Больш за 10 актывістаў Еўрамайдана зніклі без вестак
8- 4.12.2013, 18:00
- 19,436
Украінская апазіцыя патрабуе ад Генпракуратуры агучыць прозвішчы ўсіх арыштаваных і зніклых без вестак актывістаў.
Невядомы лёс 10 чалавек. Пра гэта заявіў лідар парламенцкай фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцанюк, піша «Карэспандэнт».
«Мы звяртаемся да генеральнага пракурора Украіны неадкладна даць справаздачу аб колькасці арыштаваных, колькасці затрыманых, аб колькасці людзей, якія цяпер знаходзіцца ў шпіталях і пра тое, колькі за апошнія два тыдні было ва Украіне гвалтоўных смерцяў. Гэта - афіцыйны зварот», - заявіў Яцанюк на брыфінгу ў Кіеве ў сераду.
У сваю чаргу лідар ВА «Свабода» Алег Цягнібок, заявіў, што ў гэты час невядомы лёс «больш за 10 актывістаў еўрамайдана». Са слоў Цягнібока, улада зацікаўленая ў тым, каб на акцыях у Кіеве былі трупы. Лідар «Свабоды» адзначыў, што сённяшняя заява народнага дэпутата ад фракцыі Партыі рэгіёнаў Уладзіміра Алейніка - сведчанне гэтага.
«Улада вуснамі Алейніка агучыла свой бандыцкі план», - мяркуе ён.
Таксама лідар «Свабоды» заявіў, што ёсць інфармацыя аб тым, што ўлада мае намер працягнуць сілавы сцэнар.
У сваю чаргу ў ГУМВД Украіны заяўляюць, што ім не паступала заяў аб знікненні людзей, якія бяруць удзел у акцыях у цэнтры Кіева.
«У міліцыі Кіева няма афіцыйных зваротаў з нагоды знікнення без вестак людзей на майдане», - паведамілі ў прэс-службе сталічнай міліцыі ў сераду.
Нагадаем, 30 лістапада, блізу 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць не падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. За медыцынскай дапамогай звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.
Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек.
Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавая ля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Учора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.