15 лiстапада 2024, Пятніца, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асацыяцыя з ЕЗ і інтэграцыя з МЗ несумяшчальныя

19
Асацыяцыя з ЕЗ і інтэграцыя з МЗ несумяшчальныя

Еўрапейскія палітыкі прыспешваюць Кіеў з выкананнем крытэрыяў для падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ.

Не ўпусціць гістарычны шанец заклікалі ўкраінскіх палітыкаў прадстаўнікі Нямеччыны і ЕЗ, якія знаходзяцца з візітам у Кіеве. Чыноўнікі з Брусэля і Берліна нагадалі, што Украіне трэба будзе ў сціслыя тэрміны выканаць папярэднія ўмовы падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам і зоне свабоднага гандлю. Гэта павінна адбыцца на саміце краін-сябраў праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» ў Вільні, які пройдзе ў канцы лістапада 2013 года, паведамляе Расейская служба DW.

Грошы ў абмен на развязанне праблем

11 кастрычніка ў Вярхоўнай радзе адбыўся Нацыянальны круглы стол у пытаннях еўраінтэграцыі Украіны з удзелам еўрапейскіх палітыкаў. Са слоў чальцоў Еўрапейскай камісіі ў пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле, рэжым свабоднага гандлю з Еўразвязам, які запрацуе ў выпадку падпісання пагаднення аб асацыяцыі, будзе даваць штогадовы прырост украінскай эканоміцы больш чым на 6 адсоткаў. Фюле паабяцаў, што ЕЗ выдаткуе Украіне фінансавую дапамогу ў правядзенні рэформаў на агульную суму ў 796 млн еўра, а таксама заявіў пра гатоўнасць дапамагчы краіне ў атрыманні крэдытаў МВФ. Але ўсё гэта будзе магчыма толькі ў выпадку выканання Кіевам усіх умоў для падпісання пагаднення.

Спіс гэтых папярэдніх умоў застаецца ранейшым: рэформа сістэмы пракуратуры, судовай і выбарчай сістэм. Падчас пленарных пасяджэнняў 8-11 кастрычніка Вярхоўная рада прыняла за аснову законапраект аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю аб незалежнасці суддзяў. Закон аб выбарах дэпутатаў парламента, са слоў яго аўтараў, ужо зарэгістраваны ў парламенце і будзе разгледжаны на бліжэйшых пленарных пасяджэннях. А законапраект аб пракуратуры яшчэ чакае адабрэння экспертаў Венецыянскай камісіі.

Януковіч зноў абяцае выпусціць на свабоду Цімашэнку

Адным з ключавых умоваў падпісання пагаднення аб асацыяцыі застаецца спыненне практыкі выбарчага правасуддзя ў дачыненні да палітычных апанентаў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб вызваленні з-пад варты экс-прэм'ера Украіны Юліі Цімашэнкі. Кіраўнік парламенцкай фракцыі Партыі рэгіёнаў Аляксандр Яфрэмаў падчас круглага стала заявіў, што ён так і не дачакаўся ад юрыстаў і паплечнікаў Цімашэнкі законапраекту, які дазволіў бы адпусціць яе на лячэнне ў Нямеччыну.

У адказ лідары апазіцыйных парламенцкіх сіл Арсеній Яцанюк і Віталь Клічко нагадалі Яфрэмаву, што прэзідэнт мае права на памілаванне і яму ўжо накіраваны дзясяткі просьбаў аб гэтым з сотнямі подпісаў палітыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Сам Януковіч пасля сустрэчы з Фюле назваў праблему вызвалення Цімашэнкі «найбольш балючым пытаннем». «У бліжэйшы час мы канчаткова вызначымся, якім шляхам развяжам гэтае пытанне», - заявіў Януковіч.

ЕЗ абароніць Кіеў ад Масквы

Нямеччына і Украіна маюць агульную гісторыю і належаць да агульнай еўрапейскай культуры, заявіў на прайшоўшай 11 кастрычніка ў Кіеве канферэнцыі «Шлях насустрач Усходняму партнёрству» міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле (Guido Westerwelle). Берлін, з ягоных слоў, падтрымлівае імкненне Кіева да збліжэння з Еўразвязам і дасягненне бязвізавага рэжыму з краінамі ЕЗ для ўкраінскіх грамадзян.

Вестэрвеле назваў недапушчальным ціск на Украіну з боку Расеі з мэтай спыніць збліжэнне Кіева з ЕЗ. Гэты ціск выклікаў адваротны эфект і толькі спрыяе гатоўнасці еўрапейцаў падтрымаць Украіну на шляху еўраінтэграцыі. Аднак Масква дарма нервуецца з нагоды еўрапейскага выбару Украіны, упэўнены Вестэрвеле. «Асацыяцыя з ЕЗ не супярэчыць добрым адносінам з Расеяй, і я думаю, што Германія з'яўляецца лепшым доказам гэтага: мы маем выдатныя адносіны з Расеяй не толькі ў энергетыцы, але і іншых сферах», - заявіў міністр замежных спраў Нямеччыны.

Асацыяцыя з ЕЗ выключае інтэграцыю ў МЗ

Штэфан Фюле падчас канферэнцыі падкрэсліў, што ЕЗ не гатовы «здраджваць сваім базавым каштоўнасцям дзеля геапалітычных гульняў» і што пасля асацыяцыі Украіны з ЕЗ яе інтэграцыя з Мытным звязам стане немагчымай. Але гэта нi ў якім разе не накіравана супраць каго б там ні было. «Мы цалкам сур'ёзна гаворым аб зоне свабоднага гандлю ад Лісабона да Уладзівастока. Пагадненне аб асацыяцыі з Украінай не супраць гэтага, а вядзе да гэтага», - заявіў еўракамісар.

Фюле абверг засцярогі шэрагу палітыкаў адносна абмежавання суверэнітэту Украіны, ці нібыта шкоду для яе эканомікі ў выніку падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ. «І Кіеў, і Брусэль возьмуць на сябе сур'ёзныя абавязацельствы. Пасля падпісання пагаднення, яшчэ да яго ратыфікацыі парламентамі краін ЕЗ, усе мы адчуем значныя перавагі для бізнэсу і для грамадзян Украіны», - сказаў еўракамісар.

Віцэ-спікер Еўрапарламента і сустаршыня парламенцкай асамблеі праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» («Еўранэст») Яцэк Сарыюш-Вольскі, выступаючы на канферэнцыі ў Кіеве, назваў дакумент, які рыхтуецца да падпісання, «гістарычным шанцам». З ягоных слоў, ступень гатоўнасці Украіны да асацыяцыі з ЕЗ папярэдне будуць ацэньваць міністры замежных спраў Еўразвяза на сваёй сустрэчы 21 кастрычніка. «А калі не атрымаецца, то адбудзецца яшчэ адна сустрэча міністраў 18 лістапада. Але тады можа быць ужо позна», - папярэдзіў Сарыюш-Вольскі.

Днём раней, 10 кастрычніка, камітэт замежных спраў Еўрапарламента ўхваліў даклад Сарыюш-Вольскага і станоўча ацаніў падрыхтоўку Украіны да падпісання пагаднення.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках