15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Трэба ставіць пытанне аб легітымнасьці Лукашэнкі

44
Андрэй Саннікаў: Трэба ставіць пытанне аб легітымнасьці Лукашэнкі

Неабходная жорсткая лінія ў дачыненні да дыктатара і адмена віз у краіны ЕЗ для простых беларусаў.

Пра гэта заявіў, выступаючы 29 кастрычніка на канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі» ў Вільні, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, перадае БелаПАН.

«Я буду заклікаць да санкцый, таму што, паверце, яны працуюць, - сказаў былы палітвязень. - Лукашэнка разумее толькі мову санкцый. Павінна быць жорсткая лінія ў дачыненні да дыктатара і яго рэжыму і адначасовае ўцягванне ў дыялог беларускага грамадства».

Андрэй Саннікаў таксама лічыць неабходным адмяніць візы для простых беларускіх грамадзян. На яго думку, гэта вельмі добрая магчымасць падтрымаць менавіта простых беларусаў. «Адмена віз значна больш узмоцніць сімпатыі беларусаў да ЕЗ, чым якія б то ні было заявы», - мяркуе палітык.

Па словах Андрэя Саннікава, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе «стварылася акно магчымасцяў» для зменаў у Беларусі, але ім не скарысталіся. «У Еўропы не было разумення і веры, што ў Беларусі можа нешта адбыцца і змяніцца. Апазіцыя выйгравала выбары, і я быў галоўным кандыдатам. Чаму Еўропа жорстка не паставіла пытанне аб легітымнасці Лукашэнкі, незразумела», - адзначыў палітык.

Ён назваў вельмі небяспечнымі спробы ЕЗ «гуляць у лібералізацыю» з беларускімі ўладамі. «Пасля кожнай такой спробы сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, - сказаў Саннікаў. - Калі Еўропа гатовая ўзяць на сябе адказнасць, прычым персанальную адказнасць, за далейшыя рэпрэсіі і забойствы ў Беларусі, то хай працягвае сваю палітыку ўцягвання рэжыму ў дыялог».

У сваю чаргу намеснік кіраўніка руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што Лукашэнка ў апошнія гады ў адносінах з ЕЗ і Расеяй «эфектыўна выкарыстоўвае палітыку маятніка». «Але поле для манеўру звужаецца. Праз два гады можа адбыцца падпісанне пагаднення аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што стане для нас кропкай незвароту», - сказаў Губарэвіч.

Ён падкрэсліў, што палітыка ЕЗ «большае за большае», калі ў адказ на пазітыўныя крокі краіны ЕЗ прапануе нейкія прэферэнцыі, у дачыненні да Беларусі не працуе. «Палітыка Лукашэнкі і ў дачыненні да ЕЗ, і ў дачыненні да Расеі вельмі простая: атрымаць як мага больш грошай, але не прымаць ніякіх рашэнняў, якія могуць паўплываць на стабільнасць яго ўлады», - сказаў Губарэвіч.

На яго думку, рычаг змены ўзаемадзеяння ЕЗ з Беларуссю ляжыць у іншай плоскасці».

«Лукашэнка вымушаны ўлічваць грамадскую думку. Ёсць некалькі прыкладаў, калі ён адступаў перад абуранай грамадскай думкай - напрыклад пры павышэнні коштаў на бензін некалькі гадоў таму або нядаўна, калі гаварылася пра магчымае ўвядзенне пошліны на выезд. Нельга забываць, што па розных апытаннях каля 40% беларусаў падтрымліваюць ідэю збліжэння з ЕЗ. І гэта - патэнцыял уздзеяння на рэжым», - лічыць Губарэвіч.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу заявіў, што «вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, а таксама правядзенне свабодных і сумленных выбараў - гэта тая стратэгія, якой павінен прытрымлівацца ЕЗ».

«Калі дамагчыся толькі вызвалення палітвязняў без наступных сумленных выбараў, то гэта азначае захаванне ўсіх цяперашніх умоў, што ў будучыні прывядзе да з'яўлення новых палітвязняў», - сказаў палітык.

Нагадаем, напярэдадні вечарам, выступаючы на канферэнцыі, кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Майра Мора заявіла, што Рада Еўразвяза плануе падоўжыць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў да 31 кастрычніка 2014 года. У спіс тых, хто падпадае пад дзеянне санкцый, па яе словах, будуць дададзеныя тры новыя прозвішчы, выключыць са спісу плануецца 13 чалавек і пяць прадпрыемстваў.

У цяперашні час пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕЗ падпадаюць 242 беларускіх чыноўнікі.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках