Макей просіць адмяніць санкцыі
74- 29.11.2013, 16:10
- 52,861
Кіраўнік МЗС Беларусі заявіў, што «ў краіне няма ніякіх палітвязняў».
«У нас няма ніякіх палітвязняў», - заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні, піша БелаПАН.
«Тыя зняволеныя, якія сядзяць у турме, пакараныя за канкрэтныя крымінальныя злачынствы. У іншых краінах яны атрымалі б, напэўна, і большыя тэрміны», - сказаў Макей.
Паводле яго слоў, санкцыі, уведзеныя ЕЗ у дачыненні да Беларусі, павінны быць адмененыя. «Інакш ніякай размовы ў нас не атрымаецца, - заявіў кіраўнік МЗС Беларусі. - Павінен быць дыялог. І ў працэсе дыялогу павінны быць вырашаныя ўсе праблемы, якія сёння існуюць у нашых адносінах з ЕЗ».
Адказваючы на пытанне, ці гатовыя беларускія ўлады адпусціць палітвязняў у адказ на адмену санкцый, Макей заявіў: «З нагоды вызвалення палітвязняў - гэта пытанне не да Міністэрства замежных спраў, а да тых структур, якія прымалі адпаведнае рашэнне. У нас суды незалежныя, таму звяртайцеся да іх. Але я ўпэўнены, калі б гэтыя зняволеныя напісалі прашэнне аб памілаванні, то гэта прашэнне было б разгледжана і, магчыма, было б прынята станоўчае рашэнне».
Па словах Макея, выстаўленне ЕЗ папярэдніх умоў для пачатку перамоваў з Беларуссю «дрэнна ўплывае на атмасферу дыялогу».
«Я лічу, што дыялог павінен адбывацца пры любых абставінах. Ставіць нейкія ўмовы для пачатку дыялогу - абсалютна бессэнсоўная рэч. Лічу, што дыялог ці ёсць, ці яго няма. І весці яго трэба без выстаўлення якіх-небудзь умоваў», - падкрэсліў кіраўнік МЗС Беларусі.
Нагадаем, на дадзены момант у Беларусі больш за 10 палітвязняў.
Былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі з'яўляецца адным з арганізатараў жорсткага разгону і масавых арыштаў падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.