16 лiстапада 2024, Субота, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы візіт Пуціна - у Менск

77
Першы візіт Пуціна - у Менск

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на новай пасадзе зробіць свой першы замежны візіт у Беларусь.

Пра гэта стала вядома газеце «Коммерсантъ». Раней у Крамлі паведамлялі пра тое, што Пуцін мае намер наведаць «адну з постсавецкіх краін».

Масква вырашыла хаця б часткова нейтралізаваць негатыўны эфект ад адмовы Уладзіміра Пуціна ўдзельнічаць у саміце «васьмёркі» ў Кэмп-Дэвідзе, піша «Коммерсантъ». Як стала вядома выданню, высокапастаўлены прадстаўнік МЗС РФ прыме ўдзел у адмысловай сустрэчы па Афганістане, якая будзе складовай часткай маючага адбыцца саміту НАТА ў Чыкага, хоць яшчэ нядаўна ў Маскве не спяшаліся прымаць запрашэнне натаўцы. Замест паездкі ў ЗША прэзідэнт РФ сваім першым замежным візітам наведае Беларусь.

У пачатку чэрвеня Уладзімір Пуцін павінен прыняць удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Па шляху ў Пекін ён павінен быў заехаць у Казахстан. Меркавалася, што гэта і будзе першым замежным візітам Пуціна, які ў трэці раз уступіў на пасаду прэзідэнта. Верагодна, цяпер гэтае рашэнне памянялася, і перад самітам кіраўнік дзяржавы паспее наведацца ў Менск.

Раней Уладзімір Пуцін адмовіўся ад удзелу ў саміце G8 у Кэмп-Дэвідзе ў ЗША, так як у гэты час у краіне будзе адбывацца працэс фарміравання ўрада. Замест яго на сустрэчу з сусветнымі лідэрамі адправіцца прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Нагадаем, Уладзімір Пуцін адразу пасля ўступлення на пасаду заявіў, што прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі для Расеі з'яўляецца інтэграцыя з краінамі Садружнасці.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках