15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі Майдана: Нас аб'ядноўвае тое, што мы верым у цуд

2

Ужо месяц на Майдане Незалежнасці ў Кіеве збіраюцца актывісты з усіх абласцей Украіны.

Спачатку на галоўную плошчу сталіцы выйшлі студэнты, патрабавалі ад прэзідэнта падпісання Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам. Пасля сілавога разгону мітынгоўцаў спецпадраздзяленнямі, на вуліцы выйшла больш за мільён чалавек. Да моладзі далучыліся людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту.

Зараз на Майдане жывуць сотні мітынгоўцаў. Яны паставілі там свае палаткі і барыкады. Патрабуюць адстаўкі ўрада і прэзідэнта, піша Gazeta.ua.

«Як толькі даведаўся, што Януковіч не падпісаў асацыяцыі з Еўразвязам, адразу купіў сцяг і прыехаў у Кіеў, зразумеў, што хопіць маўчаць, - распавядае Уладзіслаў Загародні з Чэркас. 29 лістапада ён прыехаў у Кіеў. Дома пакінуў на жонку дзвюх дачок, малодшай 5 месяцаў. - Кіраўніцтва на працы з разуменнем паставілася да майго грамадзянскага абавязку. Падтрымала і прыкрыла у патрэбны момант».

Уладзіслаў за ўвесь перыяд дзеяння Еўрамайдана прыязджаў у Кіеў тройчы.

«Упершыню прыбыў за некалькі гадзін да жорсткага разгону актывістаў. Калі прыехаў другі раз, начаваў на Майдане, дзяжурыў там ноччу на пасту. Трэці раз прыехаў, каб дапамагчы майданаўцам адбіць атаку спецатрада, якія сціскалі Майдан у кола. Тут, у Кіеве, я зразумеў адно - мы, украінцы, розныя, але нас аб'ядноўвае тое, што мы верым у цуд. Будзем стаяць на Майдане да канца, іншага выйсця няма», - кажа Загародні.

Больш за два тыдні жыве ў намёце на Крэшчаціку адэсіт Юрый Лызлоў.

«Я працую машыністам цягніка. Два тыдні ў мяне працоўныя, наступныя два - выходныя. Вось у свае выходныя я і прыехаў на Майдан, - распавядае мужчына. Ён родам з Мікалаева. - Я тут не для таго, каб падтрымліваць палітыкаў, а адстойваю сваё меркаванне. Мне надакучыла, што ўлада пастаянна цягне Украіну ў Расею, што давяла народ да галечы. Праз яе маладыя людзі, якія сумленна працуюць цэлымі днямі, не маюць сродкаў не толькі для набыцця жылля, але і нават для вяселля. Я, напрыклад, працую за 4000 грыўняў у месяц. Дзве з іх трачу на здымнае жыллё, а на астатнія хіба пражывеш нармальна? Я ўпэўнены, што сваімі мірнымі пратэстамі мы даможамся таго, за што змагаемся».

Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны пачаліся 21 лістапада пасля абвяшчэння урадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, якое планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Улады краіны некалькі разоў спрабавалі спыніць іх сілавымі метадамі, зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад намётаў і актывістаў апазіцыі. Тым не менш, людзі застаюцца ў цэнтры Кіева, а акцыі працягваюцца ўжо другі месяц.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках