15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Цяпер уся Беларусь сочыць за падзеямі ў Кіеве

7
Мечыслаў Грыб: Цяпер уся Беларусь сочыць за падзеямі ў Кіеве

Украінцы не хочуць у Мытны саюз, перакананы палітык.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб лічыць, што падзеі ва Украіне маюць непасрэдную сувязь з тым, што адбываецца ў Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

«Уся Беларусь сочыць за тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца ва Украіне. Што там з гэтага атрымаецца, цяжка сказаць. Але неяк усё ўтрасецца, супакоіцца і ўсе застануцца на сваіх месцах і пасадах. Я не думаю, што там будзе нейкі цяжкі пераслед тых, хто быў на Майдане. Гэта неяк спусцяць на тармазах, зробяць незаўважным для ўлады. І людзі трохі супакояцца, бачачы, што нічога не атрымаецца. Але гэта будзе часова.

Самы галоўны вынік - народ Украіны паказаў, што ён не згодны ісці на Усход. І разлік кіраўніцтва Расеі на тое, што яму ўдалося схіліць на свой бок урад Украіны, нічога не дае. Бо калі людзі так актыўна выйшлі на Майдан з-за таго, што ўрад адмовіўся падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам, то можна прадбачыць, як людзі адрэагуюць, калі гэты ўрад падпіша пагадненне аб Мытным саюзе. Гэта ж стала немагчыма. Таму ўзнікае пытанне, а навошта тады гэта было трэба Расеі? Там не было ніякай перамогі, Украіна не пойдзе на Усход», - кажа Мечыслаў Грыб.

Палітык заявіў, што беларускія ўлады таксама павінны атрымаць урок з таго, што зараз адбываецца ва Украіне.

«Будуць ці не будуць ўлады Беларусі каментаваць гэтыя падзеі... Магчыма, нават і не будуць. Але ўрок для іх таксама ёсць: да людзей трэба прыслухоўвацца. І не трэба іх проста так браць і ламаць праз калена, як гэта спрабавалі зрабіць ва Украіне», - заявіў ён.

Нагадаем, 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Па медыцынскую дапамогу звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.

Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.

1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек.

Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.

Учора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках