15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Index of Censorship: Беларускі рэжым зробіць больш жорсткім кантроль над Інтэрнэтам

46
Index of Censorship: Беларускі рэжым зробіць больш жорсткім кантроль над Інтэрнэтам

Улады Беларусі плануюць устанавіць яшчэ больш жорсткі кантроль у сетцы.

«Улады Беларусі істотна пашырылі свой кантроль над сферай лічбавай камунікацыі грамадзян краіны. Нямногія ўсведамляюць, што ў цяперашні час рэжым мае магчымасць кантраляваць практычна ўсе дзеянні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце», - заявіў супрацоўнік «Індэкса цэнзуры» (Index on Censorship) па Беларусі і рэгіёне АБСЕ Андрэй Аляксандраў, каментуючы апублікаваны 4 студзеня аналітычны даклад гэтай арганізацыі «Беларусь: Сетка пад кантролем», піша БелаПАН.

У дакладзе адзначаецца, што Беларусь з'яўляецца краінай з адным з горшых рэйтынгаў свабоды прэсы і свабоды выказвання ў свеце. Новыя лічбавыя тэхналогіі, у першую чаргу інтэрнэт, далі новыя магчымасці для свабоды слова, але ў той жа час яны забяспечылі ўлады і «новымі інструментамі для задушвання свабодных галасоў і адсочвання іншадумцаў». Паколькі інтэрнэт становіцца ўсё больш важнай крыніцай інфармацыі, улады Беларусі выкарыстоўваюць розныя спосабы для кантролю над ім, адзначаюць эксперты. Па іх словах, «захаванне жорсткага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны застаецца асновай палітыкі існуючага рэжыму, накіраванай на ўтрыманне ўлады».

Даклад аналізуе асноўныя выклікі свабодзе слова ў інтэрнэце ў Беларусі, у прыватнасці канцэнтруючыся на метадах, якія ўлады выкарыстоўваюць для абмежавання свабоды выказвання анлайн.

Па-першае, адзначаюць эксперты, існуюць заканадаўчыя абмежаванні, такія як крымінальная адказнасць за абразы і паклёп, крымінальны і адміністрацыйны пераслед актывістаў і журналістаў. Па-другое, свабода слова абмяжоўваецца пры дапамозе новых тэхналогій, праз анлайн-сачэнне, блакаванне і фільтраванне сайтаў, кібератакі на незалежныя вэб-рэсурсы і маніпуляцыю кантэнтам.

Аналіз, які правёў «Індэкс цэнзуры», паказвае, што ўлады Беларусі плануюць зрабіць яшчэ больш жорсткім кантроль над доступам грамадзян краіны да лічбавага свету.

У дакладзе адзначаецца, што новыя заканадаўчыя акты падаюць уладам шырокія паўнамоцтвы па цэнзуры анлайн-кантэнту, у прыватнасці на падставе падазрэнняў у «распаўсюджванні незаконнай інфармацыі», і правядзенні масавага сачэння за дзеяннямі грамадзян у інтэрнэце.

Урад інвесціруе ў стварэнне спецыяльнага абсталявання і праграм, якія дазваляюць адсочваць практычна ўсё, што беларускія карыстальнікі робяць у інтэрнэце. Заходнія фірмы былі заўважаныя ў пастаўках абсталявання, якое можа выкарыстоўвацца для такога сачэння. У Беларусі адзначаныя арышты мадэратараў папулярных апазіцыйных груп і супольнасцяў у сацыяльных сетках. Журналісты і актывісты, якія адкрыта выказваюць сваё меркаванне, сутыкаюцца з крымінальным пераследам па абвінавачваннях у паклёпе і абразах вышэйшых службовых асобаў дзяржавы. Супраць незалежных сайтаў прымяняюцца DDoS-атакі, асабліва ў дні выбараў і іншых важных палітычных падзей.

Даклад змяшчае пэўныя рэкамендацыі, прытрымліванне якім, на думку «Індэкса цэнзуры», дазволіць ураду Беларусі выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў галіне свабоды выказвання і правоў чалавека. Акрамя таго, дадзеныя рэкамендацыі міжнародным арганізацыям і структурам, такім як Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, АБСЕ, Рада Еўропы, а таксама нацыянальным урадам еўрапейскіх краін, якія маюць кантакты з беларускім урадам альбо іншым чынам уцягнутыя ў сітуацыю ў Беларусі.

«Мы заклікаем улады Беларусі спыніць спробы татальнага кантролю над анлайн-актыўнасцю грамадзян краіны. Мы таксама заклікаем да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і забеспячэння свабоды слова ў краіне. Еўрапейскі звяз павінен прыняць меры, якія перашкаджаюць экспарту абсталявання і тэхналогій, якія дазваляюць весці сачэнне ў інтэрнэце, у такія краіны, як Беларусь», - адзначыў кіраўнік аддзела адвакасі «Індэкса цэнзуры» Майкл Харыс.

Index on Censorship - міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, мэтай якой з'яўляецца падтрымка свабоды выказвання. З дапамогай кампаній і публікацый Index on Censorship кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і дае слова журналістам, пісьменнікам, мастакам і актывістам, чыя свабода слова была парушаная. На працягу некалькіх апошніх гадоў Index on Censorship актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу свабодзе выказвання ў краіне.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках