26 снежня 2024, Чацвер, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Умоваў для правядзення выбараў няма

6
Праваабаронцы: Умоваў для правядзення выбараў няма

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясцілі аб пачатку кампаніі па маніторынгу «парламенских выбараў».

У ходзе прэс-канферэнцыі старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алег Гулак адзначыў, што адсочваюць тую атмасферу, на фоне якой адбываюцца сённяшнія «выбары», піша ПЦ «Вясна».

«У Беларусі зараз складаная сітуацыя і неспрыяльная для правядзення выбараў, бо ў краіне застаюцца палітвязні, працягваюцца затрыманні палітычных і грамадзянскіх актывістаў. Таму краіну апанавала атмасфера страху, - кажа Алег Гулак. – Заклікі да байкоту з боку некаторых апазіцыйных лідэраў таксама сведчаць пра тое, што людзі не вераць ў справядлівыя вынікі, у тое, што выбары выконваюць сваю функцыю ў дзяржаве – спрыяюць змене ўлады. Гэта зніжае каштоўнасць выбараў, аднак гэта не значыць, што зараз ужо можна сцвярджаць, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. Мы будзем аб’ектыўна падыходзіць да назірання за парламенцкімі выбарамі, каб найбольш поўна адлюстраваць сапраўдную сітуацыю».

Падчас назірання акцэнт будзе рабіцца на яўку выбаршчыкаў.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў: «Парламенцкія выбары ў нашай краіне на сёння не маюць такой цікавасці ў людзей, як прэзідэнцкія, таму ўлады могуць скарыстаць свае метады, каб штучна павышаць колькасць выбаршчыкаў, прымушаць іх да галасавання. Таму нам трэба рабіць акцэнт на яўку выбаршчыкаў, пільна сачыць за лічбамі ў пратаколах, якія камісія мусіць вывешваць кожны дзень».

«Правабаронцы за свабодныя выбары» плануюць задзейнічаць 400 назіральнікаў на 106 выбарчых акругах, усяго ж падчас выбараў будзе каля 25 тысяч назіральнікаў.

«За нашай працай сочаць не толькі журналісты, ЦВК, але і іншыя структуры. КДБ ужо цікавіўся, што мы будзем рабіць падчас выбараў. Хацелася б, каб упаўнаважаныя органы рэагавалі на нашыя заўвагі і прадпрымалі прававыя дзеянні паводле зафікасаваных намі парушэнняў», - кажа старшыня БКХ.

Праваабаронцы таксама адзначылі, што яны гатовыя да супрацоўніцтва і абмена інфармацыі з іншымі назіральнікамі, у тым ліку міжнароднымі.

Нягледзячы на тое, што сённяшняе назіральніцтва будзе праходзіць у складаных умовах, калі старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, а офіс цэнтра пад пагрозай канфіскацыі, праваабаронцы перакананыя, што маніторынг выбараў пройдзе ў поўным аб’ёме.

Сталыя назіральнікі ўжо прайшлі першапачатковы інструктаж. Алег Гулак падкрэсліў, што ў кваліфікацыі сваіх назіральнікаў праваабаронцы ўпэўненыя, водгукі міжнародных назіральнікаў адносна іх таксама станоўчыя.

Будзе ўлічаны папярэдні досвед назірання за выбарамі ў Беларусі. Сёлета «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ўжо чацвёрты раз будуць працаваць сумесна. «Самая складаная праца ў нашых юрыстаў, якія рыхтуюць абскарджванні паводле парушэнняў, зафіксаваных на выбарах. На жаль, ні пракуратура, ні суды, ні выбарчыя камісіі не разглядаюць іх належным чынам. Але мы ўсё адно будзем збіраць інфармацыю аб парушэннях для маніторынгу сітуацыі. Мы будзем трымаць расплюшчанымі вочы ўвесь выбарчы працэс, каб сабраць як мага больш поўную інфармацыю», - падсумаваў старшыня БХК.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках