15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Не гандлюйце людзьмі

69
Мікалай Статкевіч: Не гандлюйце людзьмі

Нельга пачынаць гандаль «жывым таварам». Еўропа павінна прытрымлівацца сваёй пазіцыі.

З такім заклікам звярнуўся да еўрапейскіх палітыкаў палітвязень Мікалай Статкевіч.

29 верасня Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.

«Званок стаў абсалютнай нечаканасцю, - кажа жанчына. - Не ведаю, усё ж яму дазволілі тое, на што маюць права астатнія зняволеныя - 2 званка ў месяц, ці гэта вынікі візіту высокага госця?»

Мікалай пацвердзіў, што на днях у турме яго наведаў апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гужэроцці. Сустрэча праходзіла ў прысутнасці намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргея Працэнкі.

Мікалай Статкевіч перадаў, што ў размове з высокім госцем пацвердзіў сваю пазіцыю, якую растлумачыў яшчэ ў апошнім слове ў судзе - нельга прапаноўваць ўладзе грошы за вызваленне палітвязняў, інакш будуць новыя заложнікі.

Ён прасіў Апостальскага нунцыя перадаць сваю глыбокую ўдзячнасць Святому Айцу за ўвагу і малітву, а таксама давесці сваю пазіцыю да еўрапейскіх палітыкаў. Палітвязень яшчэ раз падкрэсліў, што просіць Еўрапейскі звяз не змяняць сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму.

Ён таксама паведаміў, што звярнуўся з прапановай да Сяргея Працэнкі - не прымушаць супрацоўнікаў турмы ісці на здзелку з сумленнем і бясконца вышукваць ў яго розныя дробныя парушэнні, каб працягваць строгі рэжым утрымання, парушаючы пры гэтым закон. «Няхай сваім загадам ДВП «прызначыць» мне тры гады строгага рэжыму, няхай возьмуць на сябе адказнасць і не падстаўляюць людзей», - перадаў Мікалай Статкевіч.

- Ён ведае пра сітуацыю са Зміцерам Дашкевічам, вельмі перажывае за яго і раіць не спыняць ціск, каб спыніць пераслед палітвязня. Таксама прасіў перадаць віншаванні з днём нараджэння Ігару Аліневічу і Алесю Бяляцкаму, паколькі спробы адправіць віншаванні іх сваякам апынуліся марнымі, - паведаміла Марына Адамовіч.

Ці ведае Мікалай аб вызваленні Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава?

- Мабыць, ведае, але я забылася спытаць наўпрост - званок, як заўсёды, нечаканы. Але сказаў, што думае, што пачаўся гандаль, і звязвае візіт нунцыя як раз са спробамі ўлады «дамовіцца».

На здароўе не скардзіцца, адзінае, што сказаў, што цяпер у турэмным дворыку амаль зусім не бывае сонца - восень, сонца нізкае і не дастае праз высокія сцены і рашоткі. І сонейка яму вельмі не хапае.

Але Мікалай не губляе аптымізму і бадзёрасці, імкнецца заняць свой дзень так, каб не заставалася вольнай хвіліны, увесь час заняты справамі. Так і час бяжыць хутчэй, - сказала Адамовіч.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках