15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ: Нягледзячы на ціск, незалежная журналістыка ў Беларусі захавалася

БАЖ: Нягледзячы на ціск, незалежная журналістыка ў Беларусі захавалася

Аб свабодзе СМІ ў Беларусі пакуль можна казаць толькі тэарэтычна, з надзеяй на будучыню.

Такое меркаванне выказаў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

Сваё прафесійнае свята - Сусветны дзень свабоды друку (3 мая) - беларускія незалежныя журналісты сустракаюць «не ў самым лепшым настроі», адзначыў ён.

Напярэдадні Міжнародны камітэт абароны журналістаў і праваабарончая арганізацыя Freedom House далі негатыўную адзнаку сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці ў рэйтынгу свабоды СМІ Freedom House Беларусь апынулася на 193-м месцы з 197 краін. Горш, па ацэнцы праваабаронцаў, справы ідуць толькі ў Эрытрэі, Узбекістане, Туркменістане і Паўночнай Карэі.

У рэйтынгу Міжнароднага камітэта абароны журналістаў Беларусь уключаная ў дзясятку краін з «самай жорсткай цэнзурай». Акрамя Беларусі, якая заняла 10-е месца, у пералік краін з самай жорсткай цэнзурай патрапілі (у парадку змяншэння): Эрытрэя, Паўночная Карэя, Сірыя, Іран, Экватарыяльная Гвінея, Узбекістан, М'янма, Саудаўская Аравія, Куба.

Як адзначыў Бастунец, штогадовае ўключэнне Беларусі ў спіс краін, дзе справы са свабодай прэсы ідуць найгоршым чынам, стала ўжо дрэннай традыцыяй. «Гэта з'яўляецца вынікам не толькі падаўлення свабоды прэсы, але і агульнага стаўлення беларускіх уладаў да свабоды выказвання меркавання наогул», - перакананы намеснік старшыні БАЖ.

Тым не менш, сказаў ён, у гэтым годзе адзначана зніжэнне ўзроўню рэпрэсій у дачыненні да журналістаў.

«Сітуацыю не параўнаць з мінулым годам, калі некаторыя нашыя калегі трапілі пад крымінальны пераслед за падзеі 19 снежня 2010 года ў Менску. Аднак і зараз супакойвацца не варта: 13 журналістаў-фрылансераў за сваю дзейнасць атрымалі папярэджанні КДБ і пракуратуры. З пачатку года было затрымана падчас выканання прафесійных абавязкаў больш за 10 нашых калегаў. Па-ранейшаму застаюцца праблемы з распаўсюдам незалежнай прэсы. Увогуле, святкаваць няма чаго», - рэзюмаваў Бастунец.

У сваю чаргу старшыня БАЖ Жанна Літвіна адзначыла: «Калі аб'ектыўна паглядзець, то менавіта мінулы год быў абсалютна беспрэцэдэнтным па ўзроўні ціску на незалежную журналісцкую супольнасць - гэта і пачатак крымінальных спраў за ўдзел у выбарчай кампаніі, і канфіскацыя тэхнікі, і ператрусы, і папярэджанні пракуратуры . Мы ўсе добра памятаем, што ў мінулым годзе быў асуджаны наш калега Анджэй Пачобут. На мяжы закрыцця знаходзіліся «Народная воля» і «Наша ніва». Пералік гэты можна працягваць».

У 2012 годзе, нагадала Літвіна, шэраг сябраў БАЖ патрапілі ў спіс асоб, якім абмежаваны выезд за мяжу.

«Але галоўнае ў тым, што, нягледзячы на гэта ціск, незалежная журналістыка як інстытут у Беларусі захавалася», - заявіла Літвіна.

Сусветны дзень свабоды друку быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках