16 лiстапада 2024, Субота, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З беларускіх амбасадараў зробяць гандляроў

13
З беларускіх амбасадараў зробяць гандляроў

Лукашэнка патрабуе скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы краіны пры міжнародных арганізацыях.

Гэта даручана новаму кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею. Кіраўнік згадаў у сувязі з гэтым даручэннем беларускія місіі пры міжнародных арганізацыях і інтэграцыйных структурах на постсавецкай прасторы. На думку экспертаў, гэты спіс будзе ў выніку значна шырэй, перадае Deutsche Welle.

Каго закрануць скарачэнні

Менскі палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў мяркуе, што гаворка ідзе пра постсавецкія інтэграцыйныя структуры, напрыклад, СНД, ЕўрАзЭС. Фёдараў таксама не выключае, што пад скарачэнне могуць патрапіць і прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях - Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). У той жа час эксперт не лічыць, што ў Беларусі збытак дыпламатаў і чыноўнікаў, якія працуюць у АБСЕ ці ў ААН.

Палітолаг Валерый Карбалевіч прагназуе, што запланаваныя скарачэнні могуць закрануць прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, «кантраляваныя Захадам, а таксама структуры ААН». Па словах аналітыка, яны крытыкуюць афіцыйны Менск, аказваюць на яго ціск, а беларускія дыпламаты, якія працуюць там, нічога не могуць з гэтым зрабіць. «Тады навошта яны там патрэбныя?» - задаецца пытаннем Карбалевіч.

У сваю чаргу палітычны аналітык Раман Якаўлеўскі адзначыў, што скарачэнні могуць закрануць усе замежныя установы, уключаючы амбасады. Пры гэтым ён нагадаў словы Лукашэнкі аб неабходнасці павелічэння беларускага дыппрадстаўніцтва ў Маскве.

«Характэрна, што цяперашняя не зусім зразумелая заява прэзідэнта аб скарачэннях ў замежных дыппрадстаўніцтвах Беларусі прагучала да масавага ўручэння яму даверчых грамат новымі заходнімі амбасадарамі», - падкрэслівае Якаўлеўскі. Гаворка ідзе пра амбасадараў Германіі, Велікабрытаніі, Літвы і Венгрыі. У сваю чаргу палітолаг Юрый Чавусаў указвае, што Беларусь ужо закрыла сваю амбасаду ў Швецыі, а таксама некалькі гадоў не мае амбасадара ў ЗША.

З дыпламатаў - у гандальпрады

Старшыня апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку гаворка не ідзе аб эканоміі сродкаў на дыпламатаў. Для гэтага, упэўнены лідэр АГП, мэтазгодней было б правесці скарачэнні ў праваахоўных органах або ў чыноўніцкім апараце.

На думку Лябедзькі, Лукашэнка, верагодна, збіраецца скараціць палітычны складнік беларускіх прадстаўніцтваў: «Відаць, ён лічыць, што замест паўнавартасных дыпмісій досыць мець гандлёвыя прадстаўніцтвы».

Анатоль Лябедзька не выключае, што будзе змяншацца не толькі колькасць дыпмісій, але і змяняцца іх статус. Па выразе палітыка, беларускі прэзідэнт ўспрымае дыпламатыю толькі ў святле аб'ёмаў паступаючых у Беларусь інвестыцый і гандлю. «Так што дыпламат будзе не толькі дыпламат, а яшчэ гандляр і разведчык», - іранізуе Лябедзька.

Знешняя палітыка не зменіцца

Закранаючы магчымыя наступствы даручэнняў Лукашэнкі, Валерый Карбалевіч падкрэслівае, што казаць пра нейкае змяненне замежнапалітычнага курсу Беларусі пакуль рана. З ім салідарны і Раман Якаўлеўскі.

Паводле яго слоў, такога роду ілюзіі выклікае сам Лукашэнка ў сувязі з прызначэннем новага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. «Але Макею яшчэ не хутка спатрэбіцца бліскучае веданне нямецкай мовы, каб мець зносіны на належным палітычным узроўні з прадстаўнікамі Берліна», - упэўнены эксперт.

На думку Якаўлеўскага, знешнепалітычная змена можа быць толькі адна: хутчэй за ўсё, міністру замежных спраў Беларусі «часцей прыйдзецца сустракацца не са сваім расейскім калегам, а з расейскім амбасадарам у Менску». Для Масквы і такога ўзроўню будзе дастаткова, прагназуе эксперт.

У сваю чаргу палітолаг Юрый Чавусаў адзначае, што скарачэнне беларускіх дыппрадстаўніцтваў за мяжой з'яўляецца «прыкметай згортвання інстытутаў незалежнай дзяржавы». На думку Чавусава, Беларусь становіцца пратэктаратам Расеі не толькі ў эканамічным, але і ў палітычным сэнсе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках