25 снежня 2024, Серада, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецслужбы трапляюць у кватэры, як бандыты

63
Спецслужбы трапляюць у кватэры, як бандыты

Актывісты заяўляюць пра ўсё больш частыя выпадкі таемнага пранікнення ў іхнія дамы невядомых асоб.

Яны падазраюць у гэтых незаконных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў. Спробы завесці крымінальныя справы на невядомых зламыснікаў пакуль безвыніковыя, перадае «Радыё Свабода».

У арандаваную актывістамі «Маладога фронту» кватэру ў Менску пранік невядомы ці невядомыя. Акрамя слядоў ператрусу, маладафронтаўцы адзначылі знікненне агітацыйных матэрыялаў. Паводле намесніцы старшыні «Маладога фронту» Анастасіі Палажанка, гэта не быў афіцыйны візіт праваахоўнікаў у межах нейкай крымінальнай ці адміністрацыйнай справы. Актывістка падазрае, што ключы ад кватэры былі ўзятыя падчас арышту аднаго з маладафронтаўцаў: Мікалая Дземідзенкі, Уладзімера Яроменка, Рамана Васільева ці Міхала Мускага:

«Маладафронтавец, які застаўся на волі, прыйшоў увечары дахаты і пабачыў, што рэчы ўсе ў кватэры дагары нагамі, усё вывернута з усіх шафаў. І бачна было, што кватэра не была ўзламаная, гаспадарам не паведамлялі пра пранікненне. Было зразумела, што ў іх быў ключ, якім яны адкрылі кватэру і зайшлі. Падобны быў выпадак нядаўна з Анастасіяй Шулейка, у кватэру якой, калі яна была «на сутках», гэтаксама праніклі. Калі яна вярнулася пасля арышту, то не знайшла ў кватэры ноўтбука і фотаапарата. Гэта было пазаўчора, 30 красавіка».

Анастасія Палажанка заўважае пра такую практыку, якая дзейнічае ўжо больш за паўгода: асабістыя рэчы адміністрацыйна асуджанага застаюцца ў райаддзеле міліцыі, а не дасылаюцца ў ізалятар на Акрэсціна, дзе трымаюць арыштанта, як было раней. Гэтак міліцыянты абышліся і з рэчамі самой Анастасіі ў верасні мінулага году, калі яе пасадзілі на Акрэсціна. Скаргі ў міліцыю, каб яе торбу з асабістымі рэчамі прывезлі ў ізалятар, не падзейнічалі, згадвае Анастасія Палажанка:

Не патрэбны ані ордэр, ані панятыя. Прыйшлі, адчынілі дзверы, забралі што трэба і сышлі.

«Ператрусы не могуць быць проста так. Яны, як правіла, звязаныя з заведзенай крымінальнай справай. Ты хаця б разумееш, з чым гэта звязана. А зараз — гэта проста такі бандытызм. Людзі максымальна спрасцілі сабе задачу. Не патрэбны ані ордэр, ані панятыя. Прыйшлі, адчынілі дзверы, забралі што трэба і сышлі».

У міліцыі адмаўляюцца камэнтаваць абвінавачаньні маладафронтаўцаў і кажуць, што грамадзянам, якія лічаць сябе пацярпелымі, трэба звяртацца ў органы міліцыі па месцы жыхарства з заявамі аб пранікненні ў жытло. Але ці будзе з гэтага вынік?

У канцы студзеня пасля 4 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю з ізалятара на Акрэсціна праваабаронца Алег Волчак. Калі былы следчы пракуратуры Волчак вярнуўся дадому, ён высветліў, што з кватэры знік пашпарт,— між тым, слядоў узлому ў кватэры не знайшоў. Ён палічыў, што невядомыя візыцёры скарысталі ключы, якія ў яго адабралі на час адміністрацыйнага арышту. З таго часу Алег Волчак дамагаецца завядзення крымінальнай справы, але пакуль марна:

«Я працягваю пісаць скаргі. Цэнтральны РАУС дагэтуль не завёў крымінальную справу і працягнуў праверку да 7 мая. 3 месяцы ўжо правярае. Лічу гэта незаконным, бо паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу на завядзенне справы даецца толькі 10 дзён. Таму я напісаў яшчэ скаргу на імя пракурора Менску, каб той даручыў пракуратуры ўзяць справу на свой кантроль. Бо супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, якія датычныя да гэтай гісторыі, самі ж і разглядаюць маю скаргу аб завядзенні крымінальнай справы. Пашпарт дагэтуль не знойдзены. Мне, праўда, выдалі новы, але я працягваю высвятляць, якім жа чынам той пашпарт знік з кватэры».

У грамадзкіх актывістаў і журналістаў пасля візітаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў знікаюць не толькі пашпарты і агітацыйныя матэрыялы, але і грошы, і кампутары. Рэдактарка сайту «Хартыя-97» Наталля Радзіна, якая цяпер жыве ў Літве, згадала, што ёй дагэтуль не вярнулі кампутары, відэакамэру, дыктафон і 600 даляраў, якія забралі з яе менскай кватэры і офісу «Хартыі» пасля таго, як саму яе арыштавалі ў ноч на 20 снежня 2010 году:

«Плюс не вяртаюць кампутар майго пляменніка, які забралі ў доме маіх бацькоў у Кобрыне, пасля таго, як я ўцякла з Беларусі. Але ніхто нічога не вяртае. Ані мне 12 кампутараў з офіса і дома, ані майму пляменніку».

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках