12 лiстапада 2024, aўторак, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Сурапіна: Я лічу, Антону прад'явілі абвінавачванне

33
Алена Сурапіна: Я лічу, Антону прад'явілі абвінавачванне

Затрыманага фотажурналіста наведаў адвакат.

25 дзён прайшло з моманту затрымання менскага рыэлтара Сяргея Башарымава. На тыдзень менш у «амэрыканцы» знаходзіцца другі фігурант справы аб «плюшавых медзведзянятах», фатограф Антон Сурапін, перадае «Радыё Свабода».

30 ліпеня бацькі Сурапіна, якія жывуць у Слуцку ў чарговы раз прыехалі ў Менск, спадзеючыся, што дахаты вернуцца разам з сынам. «Дарэмна. З Антонам бачыўся адвакат, але, на жаль, нічога радаснага нам яна не паведаміла», - сказала Алена Сурапіна.

«Нічога новага вам не скажу. Адвакат убачылася з Антонам, яны ўзгаднілі некаторыя пытанні паміж сабой, як далей дзейнічаць у выпадку, калі не выпусцяць. Але, вядома, сам ён вельмі спадзяецца, што ўсё будзе добра. Нічога аб ходзе следства яна не сказала - маўляў, таму, што падпісала паперу аб невыдаванні таямніцы следства. Яна не можа нават казаць, ці прад'явілі яму абвінавачванне. Але я лічу, што так, прад'явілі. Мы нават самі з мужам вывучылі ўсе кодэксы і знайшлі 118 артыкул, з якога вынікае, што калі не выпусцілі, значыць, абвінавачванне ўсё ж прад'явілі. Але мы пакуль яшчэ тут, у Менску. Лукашэнка ж сказаў на мінулым тыдні, што хоча разабрацца ў гэтай справе і ў панядзелак назаве прозвішчы вінаватых. Таму яшчэ пачакаем».

26 ліпеня на нарадзе з сілавікамі дыктатар прызнаў факт палёту над Беларуссю 4 ліпеня шведскага самалёта. Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што «гэты самалёт быў своечасова выяўлены», і выказаў здзіўленне, што начальнікі не спынілі палёт.

«Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылка ў сістэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы?»- задаўся пытаннем Лукашэнка і паабяцаў у панядзелак, 30 ліпеня, назваць вінаватых і абвясціць кадравыя рашэнні.

У СІЗА КДБ застаецца і менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў, якога затрымалі яшчэ 6 ліпеня. На мінулым тыдні сяброўка Сяргея Башарымава Ірына Лагойка казала, што ад яго больш за тыдзень не было лістоў. 30 ліпеня Ірына паведаміла, што ад Сяргея зноў пачалі прыходзіць лісты, але істотных навін ад яго няма.

«Мы так чакалі пачатку тыдня, бо сёння ж панядзелак, павінны былі пра нешта паведаміць. Я ўвесь час правяраю навіны, але нічога пакуль няма», - сказала Ірына.

Нагадаем, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёту да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках