15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без тэрміну даўніны

42
Без тэрміну даўніны

Справы выкрадзеных беларускіх апазіцыянераў не будуць спыненыя да таго часу, пакуль у іх не будзе пастаўлена кропка.

Яшчэ крыху, і справы, заведзеныя паводле факту знікнення вядомых беларускіх палітыкаў, могуць быць спісаныя ў архіў. Мінаюць тэрміны даўніны. Такім чынам, забойцы могуць застацца беспакаранымі. Такі закон, піша "Народная воля".

Чаму не знойдзены вінаватыя ў знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадзкага? Ці можна прымусіць беларускія ўлады расследаваць гэтыя злачынствы? Што рабіць, каб гэтыя страшныя справы не былі спісаныя ў архіў?

Гэтыя пытанні абмяркоўваюць праваабаронца Гары Паганяйла (у свой час ён быў адвакатам сем'яў зніклых палітыкаў), былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які ў 2001 годзе здолеў здабыць і апублікаваць некаторыя дакументы, што праліваюць святло на таямніцу гучных знікненняў, і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (нагадаем, што і Юрый Захаранка, і Віктар Ганчар былі сябрамі гэтай партыі).

Анатоль Лябедзька: 1999-ы год, напэўна, самы вусцішны ў сучаснай беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты год з'явіўся тэрмін "эскадроны смерці". Менавіта ў гэты год былі выкрадзеныя (і вялікая імавернасць, што фізічна знішчаныя) былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, а праз год трагедыя паўтарылася, і мы страцілі аператара ОРТ Дзіму Завадскага. Калі я не памыляюся, яшчэ адзін год - і гэтыя справы будуць спісаныя ў архіў...

Гары Паганяйла: Так, у адпаведнасці з законам існуюць тэрміны даўніны для расследавання гэткіх спраў. І іх заканчэнне дазваляе следству справу спыніць. Як мы разумеем, следства разам з палітычным кіраўніцтвам краіны штучна зацягваюць расследаванне, каб дацягнуць да гэтай часавай мяжы, спыніць справы і спісаць іх у архіў.

Анатоль Лябедзька: Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года з'явіліся дакументы, якія сведчаць аб тым, што таямніца злачынстваў, звязаных са знікненнем палітыкаў, вядзе на самы верх. Васіль Севасцьянавіч, вы не можаце патлумачыць, якім чынам з'явіліся гэтыя дакументы?

Васіль Лявонаў: Гэта людзі ў пагонах (некаторыя яшчэ і цяпер іх носяць тут, у Беларусі) уручылі мне гэтыя дакументы для таго, каб тагачасны кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык іх апублікаваў. Што і было зроблена.

То бок, гэта дакументы ад людзей у пагонах і з сур'ёзнымі рангамі. Гэта па-першае.

А па-другое, ні былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, ні тагачасны начальнік крымінальнай міліцыі генерал Мікалай Лапацік ад гэтых дакументаў не адмаўляюцца. Такім чынам, гэта сапраўдныя дакументы, якія ніхто з улады не бярэцца зняпраўдзіць. Калі б гэта была хлусня, якую грамадскасці "ўсунуў" Лявонаў, то я знаходзіўся б у адпаведным месцы.

Анатоль Лябедзька: Гэта значыць, маецца рапарт генерала Лапаціка на імя міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава (у ім тагачасны начальнік крымінальнай міліцыі выклаў, каму, калі і з якой мэтай экс-сакратар Рады бяспекі Беларусі Віктар Шэйман даў указанне, для чаго выдаваўся пісталет, якім прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. - Рэд.); ёсць сведчанні начальніка следчага ізалятара № 1 Алега Алкаева пра тае, каму і калі выдаваўся так званы "расстрэльны пісталет"... Тады чаму не стала 13 гадоў, каб пасадзіць на лаву падсудных хоць бы выканаўцаў, ужо не кажучы пра арганізатараў і замоўцаў?

Гары Паганяйла: Я ў той час прадстаўляў інтарэсы пацярпелых і ўдзельнічаў у следчых дзеяннях у гэтых справах, таму магу пацвердзіць, што названыя дакументы сапраўдныя, яны знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы. Гэта матэрыялы так званага аператыўнага суправаджэння крымінальнай справы. Яны не з'яўляюцца стоадсоткавымі довадамі, але часткова яны ўсё ж такі былі пацверджаныя. Напрыклад, з нагоды акалічнасцяў, выкладзеных у рапарце Лапаціка, генерал быў дапытаны і пацвердзіў сапраўднасць падзей і фактаў, якія выклаў у рапарце свайму тагачаснаму непасрэднаму начальніку - міністру Навумаву.

Другі рапарт палкоўніка Алкаева таксама знаходзіцца ў матэрыялах справы, і з нагоды гэтага рапарту ён таксама быў дапытаны ў якасці сведкі. Следчы Іван Бранчэль нават зрабіў выняцце так званага "расстрэльнага пісталета", які захоўваўся ў следчым ізалятары № 1, а таксама дзённіка, у якім зарэгістравана, каму гэты пісталет выдаваўся.

Так што апублікаваныя дакументы - гэта сапраўдныя матэрыялы справы. Але чаго не стае? Не стае рэальнага замацавання ў выглядзе довадаў усіх тых падзей, усіх тых фактаў, якія былі выкладзеныя ў гэтых рапартах. У сувязі з гэтым мы неаднаразова заяўлялі хадайніцтвы і азначалі канкрэтныя следчыя дзеянні, якія трэба правесці для поўнага, дакладнага і аб'ектыўнага расследавання. Каб можна было альбо зняпраўдзіць усе гэтыя сведчанні міліцэйскіх начальнікаў, альбо знайсці пацверджанне і замацаваць іх на доваднай базе.

Анатоль Лябедзька: Следства зрушылася, калі генпракурорам быў Алег Бажэлка, старшынём КДБ Уладзімер Мацкевіч... Калі б яны заставаліся на сваіх пасадах, як вы думаеце, быў бы прагрэс у гэтых справах? З чым была звязаная іхняя адстаўка?

Васіль Лявонаў: Расследаванне гэтых гучных знікненняў і стала прычынай адстаўкі. На гэтыя справы быў адпраўлены Віктар Шэйман... Але, на шчасце, не ўсе зачысцілі.

Гары Паганяйла: Нагадаю, што ёсць яшчэ і трэці дакумент - гэта копія пастановы аб затрыманні тагачаснага камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі і змяшчэнні яго ў следчы ізалятар КДБ (там ён знаходзіўся больш за дзень). Рэч у тым, што пастанова аб ягоным арышце ў рамках указа прэзідэнта аб барацьбе з тэрарызмам падпісваў непасрэдна Уладзімір Мацкевіч, старшыня КДБ. І ён спасылаўся на аператыўныя акцыі доўгатэрміновай распрацоўкі, пад якія трапілі Паўлічэнка і ягоная група. У пастанове аб арышце былі азначаныя шматлікія "геройствы" Паўлічэнкі і кампаніі, не толькі іхняе дачыненне да знікнення палітыкаў. І гэта гаворыць пра тое, што на аператыўнай узроўні гэтыя злачынствы раскрытыя, вінаватыя асобы выяўленыя, але, яшчэ раз паўтару, трэба было ператварыць усе гэтыя матэрыялы ў довады.

Больш за тое, магу сказаць, што следчыя сцвярджалі, што ім было б дастаткова двух тыдняў, каб скончыць расследаванне гэтых спраў.

Анатоль Лябедзька: І я магу спраўдзіць гэтыя словы. У мяне была сустрэча-размова з адным са следчых пракуратуры: пасля таго, як з мяне былі ўзятыя сведчанні, следчы выйшаў са мной у калідор і шчыра сказаў: "Няўжо вы думаеце, што ў нас бракуе матэрыялаў для таго, каб давесці справу да суда? "

Гэта значыць адкрытым тэкстам было сказана, што ўсё ў гэтых справах зразумела. Але вынікае, што тым людзям, якія вышэй за генеральнага пракурора і вышэй за старшыню КДБ, было нявыгадна ператварэнне аператыўных матэрыялаў у довадную базу. Ім не трэба было рэальна расследаваная крымінальная справа, якая дойдзе да суда. Так трэба разумець?

Васіль Лявонаў: Ну а як інакш? Раптам прыбіраюць старшыню КДБ, генеральнага пракурора, і, дарэчы, спачатку прыбіраюць і Віктара Шэймана. Вось тады і з'явіліся гэныя рапарты. Таму што і Лапацік, і Алкаеў меркавалі, што Шэйман будзе разам з Паўлічэнкам. А потым сталася наадварот - Шэймана вярнулі...

Гары Паганяйла: Мякка кажучы, дзіўным выглядаюць паводзіны Лукашэнкі як непасрэдна пасля знікнення вядомых людзей, так і ў часе расследавання і ў наступныя гады.

Анатоль Лябедзька: Я хачу сказаць пра такога важнага фігуранта, як былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Ён узначаліў міністэрства ўжо пасля знікнення Захаранкі і Ганчара, але да гэтага камандаваў спецпадраздзяленнем "Альфа", узначальваў Службу аховы Лукашэнкі. Якія ягоныя месца і роля?

Гары Паганяйла: Вось гэта і абавязанае было высветліць следства. У нашых неафіцыйных матэрыялах, у матэрыялах грамадскага расследавання Навумаў значыцца як падазраваная асоба. Прынамсі ён непасрэдна апекаваўся тымі байцамі, якія трапілі пад жорны расследавання, а ў некаторых выпадках - і суда. Так, калі казаць аб выкраданні Змітра Завадзкага, то, відаць, менавіта Навумаву абвінавачаныя абавязаны тым, што былі не расстраляныя, а атрымалі пажыццёвае зняволенне. Менавіта «дзякуючы» Навумаву мы сёння так і не ведаем канчатковага лёсу Дзімы Завадскага, не ведаем, што адбылося. Бо і следства, і суд спыніліся на паўдарозе. Выяўлена толькі, што былы баец спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Ігнатовіч з таварышамі Дзіму выкралі... А далей што? Дзе Дзіма Завадскі? Яны яго аддалі ў рукі чачэнцаў, забілі, прычынілі цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія прычыніліся да смерці і затым пахавалі немаведама дзе? Што адбылося? Няма адказу.

І так у шэрагу іншых момантаў. Напрыклад, у справе Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага незразумела, хто выстаўляў так званы «баявы заслон» у месцы выкрадання? Хто кіраваў тымі людзьмі, якія затым выяўлялі магчымых сведак здарэння захопу палітыка і бізнэсоўца?

І гэтак далей. Пытанняў да Навумава – два вазы і цэбар. Але следствам ён не дапытаны.

Анатоль Лябедзька: А ў вас была магчымасць нейкім чынам кантактаваць з Навумавым?

Гары Паганяйла: Так, аднойчы мы мелі такую ​​магчымасць. Ён быў тады ў рангу міністра. На той час нас перш за ўсё цікавіла сапраўднасць з'яўленых дакументаў ды іх далейшы лёс. Навумаў заявіў аб сапраўднасці рапартаў і пацвердзіў, што на іх рэзалюцыі, зробленыя ягонай рукой. Сказаў, што ён як міністр прыняў пастанову аб перадачы гэтых матэрыялаў у следчыя органы - непасрэдна кіраўніку следчай групы Івану Бранчэлю.

Зразумейце, Навумаў быў прызначаны міністрам, кіраваў і аператыўнымі службамі, і следствам у гэтых справах, ён паводле пасады абавязаны быў ведаць, у якім кірунку рухаецца справа і што з фігурантамі гэтай справы. Але, звяртаю увагу, палітычная частка гэтай справы так і не даследавалася.

Васіль Лявонаў: Ёсць і спрэс працэсуальны момант у дадатак да гэтай палітычнай часткі. Пасадзілі падазраванага, ёсць ордэр на ягоны арышт. А паводле якога дакумента гэтага падазраванага выпусцілі? Бо так і няма ніякай афіцыйнай пастановы аб тым, на якой падставе Паўлічэнку трэба выпусціць.

Анатоль Лябедзька: Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што Дзмітрый Паўлічэнка дэ-юрэ павінен знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ?

Васіль Лявонаў: Выяўляецца, што так. Як распавядаў былы генпракурор Алег Бажэлка, усё адбылося наступным чынам. Прэзідэнт загадаў прывезці Паўлічэнку з следчага ізалятара да сябе ў кабінет. Прывезлі. Лукашэнка яго проста са свайго кабінета адпусціў. Вось і ўсё.

Анатоль Лябедзька: Я як чалавек, які пасядзеў у следчым ізалятары КДБ, ведаю, наколькі цяжка адтуль выйсці. І калі выходзяць фігуранты гучнай справы праз тэлефанаванне або распараджэнне кагосьці, хто не мае дачынення да следства, - гэта сапраўды паказчык зацікаўленасці ў выніку справы.

Гары Паганяйла: Завастру ўвагу яшчэ на адным моманце, які ўвесь час прапускаецца. Бо падставай да арышту Паўлічэнкі былі не толькі знікненні палітыкаў, але і шэраг іншых цяжкіх злачынстваў. Дык вось: ніводнае з тых злачынстваў, якія былі названыя ў пастанове, што паслужыла прававой падставай для арышту Паўлічэнкі, да гэтага часу таксама не расследаванае, вінаватыя не выяўленыя. Гэта ўжо кажа шмат пра што.

Анатоль Лябедзька: Вам не здаецца, што тэма зніклых палітыкаў пачала сыходзіць? У апошнюю прэзідэнцкую кампанію аб гэтых злачынствах ужо практычна не гаварылася...

Васіль Лявонаў: Хто гаварыў гучна, таго збілі амаль да інваліднасці або за краты адправілі. Нават афіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты баяцца гэтай тэмы. Вы памятаеце, як збівалі Казуліна і як ён да гэтага часу яшчэ ачомваецца. Вы ведаеце, дзе Мікалай Статкевіч, які актыўна гэтую тэму ўзнімае. Таму я, напрыклад, і за Уладзіміра Ганчарыка баяўся, пытаўся: "Вось табе матэрыялы, будзеш гаварыць?" Гэта вельмі небяспечная тэма...

Анатоль Лябедзька: Але што рабіць? Гэты год вызначальны. Калі штосьці не рабіць, то справы аб знікненні нашых таварышаў проста спішуць у архіў.

Васіль Лявонаў: Пакуль існуе цяперашняя ўлада, з яе боку ніхто нічога рабіць не будзе.

Гары Паганяйла: Я разумею, што ўвага грамадскасці сёння трохі прытупленая, але наступны, 2014-ы, год сапраўды вызначальны. І, напрыклад, мы, праваабаронцы, рыхтуем шэраг акцый. Яны звязаныя з тым, каб следчыя органы адказалі на тыя хадайніцтвы аб правядзенні канкрэтных следчых дзеянняў, пра якія мы прасілі. Пакуль у адказах гучала: "такая тактыка следства", "будзе час - мы гэтым зоймемся" і гэтак далей і да гэтага падобнае. Але рана ці позна давядзецца наважыць і растлумачыць, трэба праводзіць допыт таго ж Навумава ці не, трэба было праводзіць адпаведныя экспертызы ці не... І так ва ўсіх следчых дзеяннях, аб якіх мы настойліва хадайнічалі. Калі нам пакажуць, што ўсё кола дзеянняў, пра якія мы прасілі, выкананае, але нічыю віну давесці не здолелі - гэта адна пазіцыя. Але калі ніводнае з нашых хадайніцтваў фактычна не задаволенае, не праведзеныя следчыя дзеянні, то пра якое поўнае расследаванне можа ісці гаворка?

Анатоль Лябедзька: Усе мы ведаем, якая рэакцыя сусветнай грамадскасці на так званую "справа Магніцкага". Забарона на ўезд у ЗША, блакаванне даляравых рахункаў ва ўсіх банках свету, цяпер Еўропа абмяркоўвае свае санкцыі да тых, хто быў датычны да загубы расейскага юрыста і нерасследавання гэтай справы. Ці не можа і ў справах зніклых беларускіх палітыкаў паўтарыцца такі сцэнар? Бо справы Ганчара і Захаранкі не менш гучныя...

Васіль Лявонаў: Я думаю, што гэта адное з пытанняў, якія сур'ёзна выпускае наша аб'яднаная апазіцыя.

Анатоль Лябедзька: Гэта значыць, у гэтым пытанні трэба аб'яднацца? Бо яно не толькі палітычнае, але і маральнае.

Васіль Лявонаў: Так. Але трэба мець на ўвазе, што некаторымі апазіцыянерамі будзе рухаць страх. І наогул, праблема зніклых - гэта сур'ёзны тэст на прыналежнасць да таго ці іншага лагеру.

Гары Паганяйла: Яшчэ ў 2003 годзе і прадстаўнікі пацярпелых, і сваякі зніклых звярнуліся ў КДБ Беларусі з заявай аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да канкрэтных фігурантаў (мы іх ужо называлі) паводле артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу - гэта злачынства супраць чалавецтва. Рэч у тым, што ўсё гэта (выкрадання людзей, пасля якіх нічога пра лёс гэтых людзей не вядома) утварае міжнародны склад злачынства, паводле якога тэрміны даўніны не дзейнічаюць. І тыя, хто спрабуе адседзецца, адлічваючы устаноўлены законам 15-гадовы тэрмін даўніны, глыбока памыляюцца ў сваіх спадзяваннях.

Не ў Беларусі, так за яе межамі ў кожным выпадку справа гэтая не будзе спыненая датуль, пакуль у ёй не будзе пастаўленая кропка. Пакуль не будуць знойдзеныя самі зніклыя або іхнія трупы. І пакуль не будзе выяўлена, хто быў вінаваты ў гэтых так званых пазасудовых пакараннях смерцю.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках