15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Дэмакратычнай Беларусі патрэбная дапамога міжнароднай супольнасці»

14
Андрэй Саннікаў: «Дэмакратычнай Беларусі патрэбная дапамога міжнароднай супольнасці»

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» даў інтэрв'ю радыёстанцыі Бі-Бі-Сі.

Прайшло два гады з таго моманту, як лідэр беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, на якіх апошні дыктатар Еўропы «перамог» з вялікім адрывам. Гэтыя вынікі многія ставяць пад сумнеў.

Пасля заканчэння выбараў Андрэй Саннікаў прыняў удзел у дэманстрацыі пратэсту супраць несумленнага падліку галасоў. Ён быў арыштаваны і кінуты за краты на 16 месяцаў. Пасля вызвалення ў гэтым годзе ён пакінуў Беларусь і знайшоў прытулак у Велікабрытаніі, дзе цяпер жыве ў сваёй сястры. Яго жонка - журналіст Ірына Халіп - засталася разам з іх маленькім сынам пад хатнім арыштам у сталіцы Беларусі Менску. Аляксандр Лукашэнка ў адным з апошніх інтэрв'ю абяцаў даць загад аб яе вызваленні, але з тых часоў нічога не змянілася.

Журналісты Бі-Бі-Сі наведалі Андрэя Саннікава ў Лондане, каб распытаць пра турэмны вопыт і пра стан дэмакратыі ў Беларусі (пераклад - charter97.org).

- Давайце ў першую чаргу нагадаем, з-за чаго вы пакінулі Беларусь і прыехалі ў Велікабрытанію.

- Я прыехаў сюды і быў вымушаны прасіць палітычны прытулак, таму што лічу, што маё вяртанне дадому пагражае маёй бяспекі і бяспекі маёй сям'і. Гэта было складанае рашэнне, але яго неабходна было прыняць.

- Вашай сям'і па-ранейшаму пагражае небяспека?

Так, вядома. Гэта самае цяжкае для мяне, таму што мая жонка працягвае заставацца фактычна пад хатнім арыштам. Я спадзяюся, што мой ад'езд хоць трохі паспрыяе яе бяспецы.

- Вы знаходзіліся ў зняволенні на працягу 16 месяцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, пасля таго, што адбылося ў 2010 годзе. Раскажыце нам аб сваім турэмным вопыце.

- Па-першае, я быў арыштаваны па палітычных прычынах. Я, мае сябры і калегі, іншыя людзі патрапілі ў турму за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый, якія былі падчас выбараў. Няволя была найбольш цяжкім часам у маім жыцці.

Былі створаныя невыносныя ўмовы - мне не давалі спаць па начах, я падвяргаўся асабістаму надгляду, падчас якога мяне прымушалі распранацца дагала ў вельмі халодным памяшканні на працягу даволі доўгага часу. Падчас надглядаў ставілі тварам да сцяны, білі дубінкамі па ўсім, што было вакол, трашчалі электрашокерамі. Шмат было хітраванняў. Яны дастаткова ўмела рабілі маё знаходжанне ў турме невыносным.

Але самым цяжкім для мяне было тое, што яны пагражалі маёй жонцы і дзіцяці. Мая жонка знаходзілася ў той жа самай турме. Спачатку нас кінулі ў цэнтр для затрыманых, куды звычайна дастаўляюць удзельнікаў дэманстрацыяў. Нейкі час я таксама быў там. І, шчыра кажучы, адразу акрыяў, калі мяне адтуль забралі, а маю жонку пакінулі.

- А чаму вы акрыялі духам?

- Таму што, калі б яе пакінулі там, то праз некалькі дзён павінны былі выпусціць, можа быць нават на наступны дзень, вызваліць з-за нашага маленькага сына - яму тады было ўсяго тры гады. Гэта мяне і ўзрадавала. Але праз некалькі дзён даведаўся, што яна трапіла ў тую ж самую турму КДБ, дзе быў я. Ужо пасля свайго вызвалення я даведаўся, што яна нейкі час знаходзілася ў суседняй камеры.

- У той час вы пра гэта не ведалі.

- Я меркаваў, таму што некалькі разоў я чуў яе голас, але толькі потым пераканаўся, што гэта сапраўды была яна. Нам забаранялі размаўляць, калі нас выводзілі з камер, але яна змагла гучна нешта сказаць і я пазнаў яе голас.

- Чаму, па-вашаму, вас у рэшце рэшт вырашылі вызваліць?

- Фармальнай прычынай стала тое, што я напісаў прашэнне аб памілаванні. Гэта было зроблена ў крытычны момант, калі пад пагрозай было маё жыццё. Але фактычна гэта было зроблена пад ціскам міжнароднай супольнасці, з-за тых мер, якія былі прынятыя Еўрапейскім Звязам, у тым ліку урадам Велікабрытаніі. Яны змаглі дастаткова жорстка патрабаваць вызвалення палітычных зняволеных.

- Ваша жонка па-ранейшаму застаецца пад хатнім арыштам?

Так.

- Якога роду ціск неабходны для яе вызвалення? І ці дапаможа ціск яе выхаду на волю?

- Я думаю, што сёння не аказваецца дастатковага ціску для вызвалення палітвязняў. Магчыма, грамадскасць і палітычныя лідэры не ўяўляюць, у якіх цяжкіх умовах яны зараз знаходзяцца, у якой сітуацыі знаходзіцца Ірына. Толькі ўчора я размаўляў з ёй па скайпе, і ў гэты час раздаўся званок у дзверы - прыйшлі супрацоўнікі міліцыі праверыць яе. Гэты напамін - не ў першы раз.

- Ці не даводзілася вам шкадаваць пра тое, што вы пакінулі яе?

- Увесь час. Але мы абмяркоўвалі гэта. І гэта было нашым агульным рашэннем - так будзе бяспечней для іх.

- Лукашэнка досыць смела ў інтэрв'ю заяўляе, што ганарыцца тым, што яго называюць дыктатарам. Ці можа хто-небудзь эфектыўна супрацьстаяць яму ў такіх абставінах?

- Вядома, можа. Я прыняў удзел у прэзідэнцкай кампаніі не столькі з-за нейкіх прэзідэнцкіх амбіцый, колькі таму, што хацеў змяніць сітуацыю ў краіне. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, у краіне - дыктатура, у такой сітуацыі не перамагаюць шляхам выбараў, паколькі іх проста няма. 19 снежня 2010 года адбылося не толькі тое, што ўрадавыя сілы жорстка задушылі дэманстрацыю, са збіццём і крывёй. Быў велізарны эмацыйны ўздым у людзей... Яны ўбачылі надзею, яны ўбачылі шанец на перамены, яны адчулі сябе свабоднымі і былі адзіныя ў сваім адчуванні гэтай свабоды. Гэта быў выдатны момант нашай гісторыі.

- Няма прыкмет беларускай вясны, зімы, восені, лета... Аднолькавыя пачуцці людзей, якія выйшлі... Але скончылася гэта тым, што здарылася, тым, што здарылася з вамі.

- Але рэжым перапалохаўся. Так, сёння няма якіх-небудзь бачных прыкмет, але я б сказаў, што абсурднасць цяперашняй сітуацыі і ёсць прыкмета таго, што доўга яна не працягнецца.

- Што павінна адбыцца для таго, каб наступілі перамены?

- Я магу сказаць адно: ва ўмовах дыктатуры без дапамогі міжнароднай супольнасці немагчыма дамагчыся якіх-небудзь пераменаў у Беларусі.

- Але, на жаль, яно робіць недастаткова для аказання ціску на ўлады Беларусі?

- Сітуацыя мяняецца. Беларускі бізнэс, эканоміка звязаныя з Захадам мацней, чым з Расеяй і гэтыя сувязі пашыраюцца. Гандлёвы абарот з Еўрапейскім Звязам больш, чым з Расеяй ці Украінай. Я лічу, што не можа быць сумеснага бізнэсу з Беларуссю, пакуль Лукашэнка ва ўладзе. У першую чаргу Еўрапейскі Звяз мае ўсе рычагі для таго, каб у рэшце рэшт дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Лабісты дыктатараў у Еўрапейскім Звязе моцныя. Лабісты рэжымаў ёсць у бізнес-колах, таму што гэта прыбыткова, як вы разумееце. Здзелкі з такімі рэжымамі прыносяць прыбытак. Я перакананы, вялікая частка дзейнасці, якая праходзіць у парушэнне міжнароднага права - такая, як гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасць, нелегальны продаж зброі - заахвочваецца падобнымі рэжымамі і стварае шчыліны ў міжнароднай сістэме барацьбы з гэтымі з'явамі.

- Як вы растлумачылі тое, што адбылося, вашаму сыну? Яму цяпер пяць гадоў. Як вы яму патлумачылі, дзе быў яго бацька?

- Я ніколі не казаў яму пра тое, што быў у турме, гэтак жа, як мая жонка і нашы бацькі. Я думаю, што ён здагадваецца. Пасля турмы, ён мяне, вядома, не пазнаў, таму што я быў без барады. Потым ён стаў чапаць мой твар, убачыў, што расце шчацінне і супакоіўся. Цяпер ён прыняў сітуацыю і не задае пытанняў. Мы размаўляем з ім па скайпе, па тэлефоне. Па крайняй меры, ён ведае, што я ў межах дасяжнасці.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках