15 лiстапада 2024, Пятніца, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы суд над Дашкевічам адбудзецца на працягу месяца

4
Новы суд над Дашкевічам адбудзецца на працягу месяца

Яму пагражае яшчэ год турмы.

Зняволены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч азнаёміўся з новай крымінальнай справай супраць сябе - «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі», паведамляе «Радыё Свабода».

На працягу месяца можа пачацца новы суд над Дашкевічам. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Аб падрабязнасцях абвінавачвання Зміцер Дашкевіч паведаміў у лісце да сваёй нявесты Анастасіі Палажанцы, якая таксама з'яўляецца намеснікам старшыні «Маладога фронту». Яна кажа, што акрамя абвінавачванняў, Зміцер азнаёміўся і з характарыстыкамі на сябе.

«Адзінае, што ён цытуе, гэта тое, што ён не ўжываецца з іншымі асуджанымі, адмоўна на іх ўплывае, не паддаецца перавыхаванню і прымае рашэнні, кіруючыся толькі сваімі інтарэсамі. Тут ён каментуе, што безумоўна некаторым хацелася б, каб ён кіраваўся іх інтарэсамі».

Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі ў збіцці двух чалавек.

24 сакавіка 2011 года суд прысудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Лобава да чатырох гадоў.

Пацярпелых Алега Малышава і Канстанціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і не ўбачыў. Суд прымяніў да іх асаблівыя ахоўныя меры, таму што яны, маўляў, баяцца помсты сваякоў і паплечнікаў Дашкевіча і Лобава. Таму свае паказанні яны давалі з суседняга з судовай залай пакоя, праз прыадчыненыя дзверы. Зміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нейтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязнем сумлення.

У верасні мінулага года Дашкевічу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. У апошні час яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і ён перанёс у зняволенні запаленне лёгкіх.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках