26 снежня 2024, Чацвер, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію імя Сахарава

7
Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію імя Сахарава

У ліку намінантаў на прэмію таксама расейскі панк-гурт Pussy Riot і яшчэ 6 праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў з розных краін свету.

Пра гэта сёння паведаміў сайт camarade.biz.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» не пацвердзілі звестак аб намінацыі Алеся Бяляцкага на прэмію імя Андрэя Сахарава, перадае «Радыё Свабода».

«Мы пакуль гэтых дадзеных не маем. Ведаю, што польскія дэпутаты выступалі з такой ініцыятывай, але што з гэтага атрымалася, не ведаю», - сказаў намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

9 кастрычніка адбудзецца галасаванне па трох фіналістах.

Уручэнне прэміі «За свабоду думкі» запланавана на 12 снежня.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук так пракаментавала навіну:

«Зразумела, што для Алеся гэтае вылучэнне - вялікі гонар. Гэта важна ў любым выпадку, будзе ён узнагароджаны гэтай прэміяй ці не. Гэта важна ў тым сэнсе, што пра Алеся памятаюць і яго падтрымліваюць. І, думаю, для яго таксама будзе важна гэта пачуць і ведаць. Таксама мяркую, што кожны, хто вылучаны, варты прэміі. Таму вельмі важна менавіта вылучэнне, а як яно будзе, так і будзе».

Нагадаем, у канцы жніўня дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі заклікаў падтрымаць вылучэнне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на атрыманне прэміі імя Сахарава.

У сваім звароце Сарыюш-Вольскі падкрэсліў, што ўклад Бяляцкага ва ўмацаванне міру шырока ацэнены, у тым ліку і ААН. Акрамя таго, нагадаў ён, беларускі праваабаронца намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

«Еўрапарламент, які ўжо заявіў пра сваю падтрымку Алеся Бяляцкага ў рэзалюцыі ад 15 верасня 2011 года, можа падкрэсліць універсальную значнасць упартай барацьбы за свабоду ў краінах, дзе кіруюць дыктатары, узнагародзіўшы праваабаронцу прэміяй Сахарава», - заўважыў Сарыюш-Вольскі.

Раней прэмію Сахарава атрымлівалі Аляксандр Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Еўразвяза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму - палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад улад Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках