15 лiстапада 2024, Пятніца, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецназ абараняе Еўрамайдан ад «Беркута»

58
Спецназ абараняе Еўрамайдан ад «Беркута»

На Еўрамайдане дзяжураць былыя вайскоўцы-спецназаўцы і «афганцы».

Некаторыя нават ваявалі ў Чачні. Пра гэта паведаміў камендант Пётр, які прадставіўся дзейсным вайсковым капітанам з Севастопаля. Ён адзначыў, што знаходзіцца ў Кіеве ў адпачынку. Паводле яго слоў, сярод абаронцаў Майдана ўжо складзены дакладны план на выпадак агрэсіі з боку праваахоўнікаў, піша «Сегодня».

«Арганізацыя такая: у нас ёсць 4 групы. Першая - абарончая. Яе затуляе і наносіць удар другая, якая павінна забяспечваць адэкватны адказ, калі «Беркут» пяройдзе да рашучых дзеянняў», - распавёў ён.

«Трэцяя адказвае за бяспеку ўмоўнага цэнтра. Чацвёртая група павінна выступіць у выпадку прарыву. Яны павінны з усіх флангаў заціснуць «Беркут» у кола. Гэтая група складаецца з некалькіх тысяч чалавек. У нас усё разлічана, на працягу 50 хвілін усе займаюць свае пазіцыі», - запэўніў камендант Еўрамайдана.

Па словах аднаго з вайскоўцаў, да актыўнага ўдзелу ў акцыі яго заахвоціў убачаны разгон «Беркутам» студэнтаў з Майдана. «Прыехаў адпачыць, выйшлі з сябрам паглядзець на Майдан і трапілі менавіта ў эпіцэнтр таго, што адбывалася ў ноч на суботу. Мы бачылі, як «Беркут» атачыў людзей і біў. Затым да раніцы мы з яшчэ адным сябрам збіралі людзей каля Міхайлаўскай», - кажа мітынговец.

«Маіх - чалавек 500, а ў прынцыпе некалькі тысяч. Мы пастаянна ў баявой форме, у нас праходзяць агляды, трэніроўкі. Пасля таго, што я ўбачыў у ноч з пятніцы на суботу, я звярнуўся да сваіх сяброў, людзі адгукнуліся. Ахоўваць павінны тыя, хто ведае і мае вопыт. Мы адкрытыя да любой дапамогі», - кажа вайсковец.

Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Па медыцынскую дапамогу звярнуліся 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.

Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.

1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.

Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках