Уладзімір Яроменак: Я пакуль на волі дзякуючы «Усходняму партнёрству»
2- 16.11.2013, 13:18
- 11,651
Былы палітвязень упэўнены, што яго адправяць у турму пасля саміту ў Вільні.
Прысуд удзельніку маладога фронту Уладзіміру Яроменку - 3 месяцы арышту за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду - уступіў у дзеянне з 12 лістапада. Актывіст распавёў «Радыё Свабода», чаму яго пакуль не адправілі за краты.
«Патэлефанаваў інспектару, а той сказаў, каб рыхтаваўся на канец лістапада. Маўляў, тады ў турму адправяць, не раней. Аб дакладным дні паведамяць дадаткова. Я гэта звязваю з самітам «Усходняга партнёрства», які павінен адбыцца ў Вільні ў канцы лістапада. Адназначна, што яны не хочуць павялічваць колькасць палітвязняў у гэты момант, а чаму яшчэ? Што буду рабіць? Як звычайна, жыццё працягваецца. Вось жонку буду рыхтаваць да чарговага выпрабавання», - сказаў ён.
У 2011 годзе Уладзіміра Яроменка асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Праз некалькі месяцаў ён выйшаў на волю паводле амністыі, але грамадскай дзейнасці не спыніў і неаднаразова затрымліваўся на акцыях салідарнасці з палітвязнямі.
Суд паставіў яго на прафілактычны нагляд міліцыі, тэрмін нагляду працягнулі. У жніўні Першамайскі суд прызнаў Уладзіміра Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў нагляду і асудзіў на тры месяцы арышту. Гарадскі суд гэты вырак пацвердзіў.