15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

EUobserver: Яшчэ адзін «кашалёк» Лукашэнкі патрапіць пад санкцыі

55
EUobserver: Яшчэ адзін «кашалёк» Лукашэнкі патрапіць пад санкцыі

У «чорным спісе» можа апынуцца алігарх Аляксандр Машэнскі.

Менск у красавіку вызваліў двух вядомых палітычных зняволеных - кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікаў і ягонага памочніка Зміцера Бандарэнку, але Гунар Віганд, высокапастаўлены чыноўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), паведаміў прэсе ў панядзелак у Брусэлі, што гэтага не дастаткова, каб наладзіць адносіны, піша брусэльскае выданне EUobserver (пераклад - charter97.org).

«Вызваленне двух палітычных зняволеных не адправіла мяч на бок ЕЗ. Мяч застаецца ў Менску... Мы маглі б пашырыць колькасць людзей, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя забароны», - адзначыў ён.

Больш чым 240 прадстаўнікам беларускай наменклатуры ў цяперашні час забаронены ўезд і вядзенне бізнесу ў ЕЗ.

У гэты спіс уваходзяць Уладзімір Пефціеў і Юрый Чыж, два алігархі, якія фінансуюць Аляксандра Лукашэнку.

Еўразвяз можа ўключыць у яго большую колькасць людзей - такіх, як Аляксандр Машэнскі.

Машэнскі кіруе СП «Санта-Імпэкс-Брэст», кампаніяй, якая займаецца рэстаранным і харчовым бізнесам. Ён сыграў важную ролю ў выбарчай кампаніі Лукашэнкі ў 2010 годзе і ўваходзіць у тройку самых уплывовых алігархаў ў Беларусі разам з Пефціевым і Чыжом.

Між тым, парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца.

Апазіцыя і грамадзянская супольнасць усё часцей падвяргаюцца пераследам, многія людзі падвяргаюцца адміністрацыйным арыштам.

Магчымасці і ўплыў дзяржаўнай службы бяспекі - КДБ таксама былі пашыраныя. Нядаўні закон, прыняты Менскам, дае ім права ўрывацца ў дамы людзей без ордэра ў любы час сутак.

Нягледзячы на змрочную ацэнку, Віганд заявіў, што санкцыі з'яўляюцца эфектыўнымі.

«Тое, што мы працягваем аказваць ціск на ўрад, цалкам магчыма, унесла свой уклад у вызваленне некаторых з 23 палітычных зняволеных», - адзначыў ён.

Сярод тых, хто да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, - праваабаронца Алесь Бяляцкі і палітвязень Сяргей Каваленка.

Каваленка, чыё злачынства заключалася ў тым, што ён вывесіў нацыянальны сцяг Беларусі на каляднай ёлцы ў Віцебску, быў пастаўлены дыягназ гепатоз на мінулым тыдні. Ён адбывае ў турме двухгадовы тэрмін.

Кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Бяляцкі адбывае тэрмін у чатыры з паловай гады турэмнага зняволення па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў заявіў EUobserver, што санкцыі ЕЗ спрыялі вызваленню былога кандыдата ў прэзідэнты.

«Мэтавыя эканамічныя санкцыі ў сённяшняй форме з'яўляюцца вельмі сімвалічнымі. Але сістэма настолькі неэфектыўная, што яна надзвычай адчувальная нават да невялікіх абмежавальных мер», - сказаў ён.

Ёрг Форбрыг, эксперт па Беларусі ў нямецкім Фондзе Маршала, таксама кажа пра тое, што санкцыі паўплывалі на прыняцце рашэнняў.

«Менск вызваліў Саннікава і Бандарэнку, каб прадухіліць далейшыя і больш балючыя меры з боку ЕЗ», - кажа ён.

Ён заклікаў ЕЗ пашырыць санкцыі ў дачыненні да беларускага экспарту нафты.

У мінулым годзе нафта і нафтапрадукты склалі 36% беларускага экспарту ў ЕЗ. Крыху больш за 16 адсоткаў прыходзілася на калійныя і мінеральныя ўгнаенні. У агульнай складанасці, тавараабарот паміж Беларуссю і ЕЗ у 2011 годзе павялічыўся на 69 адсоткаў, нягледзячы на палітычныя праблемы.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках