16 лiстапада 2024, Субота, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Лукашэнка таксама спачатку кідаўся паміж ЕЗ і Расеяй

6
Павел Севярынец: Лукашэнка таксама спачатку кідаўся паміж ЕЗ і Расеяй

Януковіч ужо даўно вызначыўся з выбарам на карысць Масквы, але спрабуе гуляць на публіку.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), былы палітвязень Павел Севярынец, каментуючы апошнія падзеі ва Украіне.

«Януковіч ідзе шляхам Лукашэнкі, спрабуе пабудаваць ва Украіне аўтарытарны рэжым і яго ў гэтым, натуральна, падтрымлівае Крэмль. І тое, што ва Украіне зараз усё ж такі больш свабоды, нацыянальнай свядомасці, веры і духу, дае магчымасць адстаяць нейкія пляцоўкі і кавалкі гэтай свабоды. Рана ці позна свабода ўсё роўна пераможа. Магчыма, раней ва Украіне, пазней у Беларусі, але гэта будзе хутчэй, чым мы чакаем», - перакананы палітык.

Сустаршыня БХД упэўнены, што Януковіч ужо даўно вызначыўся з выбарам на карысць Масквы, але яму «і хочацца, і колецца».

«Бо Лукашэнка таксама спачатку кідаўся паміж Еўропай і Расеяй. Калі мы возьмем сярэдзіну 1990-х гадоў, то ўбачым практычна ўсе тыя ж самыя рухі цела. Нам гэта проста ўжо знаёма амаль 20 гадоў. Адзінае адрозненне ў тым, што ціск Крамля на Менск быў больш, а супраціў людзей слабей. Таму Януковіч таксама хацеў бы бескантрольна распараджацца ўладай і багаццямі Украіны, але ёсць інтарэсы алігархаў і заходніх карпарацый, якія паспелі ўкласціся ва Украіну, у рэшце рэшт, ёсць украінскі народ, а гэта самае галоўнае. У Беларусі таксама ёсць і народ, і пэўныя інтарэсы Еўропы, але рэжым у нас даўжэй і мацней. Але гэта не азначае, што ён вечны. Гэта значыць, што ў свой час, калі ён будзе разбурацца, мы здзівімся больш і, магчыма, аднаўляцца прыйдзецца даўжэй», - падсумаваў Павел Севярынец.

Нагадаем, пазаўчора ноччу байцы «Беркута» паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на Крэшчаціку і зачысціць Еўрамайдан, аднак пасля аказанага жорсткага супраціву вымушаныя былі адступіць.

Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі пратэстоўцаў. Камунальнікі ўвесь дзень працягнулі разбор барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў прасунуцца не змаглі.

Увечары таго ж дня прэзідэнт Украіны прапанаваў апазіцыі ўзяць удзел у «агульнанацыянальным дыялогу».

На дадзены момант Майдан Незалежнасці нагадвае сапраўдную снежную крэпасць. Некаторыя барыкады дасягаюць у вышыню 5 метраў. На барыкадах стаяць вартавыя, якія назіраюць, ці не набліжаюцца сілавікі. З прычыны пацяплення і замаразкаў снег у мяшках, з якіх складаюцца барыкады, змерзся і ператварыўся ў лёд, то ёсць фактычна ў суцэльны камень. Людзі запэўнілі, што маюць намер стаяць тут і да Калядаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках