Мікалай Аўтуховіч больш за 3 гады не бачыўся з маці
3- 5.06.2012, 12:15
Актывіст руху «За свабоду» з Гарадка Леанід Гаравы лістуецца з палітвязнем.
Атрымаўшы ліст з гарадзенскай турмы ад Мікалая Аўтуховіча, актывіст распавёў, пра што піша зняволены, над чым разважае і на што спадзяецца, паведамляе ПЦ «Вясна».
«У пачатку дасланага ліста Мікалай Аўтуховіч паведамляе, што хутка павіннае быць кароткае спатканне з маці. Ён піша: «Мы не бачыліся ўжо больш за сорак месяцаў. Таму зараз жыву толькі спатканнем. Астатняе ўсё дробязі». Таксама ў лісце Аўтуховіч абгрунтоўвае сваё меркаванне з нагоды гульні з магчымай амністыяй для палітвязняў. Па-першае, гэта немагчыма, бо ўсім палітвязням прыпісалі парушэнні і яны не могуць патрапіць пад амністыю. Па-другое, гаворка аб амністыі з'яўляецца лухтой і прыдуманай гульнёй для еўрапейцаў. «Нельга верыць чалавеку, які ўжо сто разоў падманваў і не адказвае за свае словы», - піша палітвязень. І, па-трэцяе, еўрапейцы павінныя гэта разумець і не наступаць у чарговы раз на граблі. Мікалай Аўтуховіч зазначае, што высновы з сітуацыі, якая склалася павінен рабіць кожны, хто імкнецца ажыццявіць свае мары. Асабіста ён гэта зразумеў яшчэ ў 2004 годзе і таму не можа выйсці цяпер на волю», - распавёў Леанід Гаравы.
Гарадоцкі актывіст лічыць неабходным, каб праваабаронцы і незалежныя СМІ стала нагадвалі беларускім грамадзянам пра тых, хто зараз за кратамі за сваю палітычную пазіцыю. Таму Леанід Гаравы і вырашыў распавесці, пра што Мікалай Аўтуховіч піша ў сваіх лістах. У апошнім з іх, атрыманых гарадоцкай актывістам, ёсць такія словы: «Час ляціць. Усё бліжэй і бліжэй свабода і для мяне, і для ўсіх. Усё некалі заканчваецца! Дыктатары таксама не вечныя!.. Жыве Беларусь!»