Байцам «Беркута» далі па $500 прэміі за разгон Еўрамайдана
70- 4.12.2013, 15:27
- 38,086
Украінскія ўлады шчодра аддзячылі сілавікоў за начны разгон Еўрамайдана 30 лістапада.
Былыя кіраўнікі спецпадраздзяленняў «Беркут» прапаноўваюць ураду «не пераацэньваць свае сілы» ў пытанні разгону дэманстрантаў. Пра гэта заявіў журналістам першы кіраўнік «Беркута» ў Івана-Франкоўскай вобласці Андрэй Гайдай, інфармуе сайт censor.net.ua.
«Нас здзівілі словы прэм'ер-міністра, які сказаў, што ім трэба 10 хвілін, каб вызваліць Кабмін. Хай ён не пераацэньвае свае сілы», - адзначыў ён.
Акрамя таго, крыніцы «Украинской правды» паведамляюць, што цяпер «Беркут» атрымаў каманду перадыслакавацца і не ўжываць сілу.
«Яны знаходзяцца тут непадалёк, аднак сілу прымяняць не будуць, таму што на вуліцах занадта вялікая колькасць людзей», - сказаў суразмоўца.
Ён таксама дадаў, што байцы атрадаў «Беркута», якія разганялі 30 лістапада ноччу Еўрамайдан, атрымалі па 500 даляраў прэміі кожны.
Нагадаем, 30 лістапада «Беркут» з ужываннем сілы разагнаў Еўрамайдан у Кіеве. Па словах відавочцаў, каля 4 раніцы байцы спецпадраздзялення штурмавалі мітынгоўцаў, якія праводзілі акцыю ў падтрымку еўраінтэграцыі Украіны. На відэазапісах, агучаных у інтэрнэце, відаць, як байцы «Беркута» адціскаюць людзей ад манумента Незалежнасці, пры гэтым збіваючы іх дубінкамі. Кагосьці працягвалі біць нават пасля таго, як ён упаў.
На кадрах таксама відаць людзей з акрываўленымі тварамі.
Фота: klichko.org