Украіна спыніла працэс падрыхтоўкі да падпісання пагаднення з ЕЗ
81- 21.11.2013, 16:25
- 92,164
Улады Украіны адмаўляюцца ад еўраінтэграцыі.
Кабмін Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі да падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ўрада краіны.
«Прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай, з аднаго боку, і Еўрапейскім Звязам, Еўрапейскай Супольнасцю па атамнай энергіі і іх дзяржавамі-удзельніцамі, з другога боку, і дзеянне рашэння Кабінета міністраў Украіны ад 18 верасня 2013 г. «Аб падрыхтоўцы да падпісання праекта Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай, з аднаго боку, і Еўрапейскім Звязам і яго дзяржавамі-удзельніцамі, з другога боку», - гаворыцца ў тэксце дакумента.
Пастанова апублікаваная на сайце ўкраінскага ўрада сёння днём.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч запэўніў, што краіна працягне ісці шляхам еўраінтэграцыі, піша «Корреспондент».
«Украіна ішла і далей будзе ісці шляхам еўраінтэграцыі», - сказаў ён у чацвер у Вене ў заяве для СМІ пасля сустрэчы з федэральным прэзідэнтам Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнсам Фішэрам.
Ён таксама высока ацаніў прыняцце ўкраінскім парламентам у чацвер яшчэ аднаго закона - аб выбарчым заканадаўстве, які набліжае Украіну да яе мэты.
«Мы сёння працягваем гэты шлях», - сказаў Януковіч.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Украіна за невялікі прамежак часу прайшла вельмі няпросты шлях у Еўропу і змагла аб'ектыўна ацаніць праведзеную працу. «Я перакананы, што нас гэта яшчэ больш натхняе ісці гэтым шляхам», - дадаў ён.
У той жа час Януковіч адзначыў, што, магчыма, на дадзеным этапе Украіна прайшла самы лёгкі адрэзак шляху. «Чым далей, тым больш перашкод, але нас гэта не палохае. У нас ёсць упэўненасць і перакананасць, што мы ідзем верным шляхам», - падкрэсліў ён.
Нагадаем, 28 - 29 лістапада ў Вільні адбудзецца саміт Еўрапейскага звяза. На ім чакалася падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай. Для гэтага Украіне заставалася прыняць некалькі законапраектаў і вырашыць пытанне зняволенага экс-прэм'ера Юліі Цімашэнка. У апошні час Кіеў дэманстраваў рашучасць на шляху да еўраінтэграцыі. Аднак 9 лістапада ў Расеі адбылася таемная сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Расіі Віктара Януковіча і Уладзіміра Пуціна адпаведна, змест якой застаецца невядомым. Пасля гэтага ўкраінская ўлада рэзка змяніла рыторыку.