16 лiстапада 2024, Субота, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

S&P: Беларускім банкам пагражаюць надзвычай высокія рызыкі

7
S&P: Беларускім банкам пагражаюць надзвычай высокія рызыкі

Standard & Poor`s па-ранейшаму трымае Беларусь у групе краін з самым высокім узроўнем эканамічнай рызыкі.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's у свежай справаздачы, якая прысвечаная ацэнцы краінавых рызык беларускіх банкаў, паказвае, што «стабілізацыя макраэканамічных умоў у Беларусі застаецца няўстойлівай». Эксперты рэйтынгавага агенцтва ацэньваюць краінавыя рызыкі для беларускіх банкаў як «надзвычай высокія», пішуць «Белорусские новости».

Эканамічныя і палітычныя рызыкі

Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor`s па-ранейшаму трымае Беларусь у групе краін з самым высокім узроўнем эканамічнай рызыкі. Нагадаем, што ў гэтай групе краін Беларусь апынулася ў лістападзе 2011 года пасля двух шокаў на валютным рынку, якія выявіліся ў рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

Крэдытны аналітык Standard & Poor's Сяргей Вараненка кажа, што 2012 год быў перыядам макраэканамічнай стабілізацыі ў Беларусі, аднак пакуль рашэнне аб пераводзе рэспублікі ў катэгорыю краін з меншым узроўнем эканамічных рызык не можа быць прынятае.

«Сігналы стабілізацыі беларускай эканомікі мы адзначаем у сваіх справаздачах. Аднак калі мы ацэньваем узровень краінавых рызык, нам неабходна бачыць, што стабільная эканамічная сітуацыя вытрыманая ў часе і будзе такой жа заставацца ў далейшым. Пакуль мы не можам зрабіць такіх высноваў аб сітуацыі ў Беларусі, таму і не можам прымаць сёння нейкія станоўчыя рэйтынгавыя рашэнні», - паведаміў Сяргей Вараненка.

У снежаньскай справаздачы, якая прысвечаная ацэнцы краінавых рызык банкаўскага сектара Беларусі, аналітыкі Standard & Poor's справядліва адзначаюць, што ў рэспубліцы захоўваюцца планы вяртання да стымулявання эканамічнага росту, якія рэалізоўваліся да 2010 года і прывялі да валютна-фінансавага крызісу.

У справаздачы рэйтынгавага агенцтва таксама паказваецца, што разам з эканамічнымі існуюць і палітычныя рызыкі для беларускіх банкаў.

«Узровень палітычных рызык у Беларусі застаецца вельмі высокім. Амаль усе рашэнні прымае Аляксандр Лукашэнка, які з'яўляецца галоўнай фігурай у палітычнай сістэме Беларусі з 1994 года. На нашу думку, гэта зніжае прадказальнасць палітычнага курсу ўрада», - гаворыцца ў справаздачы Standard & Poor's, якая з'явілася ў апошніх чыслах снежня.

Паводле ацэнкі экспертаў агенцтва, беларуская банкаўская сістэма характарызуецца па меншай меры «ўмераным» узроўнем стабільнасці. Асноўныя рызыкі, на думку аналітыкаў рэйтынгавага агенцтва, якія датычацца банкаўскага сектара Беларусі, звязаныя з макраэканамічным асяроддзем у краіне.

«Макраэканамічны складнік мае вельмі вялікі ўплыў на банкаўскі сектар Беларусі. Гэта, перш за ўсё, абумоўлена тым, што дзяржаве належаць найбуйнейшыя банкі, якія кантралююць каля 70% усіх актываў. Тыя правілы гульні, якія існуюць у банкаўскім сектары, устанаўлiваюцца дзяржавай, у фінансавай сіле якой у нас няма сёння дастатковай ўпэўненасці, што і адлюстравана ў нашых краінавых і банкаўскіх рэйтынгах (B-)», - кажа Сяргей Вараненка.

Тым не менш, аналітыкі рэйтынгавага агенцтва чакаюць (паводле базавага сцэнару), што Беларусь усё ж такі зможа рэфінансаваць знешнія абавязацельствы і своечасова разлічыцца з крэдыторамі ў 2013 годзе. Калі ж гэтага па нейкіх прычынах не адбудзецца (стрэсавы сцэнар), праблемныя актывы ў банкаўскай сістэме могуць істотна ўзрасці.

«У выпадку наступлення стрэсавага сцэнара праблемныя актывы ў банкаўскай сістэме растуць, такая заканамернасць уласцівая для ўсіх краін. Калі казаць у дачыненні да Беларусі, то любыя шокі на валютным рынку, якія ўласцівыя вашай краіне, могуць выклікаць рост праблемных актываў. У адных выпадках, як паказаў 2011 год, пазычальнікі проста не могуць купіць валюту, каб разлічыцца па крэдытах, у іншых - кошты станавіліся настолькі высокімі (пасля дэвальвацыі), што ў пазычальнікаў узнікалі праблемы са збытам, і гэта таксама вяло да росту праблемных актываў» , - успамінае Сяргей Вараненка.

Той факт, што Standard & Poor's працягвае адносіць Беларусь да ліку краін з самай высокай эканамічнай рызыкай, негатыўна ўплывае на магчымасці беларускіх банкаў прыцягваць знешняе фінансаванне. У першую чаргу гэта вядзе да істотнага падаражэння знешніх запазычанняў на еўрапейскіх рынках. Акрамя таго, еўрапейскія банкі нярэдка абмяжоўваюць аб'ём фінансавых рэсурсаў, якія могуць быць вылучаныя краіне з высокім узроўнем эканамічных рызык.

«Праўда, на Беларусь пазітыўна ўплывае той узровень фінансавай падтрымкі з боку расейскіх банкаў, даччыныя структуры якіх ажыццяўляюць аперацыйную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. З улікам інтэграцыйных сувязей, якія існуюць паміж Беларуссю і Расеяй, многія расейскія гульцы фінансавага рынку лаяльна ставяцца да тых рызык, якія існуюць на беларускім рынку», - рэзюмаваў Сяргей Вараненка.

Беларуская стабільнасць застаецца далікатнай

Справаздача аб краінавых рызыках беларускіх банкаў, падрыхтаваная Standard & Poor's, адлюстроўвае існуючыя сумневы знешніх назіральнікаў ва ўстойлівасці эканамічнай стабільнасці, якая склалася ў Беларусі.

Варта адзначыць, што і іншыя міжнародныя арганізацыі, якія пільна сочаць за станам фінансавага рынку Беларусі, выказваюць падобныя сумневы.

На думку экспертаў рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, беларуская «макраэканамічная стабільнасць з'яўляецца даволі далікатнай». У снежаньскім паведамленні аналітыкі агенцтва звяртаюць увагу на адносна хуткі рост крэдытавання ў Беларусі і апераджальны рост заработнай платы, не падмацаваны ростам прадукцыйнасці працы.

«Дадзены момант у спалучэнні са значнымі выплатамі валютнай пазыкі ў 2013 годзе, у прыватнасці МВФ, можа зноў аказаць ціск на курс нацыянальнай валюты», - гаворыцца ў паведамленні агенцтва Fitch Ratings.

Міжнародны валютны фонд у сваім снежаньскім паведамленні таксама выказваў асцярогі, звязаныя з захаваннем макраэканамічнай стабільнасці ў Беларусі.

На думку фонду, пастаўленыя беларускімі ўладамі на 2013 год «празмерна высокія мэтавыя паказчыкі эканамічнага росту могуць аслабіць стан плацежнага балансу, падштурхнуць інфляцыю і стварыць пагрозу для ўстойлівасці пазыковай сітуацыі».

Такім чынам, галоўная рызыка, якую ўгледжваюць знешнія назіральнікі - вяртанне да ранейшай практыцы выканання дырэктыўных паказчыкаў, калі планавыя лічбы становяцца бóльшым прыярытэтам для дзяржавы, чым макраэканамічная стабільнасць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках