Праваабаронцы Еўропы заклікаюць да ўзмацнення санкцый супраць Лукашэнкі
11- 18.10.2013, 14:04
- 45,311
ЕЗ заклікаюць звярнуць увагу на кампаніі, якія падтрымліваюць дыктатуру з дапамогай экспарту ў ЕЗ.
Праваабарончыя групы са Швецыі, Чэхіі, Германіі, Эстоніі, Славакіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Нарвегіі і Беларусі накіравалі ліст міністрам замежных спраў краін-удзельніц ЕЗ і Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, у якім гаворыцца, што санкцыі ў іх сённяшнім выглядзе не працуюць. «Толькі паслядоўная стратэгія ЕЗ з выкарыстаннем эфектыўных абмежавальных мер можа прывесці да станоўчых зменаў у Беларусі і, у першую чаргу, да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных». Ліст таксама падпісаны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былым палітвязнем Андрэем Саннікавым, лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Ліст накіраваны напярэдадні сустрэчы Еўрапейскай Рады па міжнародных адносінах, якая адбудзецца ў Люксембургу 21 кастрычніка, каб абмеркаваць санкцыі. Бягучыя санкцыі супраць больш чым двухсот персон і кампаній мінаюць у канцы кастрычніка, і 28 краін-удзельніц ЕЗ на сустрэчы Рады павінны будуць прыняць рашэнне аб падаўжэнні санкцый у цяперашнім выглядзе, выключэнні некалькіх імёнаў ці даданні новых.
Аўтары ліста прыкладаюць праграмны дакумент, апублікаваны некалькі дзён таму Рабочай групай па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, міжнароднай кааліцыі больш чым 40 НДА. Дакумент дае аналіз, які тлумачыць, чаму эканамічныя санкцыі ЕЗ былі эфектыўныя спачатку і чаму яны больш не працуюць. У ім гаворыцца, што ЕЗ не ужыў санкцыі ў дачыненні да кампаній, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі з дапамогай экспарту ў ЕЗ і што экспарт у ЕЗ павялічваецца, нягледзячы на санкцыі. У дакуменце гаворыцца, што эфектыўнасць санкцый варта павысіць праз зніжэнне і пагрозу зніжэння экспарту. Гэта можа быць зроблена праз закрыццё праломаў, пакінутых у 2012 годзе, і ўвядзенне процівагі чаканым выключэнням са спісу санкцый з дапамогай дадання ў іх вядучых беларускіх кампаній, многія з якіх належаць беларускім алігархам, якія атрымліваюць прывілеі ад рэжыму ў абмен на фінансавую падтрымку. Праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі ліст да ЕЗ, заяўляюць, што яны цалкам падтрымліваюць гэтыя заключэнні і заяўляюць, што «калі дадзеныя рэкамендацыі будуць прынятыя, то гэта ў значнай ступені паспрыяе пазітыўным зменам у Беларусі».
У лісце таксама гаворыцца, што нягледзячы на шматлікія абяцанні вызваліць палітвязняў, дадзеныя эмісарамі Лукашэнкі, сітуацыя з вязнямі сумлення толькі пагаршаецца. На працягу 2013 года не было зарэгістравана ніводнага паляпшэння ў сітуацыі з правамі чалавека і вяршэнствам закона. У апошні час колькасць палітвязняў у чарговы раз павялічылася. Па меншай меры, 10 палітвязняў застаюцца за кратамі і адбываюць свае тэрміны пакарання ў невыносных умовах. Яшчэ некалькі чалавек, якія адбылі свае тэрміны або былі вызваленыя ўказамі аб памілаванні, застаюцца істотна абмежаванымі ў сваіх грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама пастаянна трапляюць у небяспеку паўторных арыштаў. Рэпрэсіі супраць грамадзянскіх і палітычных актывістаў, незалежных журналістаў і праваабаронцаў не спыняюцца і не слабеюць. Фундаментальныя правы на свабоду волевыяўлення, свабоду сходаў, свабоду асацыяцый, права на справядлівы суд па-ранейшаму сістэматычна парушаюцца. Усё гэта адбываецца на фоне нарастальнага «дыялогу» паміж ЕЗ і Беларуссю. «Дыялог» не працуе, а абмежавальныя меры, якія ўжо даказалі сваю эфектыўнасць у дасягненні вызвалення палітычных зняволеных, сёння настолькі паслабленыя, што не прыносяць вынікаў, кажуць аўтары дакумента.
Санкцыі ЕЗ, якія раней былі эфектыўныя ў дасягненні вызвалення палітвязняў, сталі неэфектыўнымі ў сувязі з наяўнасцю праломаў і адсутнасцю палітычнай волі для пашырэння санкцый. Не дзіўна, пішуць аўтары ліста, што палавіністае прымяненне слабых санкцый, якая дазваляе расці гандлю паміж Беларуссю і ЕЗ, не спрыяе пазітыўным зменам у Беларусі. Праломы, пакінутыя для прыватных экспарцёраў нафтахімічнай прадукцыі ў адпаведнасці з бізнес-інтарэсамі некаторых краін-удзельніц ЕЗ, дазволілі рэжыму атрымаць дадатковыя тры мільярды даляраў і застацца на плаву ў 2012 годзе.
«У Лукашэнкі няма прычыны вызваляць палітвязняў або ўводзіць іншыя паляпшэнні, калі ён думае, што можа працягваць нарошчваць прыбытак не робячы гэтага. Выключна важна, каб краіны-удзельніцы ЕЗ прынялі адказнае рашэнне падоўжыць і пашырыць абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускага рэжыму», - заявіў Юрый Джыбладзэ, каардынатар Рабочай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і суаўтар дакумента.
Андрэй Саннікаў сказаў: «Кожны год Рада ЕЗ зноў і зноў запэўнівае нас у сваёй занепакоенасці і дэманструе сваю рашучасць, падоўжыць дзеянне абмежавальных мер. Прыйшоў час прадэманстраваць цвёрдасць пашырыць санкцыі і ўзмацніць іх эфектыўнасць. Апошнія навіны ад палітвязняў, асабліва ад Міколы Статкевіча і Мікалая Аўтуховіча, чые лісты з турмаў прэса назвала «лістамі з пекла», сведчаць пра тое, што іх жыццю пагражае небяспека і патрабуюць ад ЕЗ рашучых дзеянняў».
З праграмным дакументам Рабочай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі можна азнаёміцца па АДРАСЕ.
Арганізацыі, якія падпісалі ліст, уключаюць: грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь» (Беларусь і Польшча), Ostgruppen (Швецыя), Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт (Нарвегія), AdHoc (Славакія), «Чалавек у бядзе» (Чэхія), Фонд «Адкрытая Эстонія» (Эстонія), Ліберэко - Партнёрства ў імя правоў чалавека (Швейцарыя і Германія), Фінска -Расейскі Грамадзянскі Форум (Фінляндыя).