«Guardian»: Беларуская апазіцыя патрабуе пашырэння санкцый
37- 17.10.2013, 16:32
- 38,742
Толькі санкцыі выратуюць жыцці беларускіх палітвязняў, упэўнены Андрэй Саннікаў.
Еўрапейскі Звяз гуляе ключавую ролю ў падтрымцы кіравання Лукашэнкі, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы. Пра гэта заяўляе адзін з вядучых апазіцыйных лідараў краіны, які правёў год у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў, піша брытанская газета «Guardian» (пераклад - charter97.org).
На гэтым тыдні ўсім 28 міністрам замежных спраў Еўрапейскага Звяза быў адпраўлены праграмны дакумент і ліст, у якім іх заклікаюць пашырыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў і кампаній. Дакументы былі падпісаныя актывістамі апазіцыі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, у тым ліку і Андрэем Саннікавым, які прымаў удзел у выбарах 2010 года, якія многія лічаць сфальсіфікаванымі.
«Еўропа зноў праводзіць палітыку ўцягвання, - кажа ён. - Але такая палітыка проста не працуе з дыктатарамі».
Андрэй Саннікаў быў збіты супрацоўнікамі міліцыі і арыштаваны пасля дэманстрацыі, якая скончылася гвалтоўным разгонам у снежні 2010 года. Пазней яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». Пад ціскам міжнароднай супольнасці палітык быў вызвалены вясной 2011 года. Андрэй Саннікаў лічыць, што санкцыі з'яўляюцца адзіным спосабам прымусіць беларускія ўлады выпусціць з турмаў астатніх палітычных зняволеных і пайсці на гэтак неабходныя саступкі грамадзянскай супольнасці.
Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Лукашэнка стварыў у ёй палітычную і эканамічную сістэму па савецкім узоры.
Санкцыі ЕЗ ужо дзейнічаюць у дачыненні да некаторых асобаў і фірмаў у Беларусі і ў канцы месяца могуць быць падоўжаныя. Андрэй Саннікаў і многія іншыя сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца недастаткова эфектыўнымі, таму што не перакрываюць асноўныя крыніцы даходу Лукашэнкі і яго рэжыму.
У дакуменце пералічваюцца бізнесмены, якія вызначаныя як «кашалькі» беларускага кіраўніка, але ў дачыненні да якіх не распаўсюджваецца дзеянне санкцый. Іх бізнес быў бы немагчымы без «дазволу і глыбокай уцягнутасці» рэжыму. Адзін з алігархаў - Юрый Чыж - ужо прысутнічае ў «чорным спісе» разам з большай часткай сваіх кампаній. Аднак тры яго фірмы былі выведзеныя з-пад дзеяння санкцый дзякуючы лабіяванню Латвіі.
Апазіцыя настойвае на ўключэння гэтых кампаній, а таксама фірм алігархаў Мікалая Вараб'я і Аляксандра Шакуціна ў «чорны спіс».
Андрэй Саннікаў заявіў, што асабіста ўручыў ліст брытанскаму міністру па справах Еўропы Дэвіду Лідынгтану.
«Наша пазіцыя ў дачыненні да беларускіх уладаў застаецца яснай. Усе дзяржавы-удзельніцы згодныя, што не можа быць ніякіх зменаў у пазіцыі Еўрапейскага Звяза, у тым ліку і ў дачыненні да санкцый, пакуль мы не ўбачым неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. У выпадку адсутнасці якіх-небудзь станоўчых пераменаў санкцыі будуць падоўжаныя ў кастрычніку, - сказалі ў Міністэрстве замежных спраў Велікабрытаніі. - Мы рэгулярна абмяркоўваем сітуацыю ў Беларусі з партнёрамі па ЕЗ і рабілі гэта ў апошнія тыдні. Велікабрытанія разам з усімі дзяржавамі-удзельніцамі па-ранейшаму занепакоеная сітуацыяй у Беларусі і адсутнасцю павагі правоў чалавека і вяршэнства закона».
Нядаўнія змены ў правілах, якія рэгулююць санкцыі, азначаюць, што для таго, каб уключыць у спіс прыватную асобу або кампанію, ЕЗ проста павінен атрымаць пацверджанне таго, што яны маюць выгаду ад супрацоўніцтва з уладамі альбо ад іх падтрымкі.
«Цяжка даказаць, што гэтыя кампаніі перадаюць адсотак ад свайго прыбытку рэжыму, але значна прасцей абгрунтаваць, што яны атрымліваюць прыбытак ад гэтага, таму што ўсе яны маюць выгадныя пагадненні», - сказаў міжнародны адвакат па правах чалавека, з якім праводзілі кансультацыі складальнікі ліста.
Праграмны дакумент таксама патрабуе, каб санкцыі былі распаўсюджаныя на кантраляваныя дзяржавай нафтавыя і калійныя кампаніі-экспарцёры.
Паводле слоў аўтараў дакладу, у 2012 годзе агульны аб'ём экспарту з Беларусі ў ЕЗ склаў €12,9 мільярдаў. Рэальныя лічбы часта маскіруюцца на фоне велізарных даходаў, якія Беларусь атрымлівае ад транзіту і рээкспарту. Іншая шчыліна ўключае перарэгістрацыю шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у Латвіі з завуаліраванымі спробамі схаваць іх рэальных уладальнікаў для таго, каб пазбегнуць санкцый.
«Санкцыі існуюць на паперы, а ЕЗ думае, што аказвае ціск на беларускія ўлады. На самой справе, яны не працуюць», - сказаў Юрый Джыбладзэ, адзін са складальнікаў дакумента.
Андрэй Саннікаў кажа яшчэ больш проста: «Менавіта ЕЗ аказвае падтрымку рэпрэсіўнаму апарату Лукашэнкі».
На думку аўтараў, Лукашэнка будзе ўразлівы для фінансавага ціску перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, так як ён спрабуе захаваць зарплаты і пенсіі на штучна павышаным узроўні. Фінансавыя аналітыкі сцвярджаюць, што ўмераны дабрабыт большасці беларусаў быў магчымым толькі дзякуючы велізарным субсідыям Крамля, якія вычарпаліся, калі Маскву стала раздражняць нежаданне Лукашэнкі прадаць ключавыя аб'екты інфраструктуры.
«Ён не хвалюецца з-за рэзалюцый, - сказаў Юрый Джыбладзэ, паказваючы на дзесяткі рэзалюцый Рады ААН па правах чалавека, Еўрапейскага Звяза і іншых міжнародных арганізацый, якія заклікалі Беларусь вызваліць палітвязняў і паважаць вяршэнства закона. - Мы лічым, што мэтанакіраваныя і разумныя санкцыі з'яўляюцца адзіным спосабам прымусіць Лукашэнку выконваць свае міжнародныя абавязацельствы».
Праблема заключаецца ў тым, што для таго, каб санкцыі ўступілі ў сілу, неабходная згода ўсіх 28 краін-удзельніц ЕЗ. Блок сутыкнуўся з супрацьдзеяньнем з боку Латвіі і Славеніі з нагоды ўключэння беларускіх алігархаў у «чорны спіс». Яно пагражала гэтым дзяржавам стратай часткі даходаў.
«На жаль, бізнес-інтарэсы часта перамагаюць каштоўнасці», - сказаў Юрый Джыбладзэ.