Батуру звольнілі без «працаўладкавання»? (Відэа)
192- 9.11.2013, 9:57
- 224,310
З афіцыйных крыніц знік загад Лукашэнкі адправіць Батуру на «Барысаўдрэў».
Разборка ў Барысаве больш за ўсё ўразіла нават не звальненнем першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэя Тура, а пераводам старшыні Менаблвыканкама Барыса Батуры на пасаду кіраўніка завода «Барысаўдрэў», піша «Салiдарнасць».
- Мы тут загубілі мільёны даляраў валюты, - кіпяціцца Лукашэнка. Паводле афіцыйных дадзеных, аб'ём інвестыцый, асвоеных агулам на рэалізацыю праекта, на 1 кастрычніка склаў 45,9 млн еўра.
Арганізацыйныя высновы рушылі ўслед неадкладна. Горш за ўсіх прыйшлося старшыні Менаблвыканкама.
- Батуру адхіліць ад займаемай пасады і накіраваць сюды (ААТ «Барысаўдрэў» - заўв.рэд.) Кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу ў дачыненні да яго. Калі ён тут не здолее да вясны - узбудзіць крымінальную справу,
Аднак з афіцыйнага паведамлення прэзідэнцкай прэс-службы гэты ўражлівы пасаж знік. Засталося толькі: «Кіраўнік дзяржавы прыняў пастанову аб вызваленні ад займаемай пасады губернатара Менскай вобласці Барыса Батуры».
Больш за тое, у больш позніх выпусках навінаў дзяржаўных тэлеканалаў Аляксандра Лукашэнку «абарвалі» на паўслове. Засталося толькі: «Батуру адхіліць ад займаемай пасады...»
Складваецца ўражанне, што Лукашэнка «сказаў, не падумаўшы». Падобна на тое, што постфактум пакаранне Батуру змякчылі, абмежаваўшыся звальненнем. А накіраванне ў «штрафбат» (на пасаду кіраўніка «Барысаўдрэва») адмянілі. Ці правільныя нашы высновы, стане вядома ўжо бліжэйшым часам.
Аднак у кожным выпадку ўражвае параліч існуючай сістэмы кіравання. Звярніце ўвагу, што вымавіў Батура ў адказ на прэтэнзіі ў свой адрас: «У мяне проста не дайшлі рукі». Але ж мадэрнізацыю прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці Лукашэнка аб'явіў адным з прыярытэтаў!
Раней праекты, якія знаходзіліся на асабістым кантролі ў кіраўніка, здаваліся ў тэрмін і з навядзеннем марафету да прыезду першай асобы. Цяпер усё праз пень-калоду: «Чыжоўка-арэна» пратэрмінаваная, станцыя метро «Малінаўка» добра, калі да лета запрацуе, на «Барысаўдрэве» чорт ведае што робіцца...
І чарговая паказальная лупцоўка мала што зменіць, паколькі праблема не ў тым, што чыноўнікі расслабіліся. Яны і самі рады б выканаць даручэнні Лукашэнкі, каб засцерагчы сябе ад найвышэйшага гневу. Але нават дасведчаны Батура, далёка не горшы з кіраўнікоў абласцей, апынуўся не ў стане ажыццявіць пастаўленыя задачы.
Прычына ў тым, што патэнцыял цяперашняй эканамічнай мадэлі папросту вычарпаны. Яе ціхую агонію ўжо не спыніш ні публічнымі разносамі, ні крымінальнымі справамі.