Сейм Літвы правядзе слуханні па Беларусі
3- 25.11.2013, 15:39
- 12,434
27 лістапада, напярэдадні віленскага саміту «Усходняга партнёрства», у літоўскім парламенце пройдуць слуханні па Беларусі.
Арганізатарам мерапрыемства, падчас якога будзе абмяркоўвацца сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі, з'яўляецца камітэт замежных спраў Сейма пры ўдзеле Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (Літва) і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).
На слуханні запрошаныя былы палітвязень Павел Севярынец, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага Таццяна Рэвяка, старшыня РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна, Наталля Пінчук (жонка зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага), Вольга Завадская (маці зніклага тэлеаператара Змітра Завадскага), Марына Адамовіч (жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча), Марына Лобава (маці палітзняволенага моладзевага актывіста Эдуарда Лобава). Акрамя таго, запланаваны ўдзел прадстаўнікоў шэрагу беларускіх палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, піша bchd.info.
Па выніках слуханняў плануецца прыняць зварот да ўрада Беларусі, удзельнікамі саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада, і міжнародных праваабарончых арганізацый.
У праекце дакумента, тэкст якога размешчаны на сайце аргкамітэта БХД, падкрэсліваецца: «Абавязковай папярэдняй умовай для пачатку працэсу нармалізацыі адносінаў паміж ЕЗ і Беларуссю з'яўляецца вызваленне і рэабілітацыя ўсіх беларускіх палітычных зняволеных».
«У сувязі з гэтым мы хадайнічаем аб вызваленні з месцаў зняволення грамадзян Беларусі: Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча, Эдуарда Лобава, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі, Андрэя Гайдукова, Уладзіміра Яроменка. Мы хадайнічаем аб зняцці ўсіх накладзеных судом абмежаванняў і рэабілітацыі для кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 19 снежня 2010 года і членаў іх каманд, асуджаных пасля 19 снежня 2010 года, а таксама ўсіх асоб, чый судовы пераслед быў прызнаны міжнароднымі арганізацыямі палітычна матываваным пачынаючы з 1996 года», - гаворыцца ў праекце звароту.