15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Гусак: Гэта не выбары – гэта галасаванне

7
Станіслаў Гусак: Гэта не выбары – гэта галасаванне

«Я не буду прымаць удзел у гэтай прафанацыі ўсенароднага маштабу. Няма сэнсу туды ісці», - кажа экспэрт.

Энергетык, аўтар праекту Балтыйска-Чарнаморскага энергетычнага калектара Станіслаў Гусак падзяліўся сваім меркаваннем  з сайтам charter97.org.

- Ці пойдзеце вы на “выбары”?

- Пасля 1994 года я на выбары не хаджу. Гэта не выбары – гэта галасаванне.

Смешна, калі старшыня ЦВК Ярмошына гаворыць, што ў нас выбары прайшлі адпаведна закону. Можа і сапраўды, сам дзень выбараў прайшоў адпаведна закону. Але выбіраць чалавека трэба не ў гэты дзень. А чалавека гэтага трэба выбіраць, як толькі пачаўся час пасля абвяшчэння выбараў. І  вось з гэтага моманту мы павінны бачыць нашага кандыдата. Прэтэндэнты мусяць мець магчымасць публічна  даць адказы на пытанні выбаршчыкаў ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Выбаршчыкі павінны  кантактаваць з кандыдатамі ад  апазіцыі. Гэта абавязкова. А ў дзень галасавання  іх запрашаюць прыйсці на ўчастак, каб аддаць свой голас за каго-небудзь. Чалавек прыходзіць, адкрывае гэты спіс і нікога з гэтага спіса не ведае. І яму няма розніцы, за каго галасаваць. І  калі яму яшчэ нехта там падкажа крыху, ён так і прагаласуе. У нас так адбываецца падчас лукашэнкаўскіх так званых выбараў. Мы павінны разумець, што Лукашэнка прыйшоў таксама не без дапамогі Крамля. І як толькі ён прыйшоў да ўлады, ён стварыў такую сістэму прыдушэння  іншадумцаў і ўсіх, хто залічваў сябе да апазіцыі, што людзі сёння абсалютна не ведаюць тых каштоўнасцяў, на якія абапіраецца апазіцыя.

- Што параіце людзям, якія яшчэ не вызначыліся?

- Людзям раю не хадзіць туды, не ўдзельнічаць.  

- Як вы ставіцеся да таго, што ўсё ж такі апазіцыя не прытрымліваецца адзінай стратэгіі?

- Кожны  чалавек мае права на сваю пазіцыю ва ўсіх палітычных справах. Калі яны лічаць, што маюць рацыю, то хай удзельнічаюць. Але я лічу, што гэта памылка.  

- Ці трэба прымаць удзел у назіранні?

- Я думаю, што толькі ў кантролі (назіранні) варта. Трэба ведаць, якім махлярствам займаецца рэжым. Калі будзем ведаць інструмент махлярства, тады можна супрастаяць. Таму я лічу, што назіраць трэба. А галасаваць няма сэнсу.

Выбары павінны праходзіць у незалежнай дзяржаве. Мы ж сёння знаходзімся у калоніі Расіі. Гэта трэба ўсім разумець, што за сваю свабоду трэба будзе яшчэ пазмагацца. Кіраванне арміяй ужо часткова перададзенае ў Маскву. Масковія валодае сёння значнай часткай прадпрыемстваў, транснацыянальных кампаній. Пастулат, вядомы ў палітыцы: той, хто валодае інфраструктурай, той валодае тэрыторыяй.  Рэжым, што цяпер у нас існуе – рэжым акупацыйны. Ён адпавядае тым дзеянням, якія робіць. У калоніі галасаваць немагчыма.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках