16 лiстапада 2024, Субота, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Беларусь выбрала катастрофу

56

Ужо ўзімку Беларусь чакаюць вельмі жорсткія і сур'ёзныя перамовы з Расеяй і па газе, і па нафце.

23 верасня ў Беларусі праходзілі «выбары» у «палатку». У палаце прадстаўнікоў так і не з'явілася ніводнага дэпутата з ліку апазіцыянераў. Улада, якая шчодра раздавала абяцанні напярэдадні выбараў, цяпер «адпусціла лейцы», і ўжо ў першы поствыбарчы тыдзень стала відавочна: новага вітка эканамічнага крызісу Беларусі не пазбегнуць, піша расейскае інтэрнэт-выданне Утро.ру.

Адразу пасля выбараў насельніцтва зноў прынялося масава скупляць замежную валюту. На стужках незалежных інфармагенцтваў сталі з'яўляцца паведамленні пра тое, што даляры і еўра паступова зноў знікаюць з абменнікаў. Уласныя назіранні карэспандэнта «Yтра» у Беларусі гэта пацвердзілі. Па словах грамадзян, наяўная валюта стала дэфіцытам у дробных абменных пунктах у Брэсце, Гомелі, Віцебску і шэрагу раённых цэнтраў. Як і паўтара года таму, каля абменнікаў пачалі выбудоўвацца чэргі.

Эканаміст аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка тлумачыць, што зарплаты беларусаў напярэдадні выбараў, як звычайна, раслі без усялякіх на тое падстаў. Паколькі людзі не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, «лішнія» грошы яны тут жа ўкладаюць у валюту, а Нацбанк не хоча траціць свае золатавалютныя рэзервы на падтрыманне стабільнага курсу беларускага рубля. Таму ціск на «зайчыка» пастаянна расце. У бліжэйшы час Заіка прагназуе не імклівы, але стабільны рост курсу даляра. Цяпер у краіне адзін «умоўны» можна набыць за 8,6 тыс. «зайчыкаў», але экперт не выключае, што ўжо да канца года курс вырасце да 10 тысяч.

Іншы незалежны эканаміст, Сяргей Чалы, прагназуе, што да канца года курс даляра складзе 9,5 тыс. беларускіх рублёў.

Яшчэ да выбараў Нацбанк планаваў, што па меры паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы і стабілізацыі валютнага рынку ён будзе адмаўляцца ад занадта высокай стаўкі рэфінансавання. Да канца года яна павінна была знізіцца да 20% - 23% з цяперашніх 30% з лішнім. Аднак у сённяшніх валютных умовах рэгулятар ад сваіх планаў адмовіўся. Аб узмацненні жорсткасці прагнозу па стаўцы рэфінансавання грамадскасць даведалася пасля дакладу кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай Аляксандру Лукашэнке ў панядзелак - на наступны дзень пасля абвяшчэння вынікаў выбараў.

Тым часам найбуйнейшы камерцыйны банк краіны - «Прыёрбанк» («дачка» аўстрыйскай групы Raiffeisen) - папрасіў сваіх кліентаў устрымацца ад аперацый з пластыкавымі карткамі, нібыта, у сувязі з тэхнічным збоем у сістэме абслугоўвання. На некаторы час яго кліенты засталіся без наяўных.

Нарэшце, Лукашэнка ў звыклай для сябе манеры стаў супакойваць народ: «Нічога не павінна адбыцца. Па крайняй меры, мы павінны прытрымлівацца такога курсу, як абяцалі народу. Як мы абяцалі, так і павінны ісці, каб нас ніхто не папракнуў». Звычайна адразу праз пару месяцаў пасля такіх абяцанняў кіраўніка дзяржавы ў краіне пачынаюцца эканамічныя катаклізмы.

Урад ужо скараціў дзяржаўныя выдаткі на медыцыну і адукацыю. 2013 г. Беларусь пачне з сур'ёзных бюджэтных рэформаў. Улады лічаць, што неабходна мяняць прынцыпы фінансавання сацыяльнай сферы, а гэта ўжо вельмі трывожны званочак для краіны, якая 18 апошніх гадоў называла сябе «сацыяльна-арыентаванай дзяржавай».

У дапаўненне да ўсяго, у чацвёртым квартале 2012 г. Расея на 26% знізіць пастаўкі нафты ў Беларусь. У сярэднім, Масква прадавала Менску каля 5,3 - 5,4 млн т кожныя тры месяцы. У апошнім квартале яна прадасць каля 4 млн тон. Эксперт у галіне паставак энергарэсурсаў Таццяна Маненок сцвярджае, што Крэмль ідзе на гэтыя крокі, жадаючы пакараць Лукашэнку за гандаль расейскай сырой нафтай пад выглядам растваральнікаў, якія прыносілі беларускаму бюджэту мільярды даляраў. З іх Беларусь не выплочвала экспартную пошліну, гэта значыць фактычна займалася кантрабандай. У жніўні Менск паабяцаў Маскве спыніць нелегальны гандаль, аднак ніякай інфармацыі аб штрафных санкцыях да гэтага часу не было. Наўрад ці Крэмль пакіне Лукашэнку беспакараным. Ходзяць чуткі, што ўжо ўзімку Беларусь чакаюць вельмі жорсткія і сур'ёзныя перамовы з Расеяй і па газе, і па нафце, і па прадастаўленню чарговых крэдытаў. Калі беларускі кіраўнік не здолее ў чарговы раз пераканаць расейскіх калег у сваёй шчырасці, яго краіне трэба рыхтавацца да суровай зімы, робіць выснову расейскае інтэрнэт-выданне.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках