15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветная прэса пра вызваленне палітвязняў

33
Сусветная прэса пра вызваленне палітвязняў

Вядучыя сусветныя СМІ напісалі пра выхад на волю Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі.

Афіцыйна пакуль не было названа прычыны памілавання абодвух апазіцыянераў. Падтрымка Лукашэнкі ў народзе прыкметна скарацілася на фоне цяжкага эканамічнага крызісу ў краіне і ўзмацнення жорсткасці санкцый з боку Еўрапейскага звяза. Захад неаднаразова заклікаў Лукашэнку вызваліць усіх палітычных зняволеных, піша Sueddeutsche Zeitung. Па меркаванні выдання, абвяшчаючы амністыю Саннікаву і Бандарэнку, Лукашэнка спрабуе пазбегнуць далейшых санкцый ЕЗ.

Саннікаў быў адным з самых папулярных кандыдатаў ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, нагадвае Independent. Пасля выбараў Лукашэнка ў адказ на акцыі пратэсту распачаў ганенні: «сотні арыштаў, шырокае ўжыванне катаванняў, турэмнае зняволенне амаль усіх супернікаў Лукашэнкі на выбарах».

«На мяне звярталі асаблівую ўвагу, я лічу, што супраць мяне арганізавалі спецаперацыю, каб дыскрэдытаваць мяне і стварыць мне цяжкае жыццё ў турме», - сказаў Саннікаў у інтэрв'ю газеце. «Значную частку тэрміну мяне трымалі ў адзіночным зняволенні, але калі мяне перавялі ў апошнюю турму, там было забаронена са мной размаўляць. Калі са мной нехта загаворваў - проста загаворваў, я не хачу сказаць, спрабаваў падтрымаць ці неяк праявіць салідарнасць - яго неадкладна пераводзілі ў горшыя ўмовы ці ў іншую калонію», - дадаў Саннікаў.

Урад змясціў з Андрэем Саннікавым ў турме некалькіх правакатараў, якія спрабавалі зламаць ягоны дух і вымусіць яго пайсці на самагубства, піша агенцтва Reuters.

«Я ўпэўнены, што мяне падштурхоўвалі да самагубства - тое, што адбывалася, было арганізавана рафінаванымі садыстамі, якія добра разбіраліся ў псіхалогіі зняволеных і ведалі, што адбываецца ў маёй душы», прыводзіць агенцтва словы Саннікава.

Прысуджаны ў мінулым годзе да пяці гадоў турмы за ўдзел у пратэстах супраць спрэчнага перавыбрання Лукашэнкі прэзідэнтам у 2010 годзе, ён распавёў, што яго сем разоў пераводзілі ў розныя турмы.

«Вызваленне палітвязняў зараз з'яўляецца абсалютным прыярытэтам», - заявіў Саннікаў. «Мы не ведаем, што з імі адбываецца».

Праваабарончыя групы заяўляюць, што ўрад працягвае ўтрымліваць 15 чалавек выключна па палітычных прычынах.

У інтэрв'ю Die Presse Андрэй Саннікаў выказаў надзею на тое, што і астатнія апазіцыянеры выйдуць на волю. «Канкрэтных сведчанняў гэтага пакуль няма. Але я дакладна ведаю, што я і мой калега Зміцер Бандарэнка падпісвалі прашэнне аб памілаванні і фармальна павінныя былі выйсці першымі на волю. Не ведаю, ці падпісвалі просьбы іншыя». Каментуючы словы сваёй жонкі аб тым, што прашэнне было падпісанае ім пад уздзеяннем пагроз на адрас сям'і, Саннікаў кажа толькі аб тым, што падпісаў дакумент «свядома». І зрабіў гэта яшчэ ў лістападзе, пасля чаго яго яшчэ 3 месяцы пратрымалі ў ізалятары ў няпростых умовах.

«Я не сумняюся, што гэта стала магчымым толькі дзякуючы ціску з боку ЕЗ. Іншых аргументаў рэжым не прызнае», - лічыць апазіцыянер. Па ягоных словах, ЕЗ і надалей варта прытрымлівацца той жа тактыкі. «І толькі тады, калі ўсе апынуцца на волі, можна будзе казаць аб змякчэнні санкцый».

Адзін з найвялікшых герояў нашага часу, Андрэй Саннікаў, галоўны апанент Аляксандра Лукашэнкі на выбарах у Беларусі ў снежні 2010 года, быў кінуты за краты па сфабрыкаваных абвінавачваннях, а ў мінулую у суботу быў вызвалены, піша Foreign Policy.

ЗША і Еўропа захоўваюць санкцыі супраць Беларусі на працягу некалькіх гадоў. Магчыма, Лукашэнка выкарыстоўвае вызваленне Саннікава як манёўр, накіраваны на зняцце санкцый, мяркуе выданне.

«Лукашэнка кіруе краінай як марыянеткавай дзяржавай, зыходзячы з самых нізкіх інстынктаў і прымхаў Уладзіміра Пуціна», - сцвярджае аўтар артыкула. На ягоную думку, «вольная Беларусь, верагодна, хацела б такой жа знешняй і эканамічнай палітыкі, як у Казахстана, - з магчымасцю ўступаць ва ўзаемадзеянне і вольна балансаваць паміж Еўропай, ЗША і Расеяй, а не функцыянаваць як даччынае прадпрыемства, якое знаходзяцца ў поўнай уласнасці Расеі».

У сярэднетэрміновай перспектыве лепшым зыходам для Лукашэнкі было б не балатавацца яшчэ на адзін тэрмін у 2014 годзе, а шукаць прытулку ў Маскве, дазволіўшы правесці ў Беларусі дэмакратычныя выбары, піша Foreign Policy.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках