26 снежня 2024, Чацвер, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta.ru: Менск мяняе калій на рату

45
Gazeta.ru: Менск мяняе калій на рату

Эканамічная сітуацыя прымушае ўлады расстацца з часткай «фамільнага срэбра».

Дзяржкаммаёмасці Беларусі прапануе ўраду прадаць замежнікам мінарытарныя пакеты акцый ААТ «Беларуськалій» і нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан». Эканамічная сітуацыя прымушае ўлады расстацца з часткай «фамільнага срэбра», прызнаў прэм'ер Міхаіл Мясніковіч. Прыватызацыя - галоўная ўмова выдачы Менску чарговай раты крэдыту ЕўрАзЭС, нагадвае Gazeta.ru.

Улады Беларусі павінны прыняць прынцыповую палітычную пастанову аб магчымасці продажу высокаліквідных актываў, заявіў у сераду кіраўнік дзяржаўнага камітэта маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў. З ягоных слоў, гэта трэба для таго, каб выканаць даручаную ўстанове, а таксама іншым дзяржорганам і аблвыканкамам заданне знайсці аб'екты, продаж якіх дазволіць прывабіць у 2013 годзе не менш за $ 2,5 млрд замежных інвестыцый. «Прапануем прадаць частку акцый «Нафтану», «Беларуськалія», дзе рэальна можам атрымаць $ 2,5 млрд», - заявіў чыноўнік. Бліжэйшым часам гэтую тэму плануецца разгледзець ва ўрадзе, дадаў ён.

Тое, што продаж акцый «Нафтана» і «Беларуськалія» іншым інвестарам магчымы, у панядзелак ўскосна пацвердзіў беларускі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. «Ва ўсіх праектах, якія выгадныя для краіны, мы можам разглядаць і развязваць пытанні прыватызацыі, - цытуе прэм'ера інфармагенцтва БелТА. - Ёсць праекты з так званай дзяльбы фамільнага срэбра - так вось і гэтыя праекты могуць разглядацца як аб'екты прыватызацыі, калі гэта будзе выгадна для Рэспублікі Беларусь. Абмежаванняў у гэтым плане няма».

Продаж не выключыў раней і Лукашэнка. 15 студзеня ён паведаміў, што інвестарам можа быць прададзены мінарытарны пакет «Беларуськалія» - «25-30%, не больш». «Кантроль над прадпрыемствам павінен застацца ў руках дзяржавы. Мы «Беларуськалій» ацэньваем сёння ў $ 35 млрд, не менш », - заявіў правадыр.

Прыватызацыя актываў - адна з умоў атрымання Беларуссю чарговай раты крэдыту ад антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Выдачу Менску $ 3 млрд рада фонду ўхваліла ўлетку 2011 года. Сродкі павінны паступаць некалькімі ратамі на працягу 2011-2013 гадоў, пры ўмове, што Менск штогод будзе прыватызаваць актывы на $ 2,5 млрд. У 2011 годзе рэспубліка выканала ўмову, прадаўшы 50% «Белтрансгаза» «Газпрому» акурат на гэтую суму. Але ў 2012 годзе ўлады Беларусі правялі прыватызацыю толькі на некалькі мільёнаў даляраў. Пры гэтым краіна атрымала ўжо тры раты па $ 440 млн.

У сераду, пасля таго як прагучала заява Георгія Кузняцова аб патрэбе прадаць мінарытарныя пакеты «Нафтана» і «Беларуськалія» за $ 2,5 млрд, Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) распаўсюдзіў паведамленне, што ўжо на наступным тыдні Беларусь можа атрымаць чарговыя $ 440 млн у рамках чацвёртай раты стабкрэдыту Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС. Паводле раскладу рата павінна была паступіць у Менск яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Сродкі ўжо ўключаны ў склад крыніц фінансавання дэфіцыту нацыянальнага бюджэту ў 2013 годзе.

Жаданне ўзяць удзел у прыватызацыі «Нафтана» раней выказвалі «Роснефть» і «Лукойл». «У нас ёсць супольнае прадпрыемства з «Нафтанам», якое займаецца вырабам прысадак да паліва, - распавядаюць у «Лукойле». - Калі прыйдзе канкрэтная прапанова аб набыцці пэўнай дзелі ў «Нафтане» пэўным коштам, мы, магчыма, будзем яе разглядаць. Але на сённяшні дзень разглядаць няма чаго». Прадстаўнік «Роснефті» быў у сераду для каментароў недаступны.

«Нафтан» - актыў дастаткова прывабны, - кажа аналітык RMG Securities Міхаіл Лашчынін. - Расейскім кампаніям было б зручна пастаўляць на яго сваю сыравіну (яна ішла б без мытаў, бо Беларусь уваходзіць у Мытны саюз), а затым пастаўляць яго ў Еўропу». Кандыдатам на куплю 25-30% «Нафтана», на думку Лашчыніна, можа стаць і «Газпром нефть», якая плануе дыверсіфікаваць свае перапрацоўчыя магутнасці. «Газпром нефть» на запыт не адказала.

Да «Беларуськалію» цікавасць выяўляў расейскі «Уралкалій». У 2011 годзе ён спрабаваў купіць беларускі актыў, ацаніўшы яго ў $ 14 млрд. Але ўгода скасавалася пасля таго, як урад Беларусі выставіў кошт у $ 30 млрд.

Крыніца ў хімічнай галіне Расеі мяркуе, што Беларусь не прадасць больш за 20% «Беларуськалія»: гэта не ў інтарэсах Лукашэнкі. «Пакупнікамі могуць выступіць Кітай або Індыя», - мяркуе ён. Расейскаму вытворцу калію - «Уралкалію» - мінарытарны пакет малацікавы, тым больш што за яго, мусібыць, беларусы запытаюць неадэкватна высокую плату, адзначае крыніца.

Аналітык Райфайзэнбанка Канстанцін Юмінаў таксама мяркуе, што на продаж будзе выстаўленая дзель меншая за блокпакета (25%). «Уладальнік блокпакета ўжо можа уплываць на дзейнасць кампаніі», - нагадвае экспэрт. Але і такая ўгода пад вялікім пытаннем, дадае экспэрт, менавіта праз тое, што Беларусь традыцыйна надмерна ацэньвае свае актывы. А кан'юнктура на рынку хлорыстага калія, адзначае ён, на гэты момант не вельмі добрая.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках