15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Мезяк: Людзям гэтыя «выбары» да лямпачкі

4
Віктар Мезяк: Людзям гэтыя «выбары» да лямпачкі

Жыхары Баранавічаў перакананыя, што «дэпутатаў» выберуць і без іх.

Сёння сваімі думкамі з сайтам charter97.org падзяліўся старшыня аргкамітэту для правядзення Народнага сходу ў Баранавічах Віктар Мезяк.

- Ці ёсць у Баранавічах прэтэндэнты ў кандыдаты на «выбары» ў «палатку»?

- Так, ёсць. Але не ўпэўнены, што яны здолелі перасягнуць мяжу ў 1000 подпісаў. Людзі адмаўляюцца падпісвацца нават за дэмакратычных кандыдатаў, аргументуючы гэта тым, што галасаваць не пойдуць.

- Якая атмасфера зараз пануе ў горадзе? Ці ведаюць людзі, што адбудзецца 23 верасня?

- Не ведаюць, не абмяркоўваюць. Людзям гэтыя «выбары» да лямпачкі. Яны кажуць, што ўсё адно выберуць і без іх. Супраць сілы з вялікімі грашыма не папрэш. На маю думку, чым больш Эўропа будзе купляць бензін, тым больш грошай будзе ў рэжыма, тым менш надзеі ў людзей. Нам застаецца толькі чакаць.

- Зазвычай у малых гарадах падчас «выбараў» людзей запалохваюць і прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці. Ці назіраюцца такія факты ў Баранавічах?

- Так. Вы, напэўна, чулі, што на нашага назіральніка Сяргея Гоўшу старшыня акруговай камісіі №5 Латышава Таццяна падала скаргу ў суд за брыдкаслоўе і абразу сябраў камісіі.

Сяргей падаў аўдыёзапіс паседжання, на якім ясна чуваць, што ніякага брыдкаслоўя там не было. Чым скончыцца разгляд справы, можна прагназаваць. Так што ў нас не ўсё так спакойна, як хацелася б. Рэпрэсіўная машына патрабуе новых ахвяр.

- Вы прайшлі не адну выбарчую кампанію, ці даводзілася вам быць сведкам фальсіфікацый?

- Натуральна. Я нарадзіўся і пражыў у Баранавічах больш за 50 год, таму маю шмат знаёмых. Людзі мяне ведаюць і часцяком дапамагаюць мне ў розных сітуацыях. Так было і тым разам. Не памятаю дакладна, у 2004-м ці 2008-м годзе, я быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Я сядзеў і цярпліва назіраў. Цікаваў, як спрытна яны падрахавалі ўсе лічбы, як хутка і складна ў іх усё сышлося. Але перад гэтым адзін з дабрадзеяў падказаў мне, дзе схаваны «кампрамат». Калі ж бюлетэні запакавалі і паставілі на іх сургучную пячатку, я падбег да тумбы, выхапіў з шуфляды стос фальшывых бюлетэняў і закрычаў: «Я бачу, у вас усё добра з арыфметыкай! А гэтыя вы палічылі?» На ўсіх бюлетэнях стаялі подпісы двух сябраў камісіі і на кожным была птушачка за праўладнага кандыдата. У наступнае імгненне двое міліцыянтаў павалілі мяне на падлогу, заламалі рукі і адабралі паперы. Старшыня камісі спалатнеў і на нейкі момант разгубіўся, але хутка прыйшоў у сябе. Раскрыў мех з бюлетэнямі, укінуў вынайдзены мной стус, борздзенька ўскочыў у «Волгу» і павёз «багацце» ў райвыканкам. Я падаваў некалькі скаргаў, але на іх мне прыйшлі толькі адпіскі.

- Ці ўдзельнічаеце ў сёлетняй кампаніі?

- Ва ўчастковую камісію мяне не ўключылі. Баяцца, што я выяўлю іх махінацыі. Але я пайду назіральнікам. Хачу зафіксаваць, як людзі збайкатуюць гэтыя «выбары».

- Вы верыце, што будуць байкатаваць?

- У Баранавічах жыхары непрадказальныя. У 2000 годзе байкот у нашым горадзе адбыўся. Адзінае, што могуць масава гнаць на «выбары», але супраць гэтага стае варыянтаў супрацьстаяння.

- Напрыклад?

- Можна бюлетэнь забраць сабе. А актывісты ў сваю чаргу абяруць адрас, на які папросяць выбаршчыкаў слаць свае бюлетэні. Мы збяром іх і падлічым. Гэта адразу дасць нам магчымасць меркаваць, колькі людзей прымусова адпраўлялі на «выбары» і наколькі лічбы ЦВК не адпавядаюць рэальнасці.

- Мы ведаем, што Вы пацярпелі праз палітычныя перакананні, а якая сітуацыя ў Вас цяпер?

- Пасля кампаніі 2006 года мяне пачалі цкаваць. Наклалі аграмадныя штрафы. Я быў прадпрымальнікам, мяне закрылі, і пасля гэтага я нідзе не магу знайсці працу. Я мяркую, што, магчыма, у райвыканкаме ёсць чорныя спісы людзей, якім адмаўляюць у працаўладкаванні. І, на жаль, я там не адзін. Зараз перакідваюся на сезонных работах, але і туды патрапіць складана. Радуюся любой прапанове.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках