава была вельмі значнай. Першыя месяцы ў СІЗА КДБ было вельмі жорстка, але я перасякаўся з людзьмі, якія сядзелі з Саннікавым, і ведаў, што ў Андрэя ўмовы былі значна больш жорсткім. Гэта быў акт найвялікай драмы. Я сам не ведаю, як бы сябе паводзіў, калі б у суседняй камеры сядзела мая жонка, а ў турме кіравалі «маскі». Ніякай законнасці не было ўвогуле. Пагрозы згвалціць, пагрозы пакалечыць. У нас было адключанае тэлебачанне, а потым загадалі, тэлевізары ўключыць і паказалі сюжэт пра тое, як Даніка хочуць забраць у бабулі. На ўсю Беларусь абвясцілі: вось ваш кандыдат, мы можам яго крыжаваць, зрабіць з ягонай жонкай, з ягоным сынам усё, што заўгодна. Гэта быў акт найвялікай драмы. Былі спробы ціску на мяне і спробы вярбоўкі. Я сказаў прама, што ёсць межы, якія я пераходзіць не буду, я проста здзейсню самазабойства.

Гэта было ўсвядомленае рашэнне. Я каталік, але былі выпадкі, калі байцам каталіцкіх войскаў касцёл дазваляў здзяйсняць самагубства ў выпадках, калі яны трапляюць у палон і могуць даць паказанні на сваіх сяброў. У мяне такое рашэнне было. Я яго заўсёды артыкуляваў, таму гэта мне стварыла пэўны калідор».

Бандарэнка адзначыў, што ў турмах знаходзіцца велізарная колькасць людзей, асуджаных нібыта за эканамічныя злачынствы.

«Былі прадпісанні ў турме не мець зносіны са мной. «Мы - «палітычныя», мы сіла, за нас б'юцца, - так я казаў «эканамічным». Калі б і за вас біліся, мы былі б сілай». Вызваліце гэтых людзей, краіна без іх задыхаецца. Калі не можаце вызваліць «палітычных», выратуйце «эканамічных». Сёння тысячы і тысячы людзей з'язджаюць на працу за мяжу, а людзі, якія маглі прынесці карысць краіне, сядзяць у быдлячых умовах невядома за што. Сёння быць беларусам вельмі небяспечна. Калі вы беларус, то верагоднасць сесці за краты ў 2-3 разы вышэйшая чым у Расеі, Украіне, у дзесяткі разоў вышэйшая, чым у Еўропе. Быць чыноўнікам таксама небяспечна, як і ў 1937-м. Сёння Беларусь пакрытая сеткай турмаў і канцлагераў, - сказаў Зміцер Бандарэнка. - Беларусь сёння пакрытая сеткай канцлагераў і турмаў. Гэта дзікае відовішча для 21-га стагоддзя. Тысячы людзей халодных і галодных. Калі я быў у медыцынскай частцы, за гэты час памерла 12 чалавек. За 10 гадоў турэмная сістэма Беларусі перамалола дзесяткі тысяч людзей».

Па завяршэнні прэс-канферэнцыі Андрэй Саннікаў яшчэ раз усім падзякаваў за салідарнасць і падтрымку: «Гэта было вельмі важна - адчуваць падтрымку. Асобна хачу падзякаваць зняволеным калоніі «Віцьба», якія падтрымалі мяне, рызыкуючы страціць шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Я адчуваў сур'ёзную падтрымку супрацоўнікаў КДБ і МУС, якія сядзелі ў «зоне».

Зміцер Бандарэнка выказаў падзяку Беларускай асацыяцыі журналістаў, старшыні гэтай арганізацыі Жане Літвіной, журналістам.

Фота «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 127

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках