Суд над намеснікам Ладуцькі перавялі ў закрыты рэжым
7- 4.01.2013, 15:17
На судзе будуць даследавацца матэрыялы аператыўнага ўліку КДБ.
Па словах суддзі Наталлі Аляхновіч, матэрыялы знаходзяцца пад грыфам «сакрэтна», піша «Наша Нiва».
Няясна, працэс да канца будзе закрытым або толькі пакуль будуць разглядацца дакументы.
4 студзеня на працэсе над экс-намеснікам сталічнага мэра Ігарам Васільевым праходзіў допыт сведак і пачалося даследаванне матэрыялаў крымінальнай справы.
Сярод дапытаных - былы намеснік мэра Менска Аляксандр Барысенка, начальнік аддзела дакументазвароту і кантролю кіраўніцтва спраў Менгарвыканкама Святлана Нагорнава. Апошняя прысутнічала пры затрыманні Васільева 6 ліпеня 2012 года. У той дзень яна знаходзілася ў кабінеце памочніка намесніка мэра, калі ў сумеснай з Васільевым прыёмнай з'явіліся незнаёмыя людзі.
Адзін з іх не дазволіў нікуды выходзіць, не прадстаўляўся і забараніў тэлефанаваць.
Сведка Дзяніс Давыдаў, які працаваў у Камітэце эканомікі Менгарвыканкама, распавёў пра фармалізм у працы чыноўнікаў. Ён таксама быў сакратаром Камісіі па заключэнні інвестыцыйных дамоў. Паводле яго слоў, на пасяджэнні камісіі пытанне аб мэтазгоднасці будаўніцтва чэшскага завода па перапрацоўцы смецця не разглядалася. Хоць такое рашэнне зафіксавана ў спецыяльным пратаколе.
Давыдаў адзначыў, што гэтае пытанне паўстала ў канцы пасяджэння (у парадку дня наогул не было), калі члены камісіі пачалі збірацца сыходзіць. І ніхто нічога не абмяркоўваў, не галасаваў. А супрацоўнікі гарвыканкама Яроменка і Ахроменка сказалі яму, каб пазней зайшоў узгадніць тэкст пратаколу. І яны прадыктавалі рашэнне адносна завода: маўляў, бачаць мэтазгодным яго будаваць.
З агучаных на судзе дакументаў стала зразумела, якія грошы Васіль Ананьеў прынёс у кабінет Васільева - гэта 250 тысяч даляраў са «спецыяльных сродкаў» КДБ.
Пры ператрусе на кватэрах Ігара Васільева і яго родных былі канфіскаваныя каштоўнасці, ювелірныя вырабы, зліткі (не ўдакладнялася якія - верагодна, залатыя), патроны, пісталет з дазволам на яго, банкаўскія карткі...
Была зачытаная характарыстыка Мікалая Ладуцькі на Васільева.
«У канфліктных сітуацыях вытрыманы», але «не хапае настойлівасці і самастойнасці» ў прыняцці рашэнняў.
З характарыстыкі вынікае, што разглядалася пытанне аб пераводзе намесніка мэра на іншую пасаду з меншым аб'ёмам працы.
Нагадаем, Васільеў быў затрыманы 6 ліпеня супрацоўнікамі КДБ. Яму прад'яўленае абвінавачванне па ч.3 арт.430 КК Беларусі (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры).