26 снежня 2024, Чацвер, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазьняк: Байкот - першы крок да кансалідацыі грамадства

33
Зянон Пазьняк: Байкот - першы крок да кансалідацыі грамадства

Лідар КХП БНФ выступіў на чэрвеньскім Сойме Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі - БНФ і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

«Рэжым праводзіць усё больш жорсткую палітыку. Складаецца ўражанне, што ў хунты паўстала падсвядомае адчуванне тупіку і канца. Адсюль імкненне нашкодзіць і разбурыць як мага болей. Гэта і ёсць галоўная стратэгія рэжыму, якая павінная (як там мяркуюць) забяспечыць ім працягласць антыбеларускай улады», - заявіў Зянон Пазняк.

На думку палітыка, у рэчышчы канцэпцыі альтэрнатывы антыбеларускага рэжыму важнай з'яўляецца прапаганда (і аргументацыя) байкоту восеньскіх выбараў у так званую «палату».

«Разумныя людзі з асяроддзя нашых грамадзянаў даўно зразумелі, што «палата» - гэта ніякі не парламент, што яна не мае ніякіх правоў і магчымасцяў, што гэта прафанацыя заканадаўчай улады, якая ствараецца шляхам цынічных фальсіфікацый галасавання, што яна да таго ж нелегітымная і не прызнаная светам. Але вельмі важна, каб гэтыя людзі хутчэй зразумелі, што на выбары такога ліпавага «органа ўлады» хадзіць нельга, і наогул ні на якія выбары рэжыму хадзіць не трэба - каб не спрыяць фальсіфікацыі галасоў і дэмагогіі пра нібыта легітымнасць сфальсіфікаваных уладаў.

Важна, каб болей і болей разумных людзей усвядомілі, што ніякая альтэрнатыва ніколі не зможа выйграць выбары ў гэтага рэжыму, бо гэта не выбары, а толькі імітацыя выбараў дзеля псеўдазаконнага афармлення незаконнай улады.

Тыя людзі, якія свядома не пойдуць на фальшывыя выбары, каб не ўдзельнічаць у злачынстве і не дапамагаць рэжыму, тыя людзі стануць сацыяльнай асновай, на якую дакладна зможа абапірацца супраціў антыбеларускай палітыцы чужой улады. Гэта працэс, які трэба будаваць крок за крокам - стварэнне нацыянальнага палітычнага авангарду і стварэнне сацыяльнага асяроддзя, здольнага успрымаць ідэі авангарда. Тады, пры наяўнасці нацыянальнай альтэрнатывы акупацыйнаму рэжыму, магчымая пабудова шырокай сістэмы пераменаў (ізноў гэтак жа, як рабіў БНФ у пачатку 90-х гадоў)», - лічыць палітык.

Праца па падрыхтоўцы байкоту павінная зыходзіць з правільнай адзнакі цяперашняй рэчаіснасці. Не рабіць таго, чаго ў гэтых умовах рабіць не трэба: не марнаваць час на правальных людзей і правальныя сітуацыі. Дзейнасць павінная быць адраснай, разлічанай на вынік.

«Усе мы павінныя разумець, што байкот не прыносіць перамогі на выбарах, але паляпшае (і стварае) умовы дзеля сістэмнай барацьбы з рэжымам для яго ліквідацыі. Байкот - першы крок да кансалідацыі грамадства», - сказаў лідар КХП БНФ.

На ягоную думку, зараз неабходна рабіць наступнае:

- Асвета, прапаганда і інфармаванне людзей пра байкот (па адпрацаваных адрасных схемах);

- Падрыхтоўка кандыдатур ва ўчастковыя камісіі па выбарах;

- Падрыхтоўка назіральнікаў за галасаваннем на выбарчых участках і за удзелам выбаршчыкаў у галасаванні;

- Падрыхтоўка іншых сістэм назірання (па вядомых схемах);

- Падрыхтоўка юрыдычнай групы і групы інфармацыі.

Арганізацыйныя пытанні не трэба адкладаць на потым, спасылаючыся на запас часу. Пачынаць трэба зараз.

«Тактыка агентуры па выкарыстанні псеўдаапазіцыі добра бачная: заблытаць пазіцыю байкоту да асбурда і маразму ў галовах людзей, стварыць несур'ёзнае стаўленне, пасмяяцца з і скампраметаваць, каб ніхто ні ў чым не разабраўся. Зараз яны ладзяць чарговы скандал: адныя, быццам бы, за байкот, іншыя, нібыта - не. Адныя ідуць на выбары, а потым здымаюцца і абвяшчаюць байкот. Іншыя ідуць на выбары, але агітуюць за байкот. Адныя не ідуць на выбары, але абвесцяць байкот, калі рэжым не зменіць выбарчае заканадаўства. Іншыя наадварот ідуць на выбары, нягледзячы ні на што, каб «данесці свае ідэі да народа». (Якія ўжо там у іх «ідэі»?).

Увесь гэты дурдом стварыўся дзеля таго, каб людзі падумалі, што байкот - гэта чарговая прадажная глупства псеўдаапазіцыі, набытая за чужыя грошы і, каб людзі, убачыўшы гэта, перасталі б сур'ёзна ўспрымаць патрэбу байкоту, каб заблыталіся ў партыях і пазіцыях і падумалі, што альтэрнатывы Лукашэнку няма, і ёсць хоць і бандыцкі, але нейкі парадак.

Усё гэта будзе працягвацца да апошняга часу, а ў канцы ўсе яны дружна пойдуць вылучацца і галасаваць», - упэўнены Пазьняк.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках