15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп просіць дазволіць ёй выезд з Беларусі

51
Ірына Халіп просіць дазволіць ёй выезд з Беларусі

Ірына Халіп просіць дазволіць ёй выезд у Вялікабрытанію і Расею.

Заяву пра гэта журналістка перадала ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Менска, піша БелаПАН.

«Я прашу дазволіць мне выезд на адзін тыдзень у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і на адзін тыдзень - у Расейскую Федэрацыю для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новай газеты», супрацоўнікам якой я з'яўляюся», - паведаміла Ірына Халіп.

На заяву журналісткі, згодна з законам, улады павінны даць адказ цягам 30 сутак.

Нагадаем, Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, у траўні 2011 года, была прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Яна не мае права пакідаць Менск, абавязаная кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00. Адтэрміноўка заканчваецца 17 ліпеня гэтага года, пасля чаго справа Халіп будзе другі раз разгледжаная ў судзе, які пастановіць, вызваліць яе, адправіць у калонію ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.

Лукашэнка неаднаразова (у інтэрв'ю брытанскім журналістам 9 кастрычніка 2012 г, на прэс-канферэнцыі 15 студзеня 2013 года) казаў пра тое, што Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць.

У сваю чаргу намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў, што прысуд Халіп не ўтрымлівае наўпроставай забароны на выезд за мяжу. «Перашкод для яе выезду за мяжу, зыходзячы з прысуду, няма. Для гэтага трэба звярнуцца ў орган, якi загадвае выкананнем прысудаў, - крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Менска. Яна за ёй праводзіць прафілактычнае назіранне. Трэба звярнуцца туды з заявай, якую Халіп хацела б выкласці. Начальнік інспекцыі разгледзіць яе і прыме законную пастанову, - сказаў намеснік генпракурора.

Варта адзначыць, што згодна з законам аб выездзе з Беларусі ўсё асобы, асуджаныя ўмоўна ці з адтэрміноўкай выканання прысуду, аўтаматычна ўносяцца ў спіс асобаў, якім забаронены выезд з краіны.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках