15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штэфан Фюле: ЕЗ гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Лукашэнкі

34
Штэфан Фюле: ЕЗ гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Лукашэнкі

Міністры замежных спраў ЕЗ гатовы разгледзець дадатковыя меры ў дачыненні да беларускіх улад у адказ на новыя рэпрэсіі.

Пра гэта заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле 18 ліпеня на сустрэчы з групай беларускіх журналістаў у Брусэлі.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, якой можа быць рэакцыя Еўразвяза на затрыманне моладзевых актывістаў у Беларусі і прад'яўленне новага абвінавачвання лідэру міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зміцеру Дашкевічу, Фюле сказаў: «Раней мы выказваліся вельмі ясна, на якіх умовах можа змяніцца супрацоўніцтва ЕЗ і Беларусі ў пазітыўным кірунку. Гэта - вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, гэта значыць аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных праў. Мы таксама ясна сказалі, што, калі не будзе ніякіх зрухаў па гэтым пытанні і будзе працягвацца наступ на дэмакратыю, то міністры замежных спраў гатовыя разгледзець дадатковыя меры».

Фюле таксама адзначыў, што Беларусь усё жа з'яўляецца еўрапейскай краінай, «нягледзячы на тое што некаторыя палітыкі дзейнічаюць так, як быццам Беларусь знаходзіцца на іншым кантыненце або дзесці далей на ўсход ад Расеі».

Ён падкрэсліў, што ЕЗ па-ранейшаму зацікаўлены ў Беларусі і яе народзе. «І гэта самая галоўная прычына таго, чаму Беларусь застаецца ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства», але, на жаль, у нас з Беларуссю няма такіх адносін, як з іншымі дзяржавамі - удзельнікамі праграмы, адсутнічае прававая база адносін», - сказаў Фюле.

Еўракамісар нагадаў, што ў Беларусі ёсць абавязацельства па выкананню правоў і асноўных свабод грамадзян. «І гэта не толькі з нашага пункту гледжання, але і з пункту гледжання большасці міжнародных арганізацый. І Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе свабода слова і сходаў мае зусім іншае значэнне, чым у Еўропе», - адзначыў Фюле. Ён назваў «страшным» той факт, што дзяржава можа забараніць грамадзянам выязджаць за межы краіны ці проста зняць чалавека з цягніка без пастановы суда.

Пры гэтым Фюле падкрэсліў, што Еўразвяз ні ў якім выпадку не зацікаўлены ў тым, каб адносіны з Беларуссю «былі абмежаваныя санкцыямі, нават калі мы іх называем інтэлігентнымі санкцыямі». Паводле яго слоў, абмежавальныя меры - гэта адна калона ў адносінах з Беларуссю. «Другая калона - гэта тое, што нам дазваляе ўзмацняць кантакты з грамадзянамі Беларусі, з грамадзянскай супольнасцю. І паміж гэтымі дзвюма калонамі павінен быць баланс», - працягнуў еўракамісар.

Фюле канстатаваў, што ў Еўразвязе няма стомленасці ад беларускага пытання: «Мы не паставілі крыж на Беларусі. Але ёсць стомленасць ад таго, што, нягледзячы на нашы намаганні, развіццё Беларусі ідзе не ў кірунку выканання дэмакратычных прынцыпаў».

Кажучы аб ініцыятыве ЕЗ «Дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», Фюле падкрэсліў, што яна вельмі важная для Еўразвяза. «Дыялог дазваляе нам у кантактах з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй прадставіць поўную карціну таго, што можа быць часткай пазітыўнай еўрапейскай палітыкі, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, дзе правы чалавека існуюць не толькі на паперы, але і выконваюцца ў рэальнасці», - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі змянілася палітыка і стратэгія ЕЗ у дачыненні да Беларусі, Фюле адзначыў: «Некалькі гадоў таму, калі мы верылі, што нават пры Лукашэнку можна дэмакратызаваць Беларусь, мы былі заўсёды на крок ззаду таго, што рабілі беларускія прадстаўнікі. Гэта была палітыка, якая толькі адказвала на пэўныя крокі, у нас адсутнічала стратэгічнае бачанне. Думаю, што цяпер гэта змянілася», - сказаў еўракамісар.

Ён дадаў, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў назіраліся пазітыўныя зрухі ў адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, тады ж быў прапанаваны сумесны прамежкавы план, які змяшчаў канкрэтныя крокі Беларусі ў рамках руху да дэмакратыі і вызначаў, як Еўразвяз будзе суправаджаць яе на гэтым шляху. «Першы раз у нас быў канкрэтны стратэгічны план, але ён быў замарожаны пасля 19 снежня», - канстатаваў Фюле і падкрэсліў, што патэнцыял і самыя цікавыя прапановы з гэтага дакумента выкарыстоўваліся пры падрыхтоўке «Дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю».

Фюле выказаў шкадаванне, што ў апошні час беларускія ўлады ўсё часцей заяўляюць пра тое, што не будуць удзельнічаць у праектах ЕЗ, у распрацоўцы якіх не прымалі ўдзел.

Ён таксама адзначыў, што часам гучыць пытанне аб тым, ці трэба Беларусі рабіць выбар паміж Масквой і Бруселем. «Думаю, што так пытанне не стаіць. Мы і самі зацікаўлены ў тым, каб нашы партнёры мелі добрыя адносіны з Масквой. І дадзены выбар - гэта не выбар паміж Брусэлем і Масквой, а выбар таго, якой будзе дзяржава - дэмакратычнай і самастойнай або недэмакратычнай , дзе ўсё вырашае група людзей, якія нікому не даюць справаздачу», - сказаў Фюле.

Ён падкрэсліў, што пры неабходнасці ЕЗ гатовы пайсці далей у пытанні абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. «У мяне няма сумненняў, што калі сітуацыя будзе пагаршацца, то дзяржавы-удзельнікі выканаюць тое, што абяцалі (гаворка ідзе пра заявы аб узмацненні санкцый)», - заявіў Фюле.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках