16 лiстапада 2024, Субота, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнке перадалі петыцыю ў абарону палітвязняў

7

(абноўлена) 3 жніўня ў прыёмную адміністрацыі Лукашэнкі перададзена петыцыя ў абарону Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

Дакумент падпісалі старшыня РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак , саратніца Бяляцкага па «Вясне» Таццяна Равяка , лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч , намеснік РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец , кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч , кіраўнік аб'яднання «Цэнтр па правах чалавека» Раіса Міхайлоўская і іншыя грамадскія актывісты.

Сёння тыя, хто падпісаў петыцыю, прыйшлі да прэзідэнцкай адміністрацыі. У прыёмную дакумент аднеслі Алег Гулак і Таццяна Равяка. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў, піша БелаПАН.

Сутнасць петыцыі зводзіцца да патрабавання неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых «вязняў сумлення».

«Мы лічым асуджэнне праваабаронцы незаконным, звязаным з яго праваабарончай дзейнасцю, - гаворыцца ў петыцыі. - Арышт Алеся стаў вынікам шматгадовай, мэтанакіраванай палітыкі беларускіх улад у дачыненні да праваабарончых і грамадскіх арганізацый краіны: пазбаўлення ў судовым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, стварэння перашкод, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, у рэгістрацыі НДА, наяўнасці крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, фактычнай забароны і крыміналізацыі замежнай фінансавай дапамогі».

Аўтары петыцыі патрабуюць «спыніць ціск і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны і праваабаронцаў, а таксама прывесці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны праў чалавека».

4 жніўня спаўняецца год з моманту затрымання Алеся Бяляцкага. У лістападзе суд Першамайскага раёна Менска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у праваабаронцы замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна». Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага меў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення.

На мінулым тыдні група праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў Расеі выступіла з ініцыятывай аб'явіць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Фота «Салiдарнасць», «Радыё Свабода».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках