16 лiстапада 2024, Субота, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пацукі бягуць з карабля

92
Пацукі бягуць з карабля

Суддзі, якія выносілі прысуды апазіцыянерам, звальняюцца «па ўласным жаданні».

18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь і аб змяненні складу прэзідыума Магілёўскага абласнога суда». У дакуменце фігуруе амаль шэсць дзесяткаў суддзяў. 14 з іх - вызваленыя са сваіх пасад, піша «Наша Нiва».

У адстаўку выйшлі пяць суддзяў, яшчэ пяцёра звольненыя па ўласным жаданні. Гэтыя лічбы пацвярджаюць словы Аляксандра Дзядка пра тое, што суддзі не хочуць працаваць пасля пенсіі, бо іх прымушаюць кіравацца не законам, а загадамі.

Цікавая гісторыя атрымалася з Аляксандрам Хадановічам і Тацянай Паўлючук. Хадановіча вызвалілі з пасады суддзі Цэнтральнага раёна Менска ў сувязі з выхадам з «сацыяльнага адпачынку» Паўлючук. Апошняя ж вызваленая з пасады па ўласным жаданні.

Тацяна Паўлючук была замешаная ў карупцыйнай справе пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра.

У лістападзе 2008-га Аляксандр Лукашэнка выступіў на нарадзе па барацьбе з карупцыяй. Снягір, па словах кіраўніка краіны, купіў камфартабельную кватэру па заніжанай цане. Але няясна, як пракурор мог зарабіць нават тую суму. А суддзя Паўлючук, па словах Лукашэнкі, выносіла прысуды па скаргах на карысць Снегіра. Ад старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы тады патрабавалі вызваліць Паўлючук ад пасады. Але ў выніку тады гэтага не адбылося.

Паўлючук «вылучылася» і ў палітычных працэсах.

Так, напярэдадні 25 сакавіка ў 2008 года яна адправіла на 5 сутак за краты Аляксея Марачкіна.

Суддзя палічыла даказаным факт лаянкі мастака на вуліцы. Судзіла яна і моладзевых актывістаў.

Пакуль Паўлючук знаходзілася ў «сацыяльным адпачынку», на яе месца прызначылі Аляксандра Хадановіча. Ён выносіў прысуды за Плошчу ў 2010-м, за што яго ўнеслі ў спісы неўязных у Еўрапейскі Звяз. Адным з апошніх ягоных палітычных працэсаў сёлета стаў суд над Аляксандрам Баразенкам і Мікітам Каваленкам у студзені. Хадановіч адправіў іх на суткі.

З пасады намесніка старшыні і суддзі суда Партызанскага раёна Менска «ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў» вызваленая Наталля Чацвярткова.

Яна асудзіла экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму.

Яна ж вынесла прысуды і іншым затрыманым падчас Плошчы-2010 — Алегу Гнедчыку, Уладзіміру Яроменку, Іллі Васілевічу, Фёдару Мірзаянаву. Унесеная ў спісы неўязных у ЕЗ.

Суддзя Фрунзенскага раёна Менска Ганна Самалюк таксама трапіла ў спісы неўязных за суды па справе масавых затрыманняў 19 снежня 2010 года. Вызваленая з пасады ў сувязі «з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў».

Суддзя Фрунзенскага раёна Менска Лідзія Хрушчэўская вызваленая з пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку. Яна знаходзіцца ў спісах неўязных у ЕЗ за суды над затрыманымі на Плошчы 19 снежня 2010 года.

Тацяна Пархоменка вызваленая з пасады па ўласным жаданні. Яна працавала ў Ленінскім судзе Магілёва. Летась падчас маўклівых акцый вынесла папярэджанне затрыманаму Аляксандру Сімановічу.

Уладзімір Бяссмертны вызвалены з пасады старшыні і суддзі суда Першамайскага раёна Віцебска ў сувязі з выхадам у адстаўку.

Менавіта ў гэтым судзе праходзіў працэс над актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках