15 лiстапада 2024, Пятніца, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Альбомы «Прэс-фота Беларусі» перадумалі спальваць?

2
Альбомы «Прэс-фота Беларусі» перадумалі спальваць?

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адказ на свой запыт адносна лёсу фотаальбомаў.

Падобна на тое, што яны яшчэ маюць шанец вярнуцца да ўладальнікаў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

З ліста вынікае, што Ашмянская мытня падазравала наяўнасць «экстрымізму» ў альбомах «Прэс-фота Беларусі-2011» і перадала іх на экспертызу ва Упраўленне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама.

Ідэолагі экстрэмізму ў альбоме не ўгледзелі, але знайшлі «неадпаведнасць дзяржаўнаму стандарту», на падставе чаго прызналі альбом незаконнай друкаванай прадукцыяй.

Між тым, «пры адсутнасці ў інфармацыйнай прадукцыі заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці... дадзеная прадукцыя вяртаецца органу, які затрымаў... дадзеную прадукцыю для яе вяртання ўладальніку», - піша намеснік начальніка мытні па праваахоўнай працы Уладзімір Данілевіч.

Праўда, дадае ён, альбомы да гэтага часу мытнікам не вярнулі, у сувязі з чым яны накіравалі ідэолагам ліст-напамін. «Пры паступленні друкаваных выданняў у Ашмянскую мытню ўладальнікам дадзеных выданняў будзе паведамлена ў пісьмовым выглядзе», - гаворыцца ў лісце.

- Пакуль рана казаць, якім чынам складзецца лёс альбомаў, - лічыць намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. - Але складваецца ўражанне, што супрацоўнікі мытні зараз задумаліся аб законнасці іх канфіскацыі. Відавочна, у першую чаргу мытню цікавіла, ці не з'яўляюцца альбомы «экстрэмісцкай прадукцыяй», і менавіта за адказам на гэтае пытанне яны звярнуліся ў выканкам. Выканкам назваў альбомы «незаконнай прадукцыяй», спаслаўшыся на парушэнне дзяржстандартаў. Але, па-першае, у адпаведнасці з законам «Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі» (арт. 20), на сённяшні дзень дзяржстандарты «з'яўляюцца добраахвотнымі для ўжывання». Па-другое, выканкам не з'яўляецца органам, упаўнаважаным сачыць за выкананнем дзяржстандартаў.

Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, юрыст не выключае: калі б інцыдэнт не выклікаў шырокага рэзанансу, фотаальбомы маглі б ціха знішчыць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках