Павал Дэмеш: «Усходняе партнёрства» і Лукашэнка несумяшчальныя
21- 30.10.2013, 7:52
- 29,565
Казаць пра ўдзел дыктатарскай Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» няма сэнсу.
Такія сцвярджэнні можна было пачуць у ходзе дыскусіі ў МЗС Літвы па сітуацыі ў гэтай краіне. Яе ўдзельнікі адзначылі, што патрэбная стратэгія, а ЕЗ павінен атрымаць урокі са спробаў дыялогу з рэжымам, якія ўжо мелі месца. У той жа час, на думку выступоўцаў, неабходна далучаць грамадзянскую супольнасць Беларусі ў еўрапейскую арбіту, піша літоўскі партал ru.DELFI.lt.
У рамках міжнароднай канферэнцыі «Стратэгія будучай палітыкі ў дачыненні да Беларусі» ў МЗС Літвы сёння адбылася дыскусія «Паміж Усходам і Захадам: Беларусь на шляху ва Усходняе партнёрства?» з удзелам літоўскіх і замежных экспертаў, а таксама прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Афіцыйныя прадстаўнікі Менска на мерапрыемстве не з'явіліся.
Віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас адзначыў, што Беларусь блізкая Літве не толькі геаграфічна, але гістарычна і ў культурным плане. Акрамя таго, ён адзначыў важнасць эканамічных кантактаў.
«Таму мы незадаволеныя тым, што адбываецца ў гэтай краіне - парушэннем правоў чалавека і фундаментальных свабод, наступствам чаго з'яўляюцца складанасці ў адносінах ЕЗ і Беларусі, - адзначыў ён, дадаўшы, што Літва застаецца верным прыхільнікам уцягвання Беларусі. - І мы спадзяемся, што Беларусь скарыстаецца старшынствам Літвы ў Радзе ЕЗ для дасягнення новай якасці ў адносінах з ЕЗ».
Меркавалася, што ў працы форуму возьмуць удзел кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей і яго намеснік Алена Купчына. Аднак афіцыйныя асобы суседняй краіны не з'явіліся на гэтым мерапрыемстве. Менавіта на гэта звярнуў увагу экс-міністр замежных спраў Славакіі, прадстаўнік Фонду Маршала Павал Дэмеш.
Зачытаўшы назву тэмы дыскусіі, ён заявіў: «Беларусь ніколі не была, не з'яўляецца і не будзе на шляху да «Усходняга партнёрства», пакуль прэзідэнтам гэтай краіны застаецца Лукашэнка».
Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь сярод іншых краін «Усходняга партнёрства» - адзіная не ўваходзіць у Раду Еўропы. Ён перакананы, што Лукашэнка не здольны змяніцца.
«Мы прыходзім у свет Лукашэнкі, які заснаваны на хлусні, і спрабуем спалучаць з нашай парадыгмай і нешта з гэтага атрымаць. (....) Мы можам сустракацца, гаварыць, разважаць, але гэта дзве несумяшчальныя рэальнасці», - казаў эксперт.
Паводле яго слоў, калі гаворка ідзе пра партнёрства, то трэба паводзіць сябе як партнёры, а Беларусь з самага пачатку не паводзіць сябе такім чынам. На яго думку, тое ж самае тычыцца размоў аб уцягванні Беларусі. З нагоды дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі Павал Дэмеш быў таксама катэгарычны - «няма ні дыялогу, ні мадэрнізацыі».
«Але мы ўвесь час паўтараем, называючы гэта дыялогам для мадэрнізацыі. Я не разумею гэтага, - прызнаўся ён. - (... ) Калі б спадар Макей сядзеў цяпер у гэтай зале, я б задаў яму пытанне: навошта вы паедзеце на саміт?»
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу быў рады таму, што форум адбываецца ў Вільні, параўнаўшы сталіцу Літвы з «гукаўзмацняльнай апаратурай, якая значна ўзмацняе голас па беларускай праблематыцы».
На яго думку, Беларусь не робіць рухаў у бок Усходняга партнёрства. Палітык прапанаваў перафармуляваць пытанне: што трэба зрабіць для таго, каб такі рух быў?
«У Беларусі ёсць попыт на «Усходняе партнёрства», - казаў апазіцыянер. - І калі ў гэтай зале сядзяць людзі, упэўненыя ў тым, што Лукашэнку нельга змяніць, то чаму ў нас такія праблемы з выпрацоўкай стратэгіі?».
Ён прапанаваў сваю стратэгію: «вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных, свабодныя сумленныя выбары».
«Я настойваю на суцэльнай прапанове, паколькі, калі мы пасля першай яе часткі паставім кропку, то вырашым праблему толькі сёння, яна абавязкова з'явіцца заўтра. Выхад адзін - сумленныя, свабодныя выбары», - сцвярджаў беларускі апазіцыянер.
«Спробу купіць квіток Макею» на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні Лябедзька назваў не самым удалым палітычным рашэннем.
«Калі выключэнне з правілаў становіцца мацней самога правіла, значыць, гэта дрэннае правіла. На мой погляд, такі спіс павінен быць жывой рэфлексіяй на тое, што адбываецца», - сказаў на заканчэнне ён.
«Лукашэнка апошнія гады дастаткова эфектыўна выкарыстоўваў палітыку маятніка паміж Усходам і Захадам, толькі год ад году поле для манеўру звужаецца», - сцвярджаў прадстаўнік беларускага руху «За свабоду!» Юрый Губарэвіч.
Паводле яго слоў, праз два гады можа адбыцца падпісанне пагаднення аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што стане кропкай невяртання для ўдзелу ў еўрапейскіх ініцыятывах. Ён назваў палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі неэфектыўнай і падкрэсліў, што пры Лукашэнку афіцыйны Менск не зацікаўлены ісці насустрач ЕЗ.
У сваю чаргу лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў нагадаў пра словы кіраўніка нямецка-беларускага таварыства Райнэра Лінднэра, сказаныя раней падчас адкрыцця канферэнцыі.
«Мы не можам праводзіць Менскі форум у Менску, калі нашы сябры сядзяць у турме. Я ўдзячны вам за вашы словы. Гэта не сімвалічны жэст, а вялікая падтрымка, гэта пасылае як сігналы салідарнасці, так і сігналы ўраду аб тым, што далёка не ўсё ў парадку», - казаў Андрэй Саннікаў.
Ён прызнаўся, што ў свой час скептычна паставіўся да з'яўлення «Усходняга партнёрства», паколькі для яго гэта «гучала як выклік Расеі і выглядала як геапалітычны план па супрацьстаянні Расеі на гэтых тэрыторыях».
«Непазбежна ЕЗ павінен быў сутыкнуцца з сітуацыяй, з якой ён сутыкнуўся сёння. (...) І мяне радуе, што Еўропа стала праяўляць салідарнасць, калі ідзе ціск на краіны «Усходняга партнёрства» - Грузію, Малдову, Украіну», - падкрэсліў палітык.
Што да Беларусі, то ён пагадзіўся са словамі Павала Дэмеша аб яе несумяшчальнасці пры Лукашэнку з «Усходнім партнёрствам».
Ён заўважыў, што «сёння Беларусь магла б падпісваць пагадненне, быць на саміце ў іншай якасці, і Менскі форум праходзіў бы ў Менску», аднак, як лічыць палітык, ЕЗ не выкарыстаў сваіх магчымасцяў для змены сітуацыі ў Беларусі.
«Мне здаецца, вельмі важна зразумець, чаму гэтага не адбылося. Важна зразумець, што можна было зрабіць, таму што я думаю, акно магчымасцяў з'явіцца, нягледзячы на ўсе складанасці», - рэзюмаваў Саннікаў.
Ён заклікаў прыйсці да агульнай роўніцы і выпрацаваць логіку паводзінаў: «Дыктатара немагчыма памяняць, трэба дзейнічаць па іншым плане».
«У агульных рысах - павінна быць жорсткая лінія ў дачыненні да дыктатара, і ўцягванне людзей у (еўрапейскае) грамадства шляхам вырашэння візавага пытання і адукацыйных праграм», - сцвярджаў Саннікаў.
Нагадаем, міжнародная канферэнцыя «Стратэгія будучай палітыкі ў дачыненні да Беларусі» праходзіла ў Вільні 28-29 кастрычніка.
Фота Павала Дэмеша, спецыяльна для charter97.org