16 лiстапада 2024, Субота, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПА АБСЕ настойвае на пераносе ЧС па хакеі з Менска

30
ПА АБСЕ настойвае на пераносе ЧС па хакеі з Менска

Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае МФХ адмовіцца ад правядзення чэмпіянату ў 2014 годзе ў Беларусі.

Як паведамляе сакратарыят Парламенцкай асамблеі, больш за 60 парламентарыяў з 21 дзяржавы - удзельніцы ПА АБСЕ сталі суаўтарамі праекта рэзалюцыі, якая рэкамендуе адмовіцца ад правядзення Чэмпіянату свету па хакеі на лёдзе ў 2014 годзе ў Беларусі ў тым выпадку, калі ўлады не вызваляць усіх палітычных зняволеных, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай. Праект рэзалюцыі будзе разгледжаны на сесіі ПА АБСЕ ў Манака 5-9 ліпеня, піша БелаПАН.

Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зняволеных, а таксама паважаць вяршэнства закона, свабоду сродкаў масавай інфармацыі і свабоду перамяшчэння.

Праект рэзалюцыі настойліва заклікае ўрад у Менску пакласці канец ціску і пераследам у дачыненні да прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў; адмяніць хатні арышт, накладзены на выпушчаных з турмаў палітычных зняволеных; дазволіць правядзенне міжнароднага расследавання па сцвярджэннях аб катаваннях у турмах; дазволіць прадстаўнікам ПА АБСЕ наведваць палітычных зняволеных; вярнуцца да разгляду заявак на рэгістрацыю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Вясна», якім неаднаразова было адмоўлена ў рэгістрацыі без належных падставаў.

«У хакеі за бойку вы атрымліваеце пяціхвілінны штраф, у Беларусі - пяць гадоў за мірную маніфестацыю, - заявіў Тоні Лойд (Вялікабрытанія). - У перыяд, калі краіны робяць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да Беларусі, было б зусім няправільна з нашага боку падарваць дадзеныя намаганні і узнагародзіць рэпрэсіўныя паводзіны Менска правядзеннем міжнароднага мерапрыемства і звязаным з ім фінансавым прыбыткам».

У 2010 годзе Лойд узначальваў місію АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Беларусі, у ходзе якіх сотні пратэстоўцаў, уключна з актывістамі апазіцыі і журналістамі, падвергнуліся масавым арыштам, некаторыя з якіх знаходзяцца і ў цяперашні час у турме. З 2010 года былі праведзеныя новыя арышты і вынесеныя прысуды, у тым ліку і ў дачыненні да вядучага праваабаронца Алеся Бяляцкага, якога прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад выплаты падаткаў, звязанае з ягонай прафесійнай дзейнасцю ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Парламенцкая Асамблея АБСЕ складаецца з 320 парламентарыяў з 55 дзяржаў Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі. Асамблея падае платформу для міжпарламенцкай дыпламатыі, вядзе назіранне за выбарамі і умацоўвае міжнароднае супрацоўніцтва для выканання абавязальніцтваў па палітычных, эканамічных і экалагічных пытаннях, а таксама бяспецы і правах чалавека.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках