Дэпутаты выходзяць з партыі Януковіча
12- 21.12.2013, 16:20
- 52,941
60 дэпутатаў хочуць пакінуць праўладную Партыю рэгіёнаў Украіны.
Пра гэта заявіла пазафракцыйная дэпутатка Іна Багаслоўская, паведамляе ўкраінская служба «Радыё Свабода».
«Ёсць мінімум 60 чалавек, якія хочуць выйсці з фракцыі, і якім пагражаюць з раніцы да ночы», - распавяла яна.
З ейных слоў, яе муж Уладзімір Мельнічэнка заявіў аб выхадзе з фракцыі Партыі рэгіёнаў раней за яе ў той жа дзень, 30 лістапада, але «тэхнічна яму далі магчымасць гэта зрабіць» толькі 20 снежня.
«Я проста гэта зрабіла вельмі імкліва і хутка, я - публічная асоба, таму цяжэй са мною гаварыць. І ўсе ведаюць, што я не прамаўчу. А Валодзя - ён упершыню дэпутат Вярхоўнай Рады, ён быў дэпутатам раённага, гарадскога, абласнога саветаў, а цяпер тут. І яму проста зрабілі такое, што ўсе, хто з ім звязаны сяброўствам, адносінамі, працай - усім гэтым людзям пагражалі. І яго прасілі «Валодзя, нешта зрабі, бо нас, цябе і Іну знішчаць», - адзначыла Багаслоўская.
З ейных слоў, гэтыя людзі маюць патрэбу ў абароне ад «знішчальнай машыны».
«Я прасіла і апазіцыйных лідараў, і ўсіх, хто зацікаўлены ў дэмакратыі Украіны, максімальна заявіць пра тое, што тыя людзі, якія пастановяць аб выхадзе з фракцыі і аб стварэнні новай праеўрапейскай большасці ва Украіне, што гэтыя людзі атрымаюць абарону. Вельмі цяжка аднаму ісці супраць такой машыны», - падкрэсліла яна.
«Праваабарончыя арганізацыі таксама павінны дапамагчы гэтым людзям, каб яны не думалі, што яны выйдуць і застануцца сам-насам з гэтай знішчальнай машынай, якая ім пагражае», - дадала Багаслоўская.
Разам з тым яна заявіла, што ўлады маюць намер падчас святаў «зачысціць краіну і арыштаваць 5 народных дэпутатаў».
«Я ведаю пра планы арыштаваць, нягледзячы на мандаты, 5 народных дэпутатаў. Я аб гэтых планах паведаміла апазіцыі і прасіла, каб яны думалі, як да гэтага рыхтавацца», - адзначыла Багаслоўская.
Нагадаем, акрамя Багаслоўскай і Мельнічэнкі, з фракцыі Партыі рэгіёнаў выйшаў Давід Жванія. Заяву пра гэта ён зрабіў 30 лістапада, патлумачыўшы свае дзеянні пратэстам супраць адмовы падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ і разгонам мірных дэманстрантаў на сталічным Еўрамайдане.
Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны пачаліся 21 лістапада пасля аб'явы ўрадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, якое планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Улады краіны некалькі разоў спрабавалі спыніць іх сілавымі метадамі, зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад намётаў і актывістаў апазіцыі. Але людзі застаюцца ў цэнтры Кіева, а акцыі працягваюцца ўжо другі месяц.
Фота: dw.de